“Эўропе таксама трэба захаваць свой твар. Яна ня можа ўвесь час не заўважаць таго, што тут адбываецца насамрэч. І згадка пра санкцыі выклікана раздражненьнем Эўропы тым, што, фактычна, руху наперад у галіне дэмакратыі вельмі мала ў Беларусі. І гэта не задавальняе Эўропу. Таму і згадана пра санкцыі.
Рэзалюцыя больш канкрэтная, хаця зразумела, што ад рэзалюцыі чакаць шмат, нейкага палітычнага выніку складана. Перабольшваць яе значэньне таксама не выпадае. Больш за ўсё мяне задавальняе, што там узгаданы канкрэтныя арганізацыі, хаця ня ўсе. І гэта індыкатар таго - мяняецца нешта ў краіне ці не. Канкрэтна там ёсьць “Вясна”, “БХД”, Саюз палякаў. Вось, калі ласка, менавіта па гэтых арганізацыях, а не па “Белай Русі”, будуць адсочваць рэальныя зьмены ў краіне. Думаю, што гэта больш сур’ёзна, чым раней”.