Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Офіс АБСЭ сачыць за мясцовымі выбарамі ня будзе


Бэнэдыкт Галер
Бэнэдыкт Галер

Новы кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Бэнэдыкт Галер у сераду распавёў аб прыярытэтах сваёй дзейнасьці. Сярод іншага ён заявіў пра свае намеры спрыяць дыялёгу ўладаў і апазыцыі ў Беларусі і зазначыў, што офіс АБСЭ ня будзе назіраць за кампаніяй па выбарах у мясцовыя Саветы.

Новы кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Бэнэдыкт Галер за першы тыдзень свайго знаходжаньня ў Беларусі сустрэўся з прадстаўнікамі як беларускіх уладаў, гэтак і грамадзянскай супольнасьці. Ён зьбіраецца і надалей захоўваць балянс у працы офісу:

“Адна з прынцыповых задач, пастаўленых перада мною краінамі-сябрамі АБСЭ,— спрыяць дыялёгу ўнутры краіны, унутры беларускага грамадзтва, паміж рознымі ўрадавымі ўстановамі і групамі грамадзянскай супольнасьці. І я спадзяюся, што змагу зрабіць свой унёсак у гэты працэс”,— заявіў спадар Галер.

Увогуле новы кіраўнік офісу АБСЭ выказваўся вельмі дыпляматычна, пазьбягаў ацэнак унутранай сытуацыі ў Беларусі. Сярод іншага ён зазначыў, што спадзяецца адпрацаваць у Менску некалькі гадоў, і паведаміў, што офіс АБСЭ зьбіраецца, як і раней, падтрымліваць у Беларусі эканамічныя, экалягічныя, энэргетычныя і гуманітарныя праекты. На гэты момант яны праходзяць стадыю ўзгадненьня і зацьвярджэньня беларускімі ўладамі.

Сачыць за красавіцкімі мясцовымі выбарамі офіс АБСЭ ня будзе, бо ня мае на гэта ні мандату, ні сродкаў, — паведаміў спадар Галер. Не зьбіраецца ён ацэньваць і нядаўнія зьмены ў выбарчае заканадаўства, — гэтым звычайна займаюцца іншыя структуры АБСЭ.

“Я ведаю, што ў Выбарчы кодэкс былі ўнесеныя зьмены і тэкст новага выбарчага закону быў афіцыйна перададзены Беларусьсю ў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ ў Варшаве. Зараз ён вывучаецца экспэртамі, і мы мусім пачакаць іх заключэньня наконт таго, які прагрэс яны заўважылі ў законе, а якія моманты яшчэ патрабуюць удасканаленьня”.

Ацэньваючы ж у цэлым сваю новую працу ў Менску, амбасадар Галер зазначыў:

“Я б сказаў, што гэта адказная праца, бо я адчуваю, што ад офіса шмат чаго чакаюць, прычым розныя людзі чакаюць рознага. Усё гэта ўзгадніць вельмі цяжка. Варта знайсьці магчымае і карыснае ды пастарацца сканцэнтравацца на гэтым. І я спадзяюся быць карысным як мага большай колькасьці людзей і ў вырашэньні як мага большай колькасьці задач, якія стаяць перад гэтай краінай. Такім чынам, я пачынаю працу з аптымізмам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG