Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чым даражэйшыя будуць нафта і газ, тым больш нашы міністры будуць гаварыць па-беларуску”


Алег Трусаў
Алег Трусаў

У першы дзень веснавой сэсіі Палаты прадстаўнікоў старшыня Памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі зрабіў свой даклад па-беларуску. Як заявіў Рачкоўскі, у Памежным камітэце імкнуцца падпісваць дакумэнты на беларускай мове. Ці можна сказаць, што ў дзяржаўных структурах мяняецца стаўленьне да беларускай мовы? Чым гэта можна патлумачыць? Чаму, ідучы на пэўную «беларусізацыю», дзяржава разам з тым працягвае перасьледаваць незалежныя арганізацыі, якія адстойваюць беларускасьць? На гэтыя пытаньні адказвае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.


Цыганкоў: Калі міністар, які раней ня быў заўважаны ў беларускамоўнасьці, робіць свой даклад на беларускай мове — відавочна, што гэта было дазволена зьверху, ці прынамсі, міністар адчуў, што такі крок варта зрабіць. Па-вашаму, гэта адзінкавы выпадак — ці гэта паказвае пэўныя зьмены ў стаўленьні кіраўніцтва дзяржавы да беларускай мовы?

Трусаў: Я думаю, пэўныя зьмены ёсьць, і прывяду пэўныя прыклады. Вазьміце інтэрвію ў «Звяздзе» спадара Зімоўскага ад 2 красавіка, які там кажа, што цэлы тэлеканал будзе пераведзены на беларускую мову. Вазьміце прызначэньне міністрам культуры спадара Латушкі, які прынцыпова ўсюды па-беларуску гаворыць. Так што я не сумняваюся, што ў дзяржаўных структурах ёсьць плян беларусізацыі, і я нават ведаю, хто гэты плян ствараў. Чым даражэйшыя будуць расейскія нафта і газ, тым больш нашы міністры будуць гаварыць па-беларуску. Усё гэта вельмі ўзаемазьвязана.
Я не сумняваюся, што ў дзяржаўных структурах ёсьць плян беларусізацыі.


Цыганкоў: Але ў якой ступені можа адбывацца гэтая «беларусізацыя»? Відавочна, гэта ня будзе ў той форме, як гэта было на пачатку 90-х і як гэта хацелася б нацыянальна-арыентаваным сілам. Наколькі далёка гатова ісьці ў гэтым сёньняшняе кіраўніцтва? Дзе тыя межы, якія яно баіцца пераступаць?

Трусаў: Зараз ідзе зьмена пакаленьняў. Маладыя чыноўнікі, што прыходзяць да ўлады, якія маюць 35–40 гадоў, яны вучыліся ў часе адраджэньня 80-х — і яны добра валодаюць мовай. Яны могуць гаварыць па-беларуску, і некаторыя нават хочуць.

Зь іншага боку, тут чыньнік зьнешняй палітыкі. Калі раней мову і сымболіку мянялі на танную нафту і газ, то цяпер ясна, што таннай нафты і газу ня будзе. Таму трэба паказаць «вялікаму брату», што калі няма танных энэрганосьбітаў — то і русіфікацыі няма. Бо плацілі яны беларускаму кіраўніцтву за татальную русіфікацыю. Каб нічога беларускага тут не было, каб потым далучыць нас шасьцю губэрнямі да сваёй імпэрыі. А тут не атрымоўваецца.

Думаю, што тэмпы беларусізацыі будуць паступовымі, невялікімі. Але яна будзе ісьці, і гэта аб’ектыўны працэс.

Цыганкоў: З аднаго боку, дзяржава, як вы лічыце, гатовая ісьці на пэўную беларусізацыю, а з другога — працягвае змагацца з тымі структурамі, якія адстойваюць беларускасьць, напрыклад, з Саюзам пісьменьнікаў. Чым гэта можна патлумачыць?

Трусаў: Зараз Лукашэнка кажа амаль тое, што казаў Пазьняк 15–20 гадоў назад. Ідзе паступовае засвойваньне дзяржаўнай ідэалёгіяй тых лёзунгаў, што былі вылучаныя гадоў 15–20 гадоў назад. І пра тых людзей, якія першымі гэта казалі, дзяржава ўспамінаць ня вельмі хоча. Яна хоча замацаваць у сьвядомасьці, нібыта яна сама ўсё прыдумала. Дарэчы, у гісторыі так заўжды было. Заўжды большасьць паступова запазычвае самыя лепшыя ідэі меншасьці. Іншая справа, што не заўжды гэтую меншасьць потым памятаюць.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG