Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ сабрала прыхільнікаў і апанэнтаў улады за адным сталом


Сяргей Мартынаў і Канат Саўдабаеў
Сяргей Мартынаў і Канат Саўдабаеў

Узнавіць пляцоўку АБСЭ для правядзеньня дыялёгу ўнутры Беларусі, як гэта было напрыканцы 90-х гадоў, прапанавалі сёньня прадстаўнікі апазыцыйных партыяў Беларусі.


Гэтая ініцыятыва прагучала на сустрэчы прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў зь дзейным старшынёй АБСЭ, міністрам замежным спраў Казахстану Канатам Саўдабаевым, які знаходзіцца зь візытам у Менску.

Казахстан — першая з краінаў СНД, якая цягам году ачольвае Арганізацыю па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе. Згодна са статутам АБСЭ міністар замежных спраў Казахстану Канат Саўдабаеў у 2010 годзе дзейнічае і як старшыня АБСЭ.

Падчас знаходжаньня ў Менску спадар Саўдабаеў запрасіў за адзін стол прадстаўнікоў разнастайных палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў: і тых, што падтрымліваюць уладу, і тых, што знаходзяцца да яе ў апазыцыі. Ён папрасіў іх выказаць свае меркаваньні наконт палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

Удзельнік гэтай размовы, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, распавядае:

Яраслаў Раманчук
“Я сказаў, што АБСЭ — гэта найперш бясьпека і супрацоўніцтва. А яны павінны быць ня толькі праз танкі ды гарматы, а найперш праз дыялёг унутры Беларусі. А такога дыялёгу няма. Тэст на лібэралізацыю пры правядзеньні выбарчай кампаніі ўлада праваліла. У Беларусі няма выбараў. І прывёў прыклады, каб падмацаваць гэтую тэзу”.

Падчас сустрэчы выказваліся і супрацьлеглыя думкі. У прыватнасьці, кіраўніца праўладнай КПБ Тацяна Голубева казала пра тое, што ў краіне “ўсё добра”. Прадстаўнік “Белай Русі” сьцьвярджаў, што выбарчая кампанія праходзіць дэмакратычна, а вылучэнцаў “Белай Русі” амаль паўсюдна ўключалі ў склад выбарчых камісіяў.

Зьдзіўленьне, што праўладныя партыі так шырока прадстаўленыя ў выбарчых камісіях, выказаў лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч. Сацыяльна-спартыўная партыя, напрыклад, вылучыла ў камісіі больш за 400 чалавек. І абсалютна ўсіх іх туды ўключылі:

Сяргей Гайдукевіч
“Я кажу: а што ў нас, хіба ёсьць такія партыі?! А як так бывае: 400 чалавек ва ўчастковых камісіях, а кандыдатаў у дэпутаты — толькі два?!”

Спадар Гайдукевіч выказаў такую думку: галоўнае, чым можа дапамагчы АБСЭ Беларусі, гэта — пабудаваць грамадзянскую супольнасьць:

“Я сказаў: дэмакратыя — гэта даўгі шлях. Я ведаю, што мы тут скажам. Адны будуць казаць — выбары такія, іншыя — выбары іншыя. Давайце лепш пагаворым пра грамадзянскую супольнасьць. Пакуль я вельмі шчасьлівы з таго, што мы ўсе разам сядзім за адным сталом. І нікога яшчэ не пасадзілі”.

Дзейнага старшыню АБСЭ прыняў Аляксандар Лукашэнка. У Каната Саўдабаева адбыліся перамовы зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Казахстанскі міністар паведаміў беларускаму калегу пра намер правесьці саміт АБСЭ сёлета ўлетку. Апошні раз такі саміт праходзіў у 1999 годзе ў Стамбуле.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG