Арганізатары сьвяткаваньня Дня Волі, Беларускі Незалежніцкі Блёк, меркавалі прайсьці шэсьцем ад Акадэміі навук да Купалаўскага сквэру. Аднак улады санкцыянавалі шэсьце на плошчу Бангалор. Арганізатары заявілі, што па гэтым маршруце людзей не павядуць. Кіраўнік аргкамітэту, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў з гэтай нагоды:
“Улады сябе паводзяць як звычайна. Такіх вялікіх, істотных зьменаў не чуваць. Тая ж самая зьмена маршруту, таксама заяўнікаў выклікалі ў Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менску, дзе нас папярэдзілі пра адказнасьць. У прынцыпе, па стандартнай, адкатанай схеме ўлады дзейнічаюць, як яны гэта робяць заўсёды ў апошнія гады”.
У такой сытуацыі разглядаюцца два варыянты: шэсьце можа адбыцца, альбо абыдзецца толькі мітынгам. Спадар Янукевіч адзначыў:
“У такое нацыянальнае, найвялікшае сьвята, у Дзень Незалежнасьці, мы лічым, што сыходзіць з цэнтральнага праспэкту проста не адпавядае значнасьці гэтага сьвята. Спадзяемся, што будзе шмат людзей. У першую чаргу мы мусім чакаць прысутнасьць сталых прыхільнікаў нацыянальнай ідэі”.
Аднак сёньня некаторых апазыцыянэраў чакаюць у судах. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька павінен зьявіцца ў Валожынскім судзе. Яго абвінавачваюць у дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні службовай асобе падчас спробы зайсьці ў залю суду 15 лютага, каб выказаць салідарнасьць сябрам неафіцыйнага Саюза палякаў. Тады А.Лябедзька быў затрыманы. Палітык лічыць прэтэнзіі беспадастаўнымі.
“Я ж зьвязваўся з судзьдзёй і спрабаваў вырашыць пытаньне аб пераносе разгляду справы пасьля 25-га. Але яна нэрвова катэгарычна залямантавала, што гэтага ня можа быць. У мяне склалася перакананьне, што яна мае “хатняе заданьне”. Я думаю, што ўлада прымае нейкія захады, каб зачысьціць нейкіх асобаў зь Менску 25-га. Я не выключаю, што зранку могуць быць прэвэнтыўныя затрыманьні тых ці іншых асобаў. У маёй сытуацыі ёсьць суд. Можна чакаць, што ён зацягнецца альбо на ўвесь дзень, альбо можа быць і пакараньне зьвязанае са зьняволеньнем”.
Актывіста “Маладога фронту” Тацьцяна Шапуцька таксама сёньня ідзе ў суд Маскоўскага раёна Менску, дзе будзе разглядацца яе пазоў да БДУ за незаконнае адлічэньне. Аднак актывістка не мяркуе, што судовае пасяджэньне неяк перакрыжоўваецца з сёньняшнім сьвяткаваньнем. Яна спадзяецца пасьпець на акцыю.
“Я ўжо не ўяўляю, як бы я ня ўдзельнічала ў агульнай акцыі. Гэта стала нават нейкай традыцыяй. Гэта адна з магчымасьцяў выказаць сваё стаўленьне да гэтага дня. Найперш у гэты дзень галоўнае – нацыянальныя сьцягі. Бо нейкія патрабаваньні ці пэтыцыі да ўладаў у гэты дзень крыху будуць не да месца. Галоўнае, у нас у руках будуць сьцягі, як сымбаль той Беларусі, пра якую марылі дзеячы БНР і як сымбалі сучаснай Беларусі, пра якую марыць моладзь. Так што галоўнае – гэта сьцягі”.