Георгі Зьмітрук патрабуе абвергнуць зьвесткі, распаўсюджаныя 13 сьнежня у праграме “Панарама тыдня”, а таксама спагнаць з аўтараў рэпартажу 128 мільёнаў рублёў маральнай кампэнсацыі. Зьмітрук выказаў “Свабодзе” сваю ўпэўненасьць ў тым, што суд адмовіць яму ў пазове супраць дзяржаўнага тэлебачаньня. Але ён лічыць неабходным у судзе адстойваць права бараніць свой гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю.
Летась 13 сьнежня ў перадачы “Панарама тыдня” на Першым нацыянальным канале быў паказаны сюжэт пра стваральнікаў БХД. Гледачам прадэманстравалі заявы ў інтэрнэце нейкіх жанчын, падпісаных ад імя “Вольгі, Алены і Вольгі”. Яны абвінавачвалі Георгія ў тым, што той не заплаціў ім за аказаньне сэксуальных паслугаў.
Гаворыць Георгі Зьмітрук:
“Я падаваў на вышук так званых сябровак і дагэтуль не атрымаў адказу. Спачатку напісаў у Кобрынскую пракуратуру. Яны пераслалі ў міліцыю, а адтуль у Менск. Я папросту прашу, каб аўтары праграмы даказалі праўдзівасьць інфармацыі. Гэтую праўдзівасьць змогуць пацьвердзіць “Вольга, Лена, Вольга”. Спадзяюся, што яны зьявяцца ў суд. Я ўпэўнены, што суд адмахнецца, выканаўшы чарговы юрыдычны рэвэранс у бок заказчыкаў”.
Паводле заканадаўства, аўтары рэпартажу павінны ў судзе даказаць, што зьвесткі, якія яны распаўсюдзілі, адпавядаюць рэчаіснасьці У іншым выпадку, чалавек можа патрабаваць праз суд абвяржэньня гэтай інфармацыі.
22 студзеня Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі судзіліся з БТ. Аўтары рэпартажу, паводле сустаршыняў аргкамітэту БХД, у абразьлівай форме далі паклёпніцкую інфармацыю пра заснавальнікаў партыі, параўноўваючы некаторых зь іх з асобай Адольфа Гітлера. Нягледзячы на тое, што суд адмовіў Севярынцу, ён лічыць, што ў суд усё роўна трэба зьвяртацца, патрабуючы абвяржэньня непраўдзівай інфармацыі.
“Мы лічым, што нават у сёньняшні суд зьвяртацца трэба. Па-першае, як хрысьціяне, мы лічым, што кожнаму грэшніку трэба ўказаць на ягоны грэх. У канкрэтным выпадку кожнаму судзьдзі трэба паказаць, што творыцца зло і паставіць яго перад маральным выбарам. У кожнага чалавека павінна быць права выбару.
Па-другое, для нас выключна важна, каб чалавек, які пацярпеў ад таго ж самага БТ, меў пэрспэктыву сваю рэпутацыю аднавіць у новай дэмакратычнай Беларусі. Дзеля гэтага трэба зафіксаваць усе гэтыя парушэньні пры сёньняшнім рэжыме”.
Ранейшыя судовыя працэсы апазыцыянэраў супраць БТ былі не на карысьць дэмакратаў.
Суд у справе Георгія Зьмітрука да БТ пачнецца а 10-й раніцы ў судзе Першамайскага раёну Менску.