Пра цяперашнія зьмены ў Туркмэністане зь беларускімі перакладчыкамі “Рухнамы”.
“Рухнама” ў перакладзе з туркмэнскай — “кніга душы”. Яе аўтарам называюць першага прэзыдэнта Туркмэністану Сапармурата Ніязава. Гэта гісторыя туркмэнскага народу ў выкладаньні Туркмэнбашы, а галоўным чынам — яго асабістае ўсхваленьне. Напрыклад, там ёсьць такое месца: “У час, калі здраджу Радзіме, Сапармурату Туркмэнбашы Вялікаму, Сьвятому айцу твайму — Няхай спыніцца дыханьне маё”.
“Рухнама” выйшла накладам у мільён асобнікаў і была перакладзеная на 20 моваў сьвету. У 2003 годзе ў выдавецтве “Сьветач” кніга выйшла па-беларуску. Аднак з таго часу адбылася пераацэнка значнасьці “Рухнамы”, і перадусім у самім Туркмэністане.
Адзін зь перакладчыкаў беларускага выданьня, паэт Леанід Дранько-Майсюк пра гэта гаварыць адмовіўся:
“На гэтую тэму я проста не хачу гаварыць. Яна мне не цікавая”.
Першая частка “Рухнамы” зьявілася ў Туркмэністане ў 2001 годзе і неўзабаве была ўведзеная для вывучэньня ў школах і ўнівэрсытэтах. Веданьне кнігі было неабходным пры ўладкаваньні на працу, цытатамі аздаблялі нават мячэты, а ў сталіцы краіны Ашхабадзе быў узьведзены помнік “Рухнаме”. Падчас прэзыдэнцтва Сапармурата Ніязава кніга выконвала ролю “туркмэнскай Бібліі” і лічылася амаль сьвятой, а самога аўтара называлі “алмазнай аздобай туркмэнскага народу”. Пасьля сьмерці першага пажыцьцёвага прэзыдэнта Туркмэністану “Рухнаму” пачалі здымаць з кніжных паліцаў, вітрынаў і “чырвоных куткоў”. Вывелі яе і з навучальных праграмаў, менш маштабнымі сталі сьвяткаваньні 12 верасьня, у дзень, калі, як лічыцца, кніга была скончана. Ня дзейнічае і помнік “Рухнаме” ў Ашхабадзе, які раскрываўся, нібыта кніга, а ў ім працаваў тэлевізійны экран.
Паразважаць пра гэтыя зьмены яшчэ адзін перакладчык “Рухнамы”, былы міністар культуры Анатоль Бутэвіч таксама адмовіўся:
“Не сачыў: для мяне яна была як і ўсе астатнія краіны — звычайная і нармальная. Таму ня ведаю ні пра помнікі, ні пра адмаўленьне… Зрэшты, гэта іх справы ўнутраныя, як і ў кожнай краіне. Гэта іх праблемы”.
Пераацэнка гістарычнай ролі першага пажыцьцёвага прэзыдэнта Туркмэністану Сапармурата Ніязава адбылася ня толькі на прыкладзе ягонай “Рухнамы”. З цэнтральных вуліц сталіцы зьнялі вялікія партрэты Туркмэнбашы, прыбралі бронзавую статую Ніязава перад сядзібай Міністэрства ўнутраных спраў, а таксама адну з галоўных славутасьцяў цэнтру Ашхабаду — Арку нэўтралітэту з пазалочанай статуяй Туркмэнбашы. А туркмэнскія грошы ў 500 манат з партрэтам Ніязава ўвогуле не пусьцілі ў абарачэньне.
Аўтар прадмовы да беларускага выданьня “Рухнамы”, старшыня Беларускага фонду культуры, які быў адным з фундатараў беларускага выданьня, Уладзімер Гілеп пра апошнія падзеі ў Туркмэністане сказаў наступнае:
Ён многае адкрыў — гэта харошы прыклад для астатніх прэзыдэнтаў ...
“Мяне ня вельмі ўсё гэта цікавіць — вельмі далёкая краіна, і таму нічога сказаць не магу. А наконт “Рухнамы” чаму перакладалі — вось каб у нас на такім жа ўзроўні была зацікаўленасьць сваёй жа гісторыяй, якая была ў папярэдніка цяперашняга прэзыдэнта... Ён многае адкрыў — ну, ня ён, зразумела, адкрывалі навукоўцы — але так выкласьці, як прэзыдэнт выклаў — гэта харошы прыклад для астатніх прэзыдэнтаў, пра што мы сказалі ў прадмове”.
Падчас прэзыдэнцтва Сапармурата Ніязава ў Туркмэністане былі жорстка пакараныя дзясяткі чалавек, шмат каго асудзілі да пажыцьцёвага зьняволеньня, папярэдне зьвінаваціўшы ў замаху на Ніязава. У краіне існаваў жорсткі дыктатарскі рэжым, апазыцыю забаранялі, не было незалежных СМІ.
Пра адмову Туркмэністану ад спадчыны Туркмэнбашы яшчэ адзін перакладчык “Рухнамы” на беларускую мову, пісьменьнік Анатоль Кудравец сказаў наступнае:
“У свой час я дапамагаў перакладаць гэтую кнігу, “Рухнама”. Там вельмі харошыя і сымпатычныя ісьціны сказаныя ў абарону Туркмэністану і ягонай незалежнасьці. Я лічу гэта станоўчым і добрым. Праўда, тое, што гаварылася ў кнізе, яно часта ішло ў супярэчнасьці з тым, што рабіў той жа Ніязаў — тыя ж помнікі і шмат што іншае. І ўсялякае, а тым больш пасьлядоўнае адмаўленьне ад “пазалочанага” Туркмэнбашы — я лічу, што гэта добра і правільна. Гэта на карысьць і туркмэнам, і іх суседзям”.