Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП сыходзіць зь перадвыбарчай гонкі

абноўлена

 Станіслаў Багданкевіч адкрывае зьезд
Станіслаў Багданкевіч адкрывае зьезд

21 сакавіка ў будынку палаца культуры МТЗ прайшоў 13 зьезд АГП. Яго адкрыў ганаровы старшыня партыі Станіслаў Багданкевіч, які паведаміў, што на зьезд абрана 146 дэлегатаў, зь якіх 112 зарэгістраваныя.


Анатоль Лябедзька застаўся кіраўніком партыі


“За” кандыдатуру Лябедзькі прагаласавалі 89 чалавек, “супраць” - 17. Тры бюлетэні прызнаныя несапраўднымі.

У галасаваньні ўдзельнічалі 109 дэлегатаў са 112 зарэгістраваных на зьездзе.

Намесьнікамі старшыні партыі, як і на мінулых выбарах, абраныя Леў Марголін і Яраслаў Раманчук.



Безальтэрнатыўныя выбары старшыні партыі


На пасаду старшыні партыі высунутыя кандыдатуры Анатоля Лябедзькі і Віктара Гарбачова. Віктар Гарбачоў узяў самаадвод. Такім чынам, у сьпіс для галасаваньня ўключаная толькі адна кандыдатура - дзейны старшыня партыі Анатоль Лябедзька.


АГП ня ўдзельнічае ў перадвыбарчай гонцы


Прайшло галасаваньне наконт прыняцьця рашэньня аб удзеле АГП у мясцовых выбарах. Бальшыня дэпутатаў прагаласавала за тое, каб:
  1. Спыніць далейшы удзел у чарговым выбарчым фарсе
  2. Заклікаць усе палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні, усіх, хто змагаецца за дэмакратычныя зьмены ў краіне, падтрымаць гэтае рашэньне і далучыцца да яго
  3. Даручыць Палітрадзе партыі данесьці да міжнароднай супольнасьці прынятае рашэньне
Супраць гэтага рашэньня прагаласавала 37 удзельнікаў зьезду.

Пасьля галасаваньня намесьнік старшыні партыі Леў Марголін патлумачыў далейшую сытуацыю: “Гэта палітычнае рашэньне партыі. А тыя, у каго гараць вочы, няхай не спыняюцца”.

Такім чынам, на думку палітолягаў можа ўзьнікнуць сытуацыя, пры якой улады, спасылаючыся на гэтае рашэньне, могуць зьняць з выбарчай гонкі тых кандыдатаў ад АГП, якія вылучаліся выключна ад партыі. А тыя, хто вылучаўся праз збор подпісаў, змогуць працягнуць выбарчую кампанію.

Міхаіл Чыгір
Міхаіл Пашкевіч

ДЫСКУСІЯ


Мясцовыя выбары: удзел ці байкот?


Дыскусія, якая ідзе на зьездзе АГП, паказвае, што ў партыі няма агульнай пазыцыі па пытаньні ўдзелу альбо няўдзелу ў мясцовых выбарах. Прынамсі, старшыня гомельскай абласной арганізацыі Васіль Палякоў паведамі, што гомельскія кандыдаты ў дэпутаты днямі абвесьцяць аб зьняцьці з выбарчай кампаніі. Прымаючы такое рашэньне, абласная арганізацыя зыходзіла з удзелу прадстаўнікоў АДС у выбарчых камісіях. Было заяўлена больш за 200 чалавек, а ў камісіі ўключылі толькі 8.

Аднак ёсьць і другія падыходы. Так, Аляксандар Сергеенка агучыў пазыцыю Менскай гарадзкой арганізацыі і арганізацыі “Маладыя дэмакраты”, а гэта - пазыцыя ўдзелу ў выбарах. На думку, Сергеенкі толькі ўдзел у выбарах дасьць магчымасьць даведацца пра рэальны ўзровень падтрымкі нашых кандыдатаў, паколькі нашыя актывісты ўключаныя ў склад некаторых выбарчых камісіяў. Прадстаўнік сталіцы запытаўся ў залі: з чым мы прыйдзем да прэзыдэнцкіх выбараў, калі ня будзем удзельнічаць у мясцовых?

Ад імя Берасьцейскай абласной арганізацыі Сьцяпан Навасельчан унёс кампрамісную прапанову. Калі зьезд сёньня вырашыць ня ўдзельнічаць у выбарах, то ўсе, хто вылучаўся па партыйным сьпісам мусяць падпарадкавацца гэтаму рашэньню, а тыя, хто вылучаўся праз збор подпісаў, могуць прымаць самастойнае рашэньне.

У падтрымку ўдзелу ў выбарах выступілі і патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты Ўладзімер Зьвернік, Аляксандар Ваўчанін, Сяргей Балыкін ды іншыя. Яны падкрэсьлівалі, што ўдзел у выбарах дае магчымасьць легальна сустракацца з выбарцамі, а таксама атрымаць каштоўны досьвед пры ўдзеле ў наступных выбарчых кампаніях.


Сем пунктаў Анатоля Лябедзькі


Анатоль Лябедзька
У справаздачным дакладзе, з якім выступіў Анатоль Лябедзька адзначаліся прыярытэты партыі за два апошнія гады, якія прайшлі з часу папярэдняга зьезду. Гэта, у прыватнасьці, падрыхтоўка і прэзэнтацыі антыкрызіснай плятформы, пра якую паводле дадзеных сацыялягічнай лябараторыі “NOVAK” ведаюць 10% насельніцтва Беларусі. Па-другое, правядзеньне кампаніі “За свабодныя выбары”, вынікам якой сталі, хаця і касмэтычныя, але ж і некаторыя зьмены ў выбарчае заканадаўства, а таксама арганізацыя сэмінараў і вызначэньне партыйнай пазыцыі ў беларуска-расейскіх дачыненьнях і рэалізацыя праграмаў “Усходняга партнэрства”. Гаворачы пра міжнародную дзейнасьць партыі, Анатоль Лябедзька сказаў, што трэба як мага лепш скарыстаць 2011 год, калі ў ЭЗ будзе старшыняваць Польшча, а ў АБСЭ Літва – краіны, якія сапраўды зацікаўленыя беларускімі справамі.

Лідэр АГП прапанаваў праграму мадэрнізацыі АГП. Яна складаецца з 7 пунктаў:
  1. павялічэньне колькасьці жанчын у кіраўніцтве партыйнымі структурамі да 1\3;
  2. павялічэньне прыхільнікаў партыі ў разы, а можа і ў дзесяткі разоў;
  3. адчуваньне чальцамі партыі сваёй запатрабавальнасьці;
  4. стварэньне партыйных ценявых урадаў на роўні абласьцей;
  5. ліквідацыі інтэрнэт-неграматнасьці чальцоў партыі;
  6. рэформа структур кіраваньня;
  7. каардынацыя экспэртнай парцы, стварэньне экспэртнай рады пры АГП.




Вядуць зьезд сябры партыі народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка і сябра Палітрады Аляксандар Дабравольскі.

З'езд праходзіць пад лёзунгам “Ствараем новае, захоўваем лепшае”. Сярод удзельнікаў вядомыя палітык Аляксандар Сасноў, Валянціна Палевікова, Яраслаў Раманчук, Станіслаў Багданкевіч і іншыя.

Падчас адкрыцьця зьезду адбыўся невялікі інцыдэнт. На сцэне палаца культуры МТЗ быў разгорнуты сьцяг Эўразьвязу, а таксама дзяржаўны сьцяг Беларусі, які традыцыйна вісіць над сцэнай. Актывісты партыі зьнялі з флагштоку дзяржаўны сьцяг, аднак праз некалькі хвілінаў вымушаныя вярнуць назад, бо кіраўніцтва палацу культуры папярэдзіла, што калі зьезд будзе праходзіць без дзяржаўнай сымболікі, то яны перарвуць дамову аб арэндзе.

Падчас інцыдэнту са сьцягам

Лідэр партыі Анатоль Лябедзька працягнуў традыцыю некалькі апошніх зьездаў, калі новым сябрам партыі уручаюць партыйныя білеты. Гэтым разам іх атрымалі маладыя актывісты Андрэй Кудзік і Зьміцер Сілін.

Андрэй Дзьмітрыеў зачытвае пасланьні ад эўрапейскіх партый
На адрас зьезду паступілі прывітаньні, больш чым ад 15 палітычных партый і партыйных структур, якія супрацоўнічаюць з АГП. Гэта прынамсі Эўрапейская народная партыя, Кансэрватыўная партыя Вялікай Брытаніі, партыі са Швэцыі, Даніі, Нарвэгіі, Аўстрыі, Украіны, Расеі і іншых краін.

Дэлегаты зацьвердзілі парадак дня зьезду, ён прадугледжвае справаздачу старшыні партыі і дыскусію, абраньне новага старшыні партыі і яго намесьнікаў, прыняцьце рашэньняў зьезду. Вырашана, што кожная абласная партыйная арганізацыя мае права аднаго пашыранага выступу ў дыскусіі з выкладаньнем пазыцыі абласной партыйнай арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG