Ёсьць прафэсія такая: слухачы.
Яны слухаюць удзень нас і ўначы.
Яны слухаюць і выдых наш, і ўдых.
Яны слухаюць, а мы ня чуем іх.
Слухаюць хлопцы
Нашыя слоўцы
Лоўцы-малойцы,
Адмыслоўцы.
Ёсьць прафэсія такая: слухачы.
Вельмі хочацца ім чымсьці памагчы.
Распавесьці нешта важнае для іх.
Каб адзначыла начальства пільны слых.
Мне, бадай што, павініцца няма ў чым…
Гавары ж са мною, братка, не маўчы!
Для вякоў нас занатуюць слухачы.
Будзе памяць, слухачам дзякуючы.
Слухайце, хлопцы!
Слухайце пільна!
Кожнае слоўца
Зробіцца быльлю…