Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парфяновіч будуе для расейскіх весьляроў базу за мяжой


Шматразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч ад пачатку 2010 году дапамагае трэнэрскаму штабу зборнай Расеі ў веславаньні на байдарках і каноэ. Чаму яго вопыт незапатрабаваны на радзіме?

На плечы Парфяновіча ўскладзеная канкрэтная задача: збудаваць зімовую базу для падрыхтоўкі расейскіх весьляроў у адной з паўднёвых краінаў. Днямі спадар Парфяновіч упершыню за некалькі месяцаў наведаў Менск, дзе сустрэўся з былымі калегамі па дэпутацкай групе “Рэспубліка” Уладзімерам Фраловым і Сяргеем Скрабцом, лішні раз пераканаўся ў адсутнасьці запатрабаванасьці на радзіме і ў гутарцы з нашым карэспандэнтам агучыў пляны на бліжэйшую будучыню.

“У Расеі сёньня няма базаў, якія б адпавядалі неабходным умовам для падрыхтоўкі ў зімовы час. Таму прынятае рашэньне набыць ці пабудаваць базу для падрыхтоўкі за мяжой у адной з цёплых краінаў”.

Карэспандэнт: “Дарэчы, калі з помпай адкрывалі вясьлярны канал у Берасьці, спартовыя чыноўнікі абяцалі: сюды пацягнуцца ўсё, у тым ліку і расейцы”.

“А вы што, у Берасьці ў студзені ці ў іншы зімовы месяц будзеце весьці падрыхтоўку на вадзе? Думаю, ня будзеце. Усё пытаньне ў тым, каб мець магчымасьць трэніравацца менавіта зімой, бо летам добрыя натуральныя базы – тыя ж азёры, каналы, дзе можна падтрымліваць форму... Без сьціпласьці магу сказаць, што гэта мой праект. І калі я яго ажыцьцяўлю, то, пэўна, тады і змагу адрапартаваць, што Расея мае базу для падрыхтоўкі сваіх спартоўцаў за мяжой. Паводле задумы -- базу, на якой можна будзе трэніравацца зімой, а летам яе змогуць выкарыстоўваць і веласыпедысты, і іншыя віды спорту. Бо зімой нават у такой вялікай краіне як Расея няма таго клімату, які задаволіў бы трэніроўкі на байдарках ці каноэ. У Савецкім Саюзе была адна база, якая гэтаму больш-менш адпавядала – у Абхазіі. І я думаю, мы сёньня павінны аднавіць тую базу зноў. Зрабіць яе тым месцам, куды маглі б прыяжджаць прынамсі спартоўцы з былога СССР. Каб людзі маглі туды без праблемаў прыехаць і рыхтавацца. Думаю, мы гэта зробім”.

Карэспандэнт: “Палітычная сытуацыя гэтаму не перашкаджае?”

“Няма ніякай палітычнай сытуацыі. Усе праблемы сыходзяць ад людзей, у якіх “зашкальваюць” уласныя амбіцыі. А ў спартоўцаў няма палітычных амбіцый, у іх амбіцыя адна – каб было месца, дзе яны маглі б мець адпаведныя ўмовы для падрыхтоўкі”.

Карэспандэнт: “Спадар Уладзімер, колькі ні кажы пра адну, савецкую школу веславаньня, Вы ўсё ж рыхтуеце канкурэнтаў зборнай Беларусі?”

“Не, я не трэнірую канкурэнтаў. Я заўсёды дапамагу і беларусам, і ўкраінцам, і літоўцам, і ўсім тым, хто з намі колісь быў разам. Бо ніхто ў нашым відзе далёка адзін ад аднаго не адышоў. Гэта ўсе нашы сябры”.

Карэспандэнт: “Але жа базуецеся зараз у Маскве?”

“Я працую так, што асноўнай маёй базай застаецца Менск. Быў паўтара месяца ў Партугаліі і Гішпаніі, потым пару дзён у Маскве, а бліжэйшыя паўтара месяца зноў буду ў Расеі – у Краснадары”.

Карэспандэнт: “Ці магчымае вяртаньне ў каманду Беларусі?”

“Я зь беларускай камандай не разьвітваўся – вось у чым сутнасьць. Пра гэта я казаў і буду казаць увесь час. Таму што я заўсёды душой і целам зь беларускай камандай і зь ёй не расставаўся ніколі. Калі беларуская каманда расставалася са мной – гэта адно. Але ж я са сваёй камандай не расставаўся ніколі. Калі мой досьвед запатрабуецца – я заўсёды гатовы ім падзяліцца. Ну а калі не – дык і не. У такім выпадку, зразумела, нічым дапамагчы не змагу”.

Карэспандэнт: “То бок, пры адпаведным стаўленьні маглі б трэніраваць і ў Беларусі?”

“З майго боку няма ніякіх прычынаў, каб гэтага не рабіць. Прычына ў іншым: ёсьць адзін чалавек, які мае сваю пазыцыю. А ёсьць іншы чалавек, які глядзіць на гэтую пазыцыю зусім інакш. То бок, яе не прымае, не падзяляе. Вось у чым справа. Але я заўсёды адказваю аднолькава: для мяне як было раней, так і застаецца дагэтуль галоўнае – мая краіна Беларусь”.

Карэспандэнт: “Па вялікаму рахунку, умовы прапанаваныя расейцамі, Вас задавольваюць? Уключна зь фінансамі?”

“Пра фінансавы бок мы казаць ня будзем, бо, няхай гэта прагучыць і пафасна, але не ў фінансах справа. А сутнасьць у тым, каб дапамагчы людзям, якія павярнуліся да справы не заднім месцам, а душой, зрабіць лепш. У гэтым увесь адказ”.

Даведка. Уладзімер Парфяновіч – трохразовы алімпійскі чэмпіён у веславаньні. Кіраваў Беларускай фэдэрацыяй веславаньня на байдарках і каноэ, быў сябрам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. У 2000 годзе абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, разам з сябрамі групы “Рэспубліка” Сяргеем Скрабцом і Валерыем Фраловым сталі першымі і пакуль што апошнімі апазыцыянэрамі ў “палатцы”. У чэрвені 2004-га “рэспубліканцы” абвясьцілі галадоўку пратэсту ў сувязі з немагчымасьцю ўнясеньня ў парадак дня пытаньня аб зьменах у Выбарчы кодэкс. Вынікам “дэмаршу” сталі праблемы ў НАК: выканкам рэкамэндаваў вывесьці яго зь ліку сябраў камітэту ў сувязі са “стратай даверу”. Апроч месца ў НАК, Парфяновіч страціў старшынства ў фэдэрацыі веславаньня, а на вакантную пасаду быў прызначаны старшыня Нацыянальнага банку Пётр Пракаповіч. Ад студзеня 2010 году працуе ў Расеі – кандыдатура Парфяновіча была адзінагалосна ўхваленая на паседжаньні Фэдэрацыі веславаньня. Ён адказвае за падрыхтоўку ўсіх вясьлярных нацыянальных камандаў гэтай краіны.





XS
SM
MD
LG