Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька ад АДС, Віталь Рымашэўскі і Ігар Лялькоў ад БНБ і Мікола Статкевіч і Ўладзімер Навасяд ад “Эўрапейскай кааліцыі” пацьвердзілі пазыцыю дэмакратычных сілаў, што прадстаўнікі Нацыянальнага сходу ня маюць права аднаасобна прадстаўляць краіну ў Эўранэсьце, бо беларускі парлямэнт, на думку апазыцыі, зьяўляецца прызначаным, а не абраным.
Асноўнай тэмай дыскусіі падчас кансультацыяў было тое, хто з прадстаўнікоў апазыцыі можа прадстаўляць Беларусь у Эўранесце -- ці павінны быць прадстаўленыя толькі партыі, альбо таксама і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці. Пакуль, як паведаміў Свабодзе лідэр “Эўрапейскай кааліцыі” Мікола Статкевіч, спрэчка наконт крытэрыяў удзелу ў гэтай праграме ня вырашана.
“Але гэта нармальна, заўсёды пэрсанальныя пытаньні наконт таго, хто будзе прадстаўлены ў гэтай Асамблеі, самыя складаныя. Таму і варта выпрацаваць кансалідаваную пазыцыю на гэты конт, а не чакаць, што пра гэта скажа Брусэль” – кажа лідэр “Эўрапейскай кааліцыі”
Нагадаем, што прадстаўнікі ўладаў нэгатыўна паставіліся да ідэі, што Беларусь у Эўранэсце мусіць быць прадстаўленая па формуле “5 плюс 5” – па 5 прадстаўнікоў ад апазыцыі і Палаты прадстаўнікоў. Прадстаўнікі апазыцыі гатовыя пагадзіцца на гэтую формулу, бо такім чынам, паводле Статкевіча, “існуе нейкая магчымасьць уплываць на прадстаўнікоў улады”. Але калі ўлада не пагадзіцца на формулу “5 плюс 5”, то апазыцыя гатовая рэпрэзэнтаваць усе 10 месцаў, адведзеных у Асамблеі для Беларусі