29 студзеня ў Беларусі завяршыла працу вэтэрынарная місія Эўракамісіі. Экспэрты праводзілі ацэнку здароўя жывёлы, якая выкарыстоўваецца ў малочнай галіне, на прадмет рызыкі заражэньня вірусам яшчуру. Вынікі экспэртызы чакаюцца прыблізна праз месяц. Паводле іх Беларусь можа быць пераведзена з групы краінаў "С" - у групу "В". Павышэньне рэйтынгу здароўя рагатага быдла ў краіне - значна спросьціць умовы для экспарту беларускай малочнай прадукцыі ў Эўразьвяз. У прыватнасьці - будзе адменена патрабаваньне двайной пастэрызацыі ды іншых звышстандартных захадаў бясьпекі.
Адначасова, працягвае працу іншая экспэртная група Эўракамісіі, якая правярае канкрэтныя беларускія малочныя прадпрыемствы: ААТ "Бярозаўскі сыравытворчы камбінат", ААТ "Савушкін прадукт", падразьдзяленьне па вытворчасьці марожанага СП "Санта Брэмор" і ААТ "Верхнядзьвінскі масласырзавод".
"Экспэрты правяраюць выкананьне тых патрабаваньняў, якія былі прад'яўленыя ім пад час леташняй інспэкцыі прадпрыемстваў, якія прэтэндуюць на атрыманьне экспартных нумароў" паведамілі агенцтву "Інтэрфакс" у беларускім Мінсяльгаспраме.
Нагадаем, у чэрвені мінулага году місія Эўракамісіі правяла праверку шэрагу беларускіх малакаперапрацоўчых заводаў на прадмет адпаведнасьці эўрапейскім санітарным нормам. Пры ўмове выкананьня выпрацаваных тады рэкамэндацыяў па ўдасканаленьні бясьпекі вытворчага працэсу - гэтыя прадпрыемствы неўзабаве змогуць атрымаць доступ на эўрапейскі рынак.