Такім чынам, з хмараў вульканічнага попелу, якія блукалі над Беларусьсю, насуперак спадзевам блогера zhozh, зьявілася зусім ня Мэры Попінс, а мала падобны да “deus ex machina” спадар Бакіеў. Ну, ня цмок трохгаловы, і на тым дзякуй. Затое ў беларускіх блогераў ізноў ёсьць тэма для размоваў, у мяне ж, адпаведна, для агляду. Дзякуй вам, што заляцелі, Курманбек Саліевіч! Яшчэ больш радыя кіргіскія блогеры. Як паведамляе zigeunerin_kgz, яны арганізавалі флэш-моб “Няхай Бакіеў застаецца ў Менску!”, заклікаючы дасылаць лісты на адрас press@president.gov.by з тлумачэньнем прычынаў, чаму Бакіеву ня месца ў Кіргізстане.
У ВАС БАКАСА, У НАС БАКІЕЎ
Беларускія блогеры ня сталі ініцыяваць контра-флэш-моб пад заклікам “Забірайце назад свайго Бакіева!”, хаця ягонаму зьяўленьню былі радыя далёка ня ўсе:
(Апытанка праводзілася ў суполцы by_politics)
Ствараючы гэтую апытанку, для першага варыянту адказу, які меў найбольшую папулярнасьць, я выкарыстаў ужо ходкі на той момант штамп. Пасьля таго, як да нас прыляцеў Бакіеў, сям-там пачалі гучаць незадаволеныя рэплікі: маўляў, Беларусь ператвараецца ў рэзэрвацыю, санаторыю або запаведнік дыктатараў.
«Падабаецца, як людзі ўпэўнена адказваюць: "Ганьба! Беларусь – не запаведнік дыктатараў". Цікава, ці шмат зь іх знойдзе Кіргізію на мапе і, тым больш, раскажа, чаму менавіта Бакіеў быў дыктатарам», – зьедліва пракамэнтаваў вынікі апытанкі true_hans.
«Гы. Калі грузіны зрынуць рэжым Саакашвілі, яго тут жа пачнуць лічыць дыктатарам», – дадаў fox_unexisted.
Курманбека Бакіева, вядома, не назавеш «бездакорным дэмакратам» (гэтак ахарактарызаваў быў Гергард Шрэдэр Уладзімера Пуціна), але і на паўнавартаснага дыктатара ён ня цягне. Прынамсі, на фоне цэнтральнаафрыканскага імпэратара-людажэра Бакасы, якога згадвае guralyuk, Бакіеў сапраўды блякне.
Людажэра ў літаральным сэнсе – ён еў людзей, і ня толькі палітычных апанэнтаў. Кажуць, што ўрэшце Бакаса перасыціўся проста чалавечынай і пачаў калекцыянаваць свае ўражаньні ад паяданьня прадстаўнікоў розных прафэсіяў. Адзіныя ў краіне навуковец-матэматык і доктар-стаматоляг скончылі сваё жыцьцё на апрацоўчых сталах палацавай кухні. Такая ж доля спасьцігла пераможніцу першага ў краіне конкурсу прыгажосьці.
У апошні год свайго кіраваньня Бакаса выдаў указ аб нашэньні школьнай формы. Паколькі рэдкія сем'і маглі дазволіць сабе такую раскошу, гэта выклікала масавыя пратэсты, у якіх узялі ўдзел школьнікі і студэнты. Імпэратар асабіста заняўся тым, каб даць ім “добры ўрок”, забіўшы больш за сотню дзяцей, схопленых і прывезеных у турму. Вось як апісвалі францускія журналісты яшчэ адзін імпэратарскі “ўрок”: «Каля трыццаці дзяцей прывезеныя ў грузавіку ў двор ягонага палацу... Іх прымусілі легчы на зямлю, і п'яны Бакаса загадаў шафёру праехаць па гэтым жывым дыване. Шафёр адмовіўся, і імпэратар сам сеў за стырно. Ён езьдзіў на грузавіку ўзад і наперад, пакуль ня змоўк апошні крык».
«Крывавы дыктатар» Курманбек Бакіеў, вядома, і побач не стаяў, што называецца...
Дык вось, гэты імпэратар-людажэр пасьля перавароту ў ягонай краіне жыў-пажываў у замку каля Парыжу цягам шасьці гадоў (з 1980-га да 1986-га), аж пакуль не занудзіўся і вырашыў вярнуцца на радзіму. Да свайго зьвяржэньня рэжым Бакасы карыстаўся падтрымкай францускага ўраду на чале з Валеры Жыскар д'Эстэнам, якому Бакаса даваў выгадныя ўмовы распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў, у прыватнасьці ўрану, неабходнага для францускай праграмы атамнай зброі. У 1975 годзе Жыскар абвясьціў Бакасу сваім “сябрам” і “чальцом сям'і”.
І дагэтуль жыве ў францускай Рывіеры гаіцянскі дыктатар Жан-Клёд Дзювалье, які зьбег туды пасьля перавароту, прыхапіўшы з сабой каля 800 мільёнаў даляраў. Частка гэтых грошай захоўваецца ў швайцарскіх банках. Гаіцянскія ўлады патрабавалі іх вяртаньня ў нацыянальную казну, але атрымалі адмову. Цікава, што пастанова Фэдэральнага трыбуналу Швайцарыі пра адмову ў перадачы грошай датаваная 12 студзеня 2010 году – гэта было за дзень да разбуральнага землятрусу на Гаіці...
Карацей, Лукашэнка, прымаючы ў сябе Бакіева, нібыта дзейнічае ў адпаведнасьці з сусьветнымі стандартамі. Менавіта на гэта і намякае guralyuk. Адзінае, што пра тыя сусьветныя стандарты ў нас раптам згадваюць толькі тады, калі ўзьнікае патрэба апраўдаць уласныя, скажам так, спрэчныя ўчынкі. Паводле прынцыпу: “А ў вас нэграў лінчуюць!”.
Мы навучыліся быць такімі ж кепскімі, як усе навокал – вось што азначае праведзеная блогерам паралель. Ня богведама якое дасягненьне, калі падумаць.
Беларускія прапагандысты спрабуюць захаваць добрую міну пры дрэннай гульні. Гэтак, супрацоўнік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзыдэнта wasilkov піша:
«А. Р. Лукашэнка пацьвердзіў нязьменнасьць маральнага імпэратыву ўласнай палітыкі. Бо неяк відавочна не па-мужчынску публічна вінаваціць у "карупцыі, кланавасьці і сямейнасьці" калегу, зь якім, напрыклад, яшчэ ў сьнежні сустракаўся "бяз гальштукаў" у прыгарадзе Алма-Аты».
Аднак зацятыя ідэалягічныя прыхільнікі “Бацькі”, якія жывуць пераважна ў Расеі, засталіся вельмі незадаволеныя:
«Да гэтага моманту бацька быў для мяне практычна фэтышам у тым сэнсе, што паводзіў сябе разумна. Амаль заўжды. Схаваўшы злодзея ад пацярпелых, ваўкалака ад тых, у каго ён кроў піў, Лукашэнка абрынуўся з пастамэнту і ператварыўся ў галяктычны пыл для мяне. Да таго ж, ён Бакіева актыўна адмазваць пачаў, а гэта ўжо робіць яго суўдзельнікам і дурнем. Нішто і ніколі ўжо ня зможа вярнуць яму былы глянец і аўтарытэт. Нават калі ён абвесьціць вайну ЗША і пераможа, а потым як джэнтэльмэн верне ім незалежнасьць. Усё. Мінус стопіцот. І ня бацька ты болей, а так...» - скрушна гаворыць goikodmitrich.
ХЛОПЧЫКУ КОЛЮ НЕ БЫЛО З КІМ ГУЛЯЦЬ
Якімі матывамі кіраваўся беларускі прэзыдэнт, вырашаючы даць прытулак зрынутаму кіргіскаму калегу? На думку блогераў, ён перадусім прымяраў на сябе ягоную шкуру:
(Апытанка праводзілася паралельна ў суполцы by_politics і ў блогу budimir)
Блогер ermig склаў прынагодны верш:
«Если ты был самым главным,
Но тебе не повезло –
Революция случилась
В твоём царстве, как назло.
Если жгут твои портреты
И грозят привлечь к суду,
Заморозить миллионы,
Что хранятся на счету...
То не надо огорчаться
И напрасно слёзы лить,
Нужно только Беларусь вам
Поскорее посетить!
Всем диктаторам тут бывшим
Лукашенко даст приют...
Может быть, настанет время –
И ему приют дадут?»
А shlahcic па-гаспадарску прапануе манэтызаваць гэты пачын:
«Ужо можна пачынаць будаваць пад Менскам мястэчка для "дрэнных хлопцаў". Уваходны квіток пад "дах бацькі" ад 1 да 10 ядраў, у залежнасьці ад магчымасьцяў кліента. Для сяброў будуць дадзеныя зьніжкі, таксама зьніжка даецца тым, у каго ёсьць пазашлюбныя дзеці і палюбоўніцы. Калі што, можна і Пуціну даць прытулак за падвойную плату, бо ён будзе не адзін, а з ручным Мядзьведам. Дваццаць дрэнных хлопцаў – патэнцыйныя кліенты. Вось такі бізнэс-плян можна сапраўды прагнаць. Нічога асабіста, проста бізнэс такі».
Тым больш ёсьць гістарычны прыклад падобнага прытулку. Прынамсі, у гісторыі літаратуры:
«У сьнежні, калі ў карыбскіх краінах настае вясна, ён уздымаўся ў карэце па сэрпантыне горнай дарогі да самотнага, збудаванага на вяршыні самай высокай гары будынку прытулку, дзе бавіў іншы адвячорак, гуляючы ў даміно з былымі дыктатарамі розных краін кантынэнту, са зрынутымі бацькамі розных айчынаў, з тымі, каму ён шмат гадоў назад даў палітычнае сховішча; яны старыліся пад шатамі яго міласьцівай гасьціннасьці, гэтыя балбатлівыя жывыя мерцьвякі, якія сядзяць у крэслах на тэрасе прытулку з адстароненым выглядам, занураныя ў ілюзорныя летуценьні пра нейкі карабель, які аднойчы прыплыве па іх, адкрываючы магчымасьць вярнуцца да ўлады» (Габрыель Гарсія Маркес, «Восень патрыярха»).
Блогер ewgenr знайшоў паралель у гісторыі ВКЛ:
«5 пункт – гэта як у Вітаўта з Тахтамышам? Выдадуць Бакіеву Ліду ў кармленьне, пару вёсачак... :)»
Сярэднявечны матыў падхапіў revanshist:
«Можа, хто-небудзь пазычыць дзіду? Хачу запісацца ў дружыну і ісьці садзіць на трон законнага хана. Па законах жанру сытуацыя павінна разьвівацца неяк так. Беларускі салдат яшчэ памые анучы ў Ісык-кулі».
Блогер druving лічыць зьяўленьне Бакіева ў Менску «сымбалічным актам»:
«Зьяўленьне Курманбека Бакіева ў Менску – акт хутчэй сымбалічны, чым палітычны. Сустрэліся антаганізмы – рэвалюцыя і рэакцыя. Ад самага свайго зьяўленьня ў 1991 годзе наша краіна была аплотам стабільнасьці на постсавецкай прасторы: па вялікім рахунку, нас не закранулі войны, рэвалюцыі, крымінальныя разборкі ды іншыя зьявы, што захлынулі суседзяў. Беларусь неяк заўжды заставалася ўбаку ад падзеяў. Пакуль іншыя ваявалі, здабывалі незалежнасьць, рабілі рэвалюцыі, беларусы сеялі бульбу. Цяперака Бакіева прымаюць ў Менску, каб ні ў кога не заставалася сумневаў: Беларусь ня толькі не прымае рэвалюцыяў, але будзе ўсяляк падтрымліваць зрынутых імі лідэраў».
Аднак найбольш цікавы варыянт, як на мой густ, прапанаваў mend0za2:
«Не хапае самай праўдападобнай вэрсіі: Бакіеў прывёз двух пазашлюбных дзяцей-дашкольнікаў. Хлопчыку Колю не было з кім гуляць. Звычайныя дзеці не дастойныя быць побач з спадчыньнікам сонцападобнага».
НА ШТО МОЖНА АБМЯНЯЦЬ БАКІЕВА?
Пакінуўшы няўдзячнае поле ўнутранай беларускай палітыкі, lipkovich вырашыў заняцца сумнеўнымі міжнароднымі гешэфтамі:
Беларускія блогеры, як бачыце, не паддаліся на правакацыю. Жыве беларуска-кіргіскае братэрства! :-)
БАКІЕЎ ЯК БУРАВЕСЬНІК РЭВАЛЮЦЫІ
Блогер spiritus_dream – у адпаведнасьці з сваёй мянушкай – лунае ў сьпірытычных летуценьнях:
«Калі да гэтай пары адзінае, што магло пагражаць Аляксандру Рыгоравічу, гэта лякальныя абурэньні "знутры" – тое, з чым больш за 130-тысячнае войска павыкормліваных "ахоўнікау правапарадку", узброеных, надзеленых абсалютнай беспакаранасьцю, магло цалкам справіцца, то цяпер "беларускаму стырніку" пагражае відавочная рэвалюцыя "па-бішкецку". І гэтую рэвалюцыю на хвасьце свайго самалёта прывёз ня хто іншы, як субрат-Бакіеў...
У народу Беларусі зьяўляецца рэальны саюзьнік. Саюзьнік масавы, арганізаваны, адухоўлены нядаўнім зьвяржэньнем свайго "калгаснага лідэра", і, што самае немалаважнае, – нядрэнна ўзброены. Лукашэнка сам правакуе экспарт кіргіскай рэвалюцыі ў беларускія "палестыны". Так што – "усё, што ні робіцца, усё да лепшага...” Кіргізы? Дзе вы? Сардэчна запрашаем! Салям! (ці як там у вас?)»
Тады як праціўнік бессэнсоўных і бязьлітасных бунтаў Ігар Драко, ужо вядомы вам з цытаванага раней ліста «Сыходзьце, Аляксандар Рыгоравіч, нудна з вамі», працягвае цярпліва ўгаворваць Аляксандра Рыгоравіча, каб ён пакінуў свой пост. Калі казаць пра рэвалюцыю, мэтад Ігара Драко падаецца сапраўды рэвалюцыйным. Не сілавы (у нашых умовах правільней казаць пра бясьсільны) ціск, а беларускія народныя шаманскія галашэньні, замовы, прыгаворы. І вось прылёт Бакіева робіцца нагодай для чарговага камланьня тысячаў на дзесяць знакаў пад загалоўкам «Прызнаньне кіргіза-беларуса», сэнс якога ўсё той жа: «Сыходзьце, Аляксандар Рыгоравіч».
Вось што Ігар падразумявае пад гэтым палітычным кентаўрам – кіргіза-беларусам:
«Кіргіз я таму, што больш не хачу бачыць ва ўладзе клан Лукашэнкі і ў будучыні ніякі іншы клан таксама. А беларус я таму, што не хачу, каб такое звычайнае для сучаснай Эўропы мерапрыемства, як пераход улады ад аднаго прэзыдэнта да іншага, каштавала хаця б аднаго чалавечага жыцьця».
У БЕЛАРУСІ ЦЯПЕР ДВА ПРЭЗЫДЭНТЫ
Але ж цікавая вымалёўваецца калізія. Колькі гадоў нас прывучалі да думкі, што прэзыдэнт у Беларусі адзіны і непадзельны і не існуе іншых прэзыдэнтаў на падведамнай яму тэрыторыі. Бакіеў жа, ён хаця і кіргіскі, усё-ткі прэзыдэнт, прызнаны Лукашэнкам за дзейнага... Блогер ljoksa распавядае ў суполцы overheard_by:«Пачуў на працы з нагоды прыезду сямейства Бакіевых у Беларусь: "Дык што, у нас у Беларусі цяпер два прэзыдэнты?!"»
Гэтае нечаканае памнажэньне прэзыдэнтаў, відавочна, троху бянтэжыць паспаліты люд, выклікаючы кагнітыўны дысананс і высейваючы насеньне сумневу: ці насамрэч прэзыдэнт можа быць толькі адзіны і непадзельны?