Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўзятары рыхтуюць “імпічмэнт” Захараву


Міхаіл Захараў.
Міхаіл Захараў.

У сувязі зь нездавальняючым выступам нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі на Алімпіядзе ў Ванкувэры спартовая грамадзкасьць абвясьціла кампанію недаверу галоўнаму трэнэру Міхаілу Захараву. У адмысловай заяве гаворыцца, што менавіта пры Захараву склалася заганная сыстэма, калі ў галоўнай камандзе гуляюць “блатныя”, а тыя, хто насамрэч заслужыў гэта сваёй гульнёй, з асноўнага складу выціскаюцца.

Падпісанты звароту мяркуюць: паколькі дэкляраваная напярэдадні Алімпійскага турніру задача-мінімум — трапіць у васьмёрку наймацнейшых — пад кіраўніцтвам Міхаіла Захарава дасягнутая не была, то цалкам справядлівым уяўляецца сыход трэнэрскага штабу ў адстаўку ў сувязі з нездавальняючымі спартовымі вынікамі. Гаворыць адзін з ініцыятараў кампаніі Васіль Саўчанка:

“Цяпер людзі зьбіраюць подпісы. Таму справа пакуль у працэсе. Таксама зьбіраемся надрукаваць ліст у спартовай газэце “Прессбол”. Галоўны рэдактар Уладзімер Беражкоў даў прынцыповую згоду: маўляў, як подпісы будуць сабраныя, то надрукуем”.

Карэспандэнт: “Нейкія вядомыя людзі з вамі ўжо салідарныя?”

“Падпісваюцца ў асноўным звычайныя заўзятары. Вядомыя людзі, як мне падаецца, адкрыта выказаць сваё меркаваньне, можа, нават і пабаяцца”.

Ініцыятары “імпічмэнту” нагадваюць, што адзіная перамога падчас Алімпіяды была здабытая ў гульні са зборнай Нямеччыны, якая прадстаўляе зборную ніжэйшага дывізіёну “В”, тым часам як камандам Швэцыі і Фінляндыі беларусы прайгралі па ўсім. Выхаванцы Захарава ў 1/8 фіналу ў сэрыі булітаў прайгралі ня самым моцным швайцарцам.

У звароце гаворыцца, што сам факт знаходжаньня Захарава на пасадзе трэнэра нацыянальнай зборнай уносіць раскол у шэрагі заўзятараў, 90% якіх, згодна з апытаньнямі, лічаць адстаўку неабходным крокам дзеля ўратаваньня беларускага хакею. Заўзятараў абурае прынцып адбору гульцоў у нацыянальную каманду, калі ў асноўны склад трапляюць не наймацнейшыя, а набліжаныя “да цела”.

Апроч таго, заўзятары лічаць недапушчальным грубае ўмяшаньне Захарава ў дзейнасьць трэнэрскага штабу менскага “Дынама”, які прадстаўляе Беларусь у Кантынэнтальнай хакейнай лізе. З боку Захарава адбываюцца пастаянныя спробы дыскрэдытацыі клюба.

Асобныя выказваньні Захарава як трэнэра зборнай Беларусі, пішацца далей у лісьце, маюць абразьлівы і правакацыйны характар, ганьбяць краіну і беларускі народ, выклікаюць неразуменьне ў міжнародных спартовых колах. Прыкладам, на адной з прэс-канфэрэнцый у Ванкувэры ён так выказаўся адносна графіку гульняў, складзенага арганізатарамі (цытата): “Гэта ж у канадцаў да такой ступені не працуе галава! У іх мазгоў не хапіла дадумацца, што яны могуць ня трапіць у першую чацьвёрку... Зрабіце па-людзку, дайце ўсім адпачыць… Яны думалі — у першай чацьвёрцы “прытопяць” усіх. І самі ў гэтае г…о трапілі! Проста розуму няма ў людзей! Я буду вельмі рады, калі канадцы прайграюць! Буду самы шчасьлівы чалавек на Зямлі…”

Але марам Захарава спраўдзіцца не было наканавана. Канадцы выйгралі алімпійскі турнір, а зборная Расеі, якую Захараў прагназаваў у чэмпіёны, згуляла гэтак жа невыразна, як і беларуская. “На нашае перакананьне, — пішуць спартовыя заўзятары, — Захараў — гэта “гангрэна”, якая паразіла арганізм нацыянальнай каманды. І чым раней будзе праведзеная “ампутацыя” хворага ўчастка — тым больш шанцаў на найхутчэйшае выздараўленьне, на пасьпяховы выступ нацыянальнай хакейнай зборнай, дый увогуле на аднаўленьне іміджу беларускага хакею”.

Трэба сказаць, што Міхаілу Захараву не шанцуе з Алімпіядамі. Напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Турыне беларуская зборная на чале з Захаравым у адборачным турніры за некалькі хвілін да канца сустрэчы з латышамі прапусьціла тры шайбы і апынулася па-за бортам Алімпіяды. Тады Захарава выправілі ў адстаўку якраз за нездавальняючыя вынікі. Але нечаканая аднаўленьне на трэнэрскай пасадзе (не без дапамогі чыноўнікаў Міністэрства спорту і турызму) пасьля сыходу канадзкага спэцыяліста Глена Хэнлана выклікала супярэчлівую рэакцыю ў шэрагах аматараў хакею. Праўда, Захараў ні пра якую адстаўку ня хоча і чуць. І нават прагназуе, што на сёлетнім чэмпіянаце сьвету ў Нямеччыне беларусы пад яго кіраўніцтвам увойдуць у лік прызэраў.

Пасьля вяртаньня ў Менск Міхаіл Захараў заявіў ў інтэрвію СМІ, што на ягоную думку, беларуская каманда ў Ванкувэры “выступіла ўдала, добра, не было правальных гульняў”. Пытаньне журналіста БелаПАН, ці былі нейкія памылкі трэнэрскага штабу ён праігнараваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG