Пра зьмены ў гарадзенскім кіраўніцтве ў праграме "Начная Свабода" выказаўся адзін з кіраўнікоў Саюзу палякаў, які не прызнаецца ўладамі, журналіст польскай “Gazety Wyborczej” Андрэй Пачобут.
Соўсь: "У Горадні напэўна ўжо многія даведаліся пра адстаўку Ўладзімера Саўчанкі. Якая першая рэакцыя, збольшага?"
Пачобут: "Калі казаць пра прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, пра незалежных журналістаў, то безумоўна ўсе гэтыя людзі цешацца, бо спадар Саўчанка ўвайшоў у гісторыю Гарадзеншчыны, як вельмі змрочная, цёмная постаць. З гэтым чалавекам зьвязаныя рэпрэсіі ў дачыненьні да незалежных СМІ, да грамадзкіх арганізацый. Гэта кіраўнік, які да непазнаньня зьмяніў і можна сказаць зьнявечыў цэнтар Горадні. Я думаю таму людзі не хавалі, што яны цешацца, што гэты чалавек больш ня будзе кіраваць Гарадзеншчынай.
Калі казаць пра асяродзьдзе чыноўнікаў, то там пэўная разгубленасьць. Рэч у тым, што гэтая адстаўка была вельмі нечаканая, нягледзячы на тое, што на працягу апоўніх сямі гадоў прынамсі два-тры разы ў год у горадзе зьяўляліся чуткі, што Саўчанка вось-вось будзе зьняты з пасады. У залежнасьці ад таго, што адбывалася ў горадзе казалі, што ён пойдзе на павышэньне або на паніжэньне. Гэтыя чуткі ніколі ня спрўджваліся, таму зьдзіўленьне вельмі моцнае. У аблвыканкаме кіраўнікі нават адмянялі сустрэчы, якія былі прызначаныя на аўторак, была поўная разгубленасьць".