Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх будаўнікоў выціснулі з расейскага рынку


Аляксандар Селязьнёў
Аляксандар Селязьнёў

Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва падсумавала вынікі працы за 2009 год. Канстатаваны імклівы спад экспарту, вымушаны прастой прадпрыемстваў галіны, а таксама фактычнае блякаваньне паставак матэрыялаў і паслугаў зь Беларусі на расейскі рынак.

Міністар архітэктуры і будаўніцтва Аляксандар Селязьнёў расказаў, што летась шпаркімі тэмпамі будавалася жыльлё. Перакрытыя нават паказьнікі дакрызіснага 2008 году. У іншых сфэрах сытуацыя значна горшая. З-за зьніжэньня пакупніцкай здольнасьці вымушана прастойвалі ці пераходзілі на скарочаны рэжым працы шклозаводы ў Гомелі і Бярозаўцы, цэмэнтныя заводы ў Крычаве і Касьцюковічах. Адна з прычынаў — зьмяншэньне патрэбы ў беларускіх будматэрыялах за мяжой. Паводле міністра, летась экспарт па галіне склаў толькі палову ад узроўню 2008 году:

«Мінулы год быў абвальны па экспарце матэрыялаў. Дзеля таго, каб нам выканаць пяцігадовае заданьне, мы павінны даць рост у гэтым годзе 150%. Задача такая стаіць, і, нягледзячы на ўсе складанасьці ў Расеі, ва Ўкраіне і ў Прыбалтыцы, мы працуем у гэтым кірунку. Галоўная праблема, якая стрымлівае сёньня шырокае выкарыстаньне і рэалізацыю нашых матэрыялаў, — гэта транспартны складнік. Да прыкладу, шчэбень каштуе 10 даляраў. А перавезьці яго на 500 кілямэтраў каштуе 12 даляраў. То бок ён падвойваецца ў кошце, калі мы вязем на паўтысячы кілямэтраў. Калі ж мы транспартуем на тысячу кілямэтраў, то кошт падвышаецца ўтрая, і ён ужо робіцца неканкурэнтаздольным у параўнаньні з тым, што ёсьць на бліжэйшых рынках».

Аляксандар Селязьнёў наракае на расейскіх партнэраў, якія адмаўляюцца ад ужо заплянаванага супрацоўніцтва. Так, замаруджваецца дамоўленасьць на ўзьвядзеньне зь беларускіх матэрыялаў і сіламі беларускіх будаўнікоў кампактных гарадкоў для расейскіх вайскоўцаў у Падмаскоўі і ў Калінінградзкай вобласьці. Адпачатку гаворка вялася пра мільён квадратных мэтраў і пазаконкурсны ўдзел. Потым аб’ёмы зьменшыліся ўтрая, а ўдзел перавялі на ўмовы адкрытага тэндэру. У выніку ж беларусы ня трапілі на расейскі рынак ні па якіх парамэтрах. Праўда, расейцы абяцаюць далучыць партнэраў да справы ў наступным годзе.

Ня моцна зацікаўленыя многія ў Расеі запусьціць да сябе нас, бо мы хутка саб’ем і кошт, і тэрміны ўвядзеньня жыльля, і шмат якія іншыя парамэтры.
«Справа ў тым, што яны ня вельмі зацікаўленыя адпускаць свой рынак, бо расейскі будаўнічы комплекс сам па сабе сёньня знаходзіцца бяз працы. Зь іншага боку, як я разумею, ня моцна зацікаўленыя многія ў Расеі запусьціць да сябе нас, бо мы хутка саб’ем і кошт, і тэрміны ўвядзеньня жыльля, і шмат якія іншыя парамэтры. Таму, натуральна, ёсьць фактары супрацьдзеяньня, хоць разуменьне на ўзроўні прэм’ераў усё гэта нібыта мае. Але ў выніку бачым, як туга гэтая справа рухаецца. Я ня стаў бы рабіць высновы, у якой ступені на ўсё ўплываюць агульныя адносіны, бо пра гэта насамрэч цяжка казаць».

Аляксандар Селязьнёў не выключае, што цягам бліжэйшага часу сабекошт прадукцыі падведамных яму прадпрыемстваў можа падвысіцца. Маўляў, усё залежыць ад таго, на якіх умовах цягам году будуць пастаўляцца ў Беларусь расейскія энэрганосьбіты. Так, ёсьць засьцярога, што кошт прыроднага газу ўрэшце можа вырасьці на 30% у параўнаньні зь мінулым годам. Калі ўлічыць, што газ — асноўнае паліва для энэргаёмістых цэмэнтных заводаў, то ўрэшце гэта адаб’ецца на ўсім ланцужку будаўнічых працаў, уключна з коштам мэтра квадратнага гатовага жыльля.

Тым часам профільнае міністэрства абяцае, што ў будаўнічай галіне будуць рэалізаваныя ўсе важнейшыя інвэстыцыйныя праекты. Гэта, у прыватнасьці, тычыцца дзелавога кварталу «Мінск-Сіці» на месцы аэрапорту «Мінск-1», спартовых аб’ектаў і новых гатэляў агулам на 8 тысяч месцаў да хакейнага чэмпіянату сьвету-2014, офісаў і бізнэс-цэнтраў у гістарычным цэнтры сталіцы. Між тым колішні галоўны інспэктар па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму Ўладзімер Папруга кажа, што шэраг праектаў, якія стаяць на парадку дня дзяржаўных ведамстваў, супярэчаць беларускаму ахоўнаму заканадаўству і ў пэрспэктыве рызыкуюць трапіць пад радыкальную рэвізію:

Уладзімер Папруга
«Тут як бы ні было шмат што зроблена, самае галоўнае ў тым — што робіцца на сёньняшні дзень. Бо гэта не вырашае праблемы гістарычнага цэнтру нават ня ў сэнсе гісторыка-культурнага аб’екта, а як пляніровачнага ядра Менску. Прыкладам, у любым выпадку давядзецца прымаць рашэньне аб вывадзе неўласьцівых транспартных патокаў з цэнтру пляніровачнага ядра сталіцы. І ў гэтым адказ на ўсе надзённыя пытаньні. Бо выводзіцца гэта можа толькі праз вывад аб’ектаў, якія ствараюць гэтыя транспартныя патокі. Кола замыкаецца, і ўсё, што зараз робіцца, трэба будзе пераглядаць. Уся наша дзейнасьць скіравана менавіта на тое, каб можна было вырашаць гэтыя праблемы сёньня і практычна за бясплатна. Заўтра каб гэтыя праблемы вырашыць, праз 10, праз 50 гадоў, давядзецца папросту ўсё гэта зьнесьці».

А вось Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва праблему перагружанасьці Менску прапануе вырашыць інакш — праз узбуйненьне дзевяці гарадоў-спадарожнікаў у 50-кілямэтровым радыюсе, якія будуць «абслугоўваць» беларускую сталіцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG