Нагадаем, 3 сакавіка генпракурор Рыгор Васілевіч паведаміў журналістам пра арышт старшага сьледчага па асабліва важных справах Сьвятланы Байковай. Паводле Рыгора Васілевіча ягоную падначаленую арыштавала КДБ. Рыгор Васілевіч сказаў, што ня ведае, у чым падазраецца Сьвятлане Байковай, але не выключыў, што яна “злоўжывала службовым становішчам”.
У КДБ, аднак, гэтыя зьвесткі дагэтуль не пацьвердзілі, хаця і не абверглі. Няма афіцыйнага пацьверджаньня і таго, ці выставілі Сьвятлане Байковай нейкае абвінавачаньне.
Інтэрнэт-рэсурс “Беларуский партизан” зьвязвае арышт сьледчай Байковай з гучнай справай, якую яна вяла. Гэта справа былога начальніка Дэпартамэнта фінансавых расьсьледаваньняў Камітэта Дзяржкантролю Анатоля Грамовіча і былога намесьніка старшыні КДБ, генэрала КДБ Анатоля Зарэцкага. Таксама па ёй праходзілі дзесяткі супрацоўнікаў мытні, якіх нібыта “прыкрывалі” у незаконных дзеяньнях супрацоўнікі КДБ. Паводле гэтай крыніцы, КДБ дамогся спыненьня крымінальнага перасьледу супроць Анатоля Зарэцкага, а цяпер “разьлічылася” і са Сьвятланай Байковай.
Раней за Сьвятлану Байкову быў арыштаваны сябра яе сьледчай групы Павал Хадаровіч. Паводле апошніх зьвестак, пасьля праверкі Паўла Хадаровіча вызвалілі.