Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бандарэнкі “згубілася” паміж судоў


Чаму дагэтуль не пераводзяць з Бабруйску ў менскі ізалятар прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку? У справу Аўтуховіча-Асіпенкі мусіць умяшацца генпракурор. Арцём Дубскі дзякуе беларусам за падтрымку.







У кастрычніку Першамайскі суд Менска прызнаў актывіста АГП Андрэя Бандарэнку вінаватым ў крадзяжы маёмасьці фірмы, якую ён сам стварыў. Андрэй Бандарэнка сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. 15 сьнежня менскі гарадзкі суд адмяніў прысуд Андрэю Бандарэнку і адправіў справу на новы разгляд. Тым часам прадпрымальніка пакаралі ў калёніі карцэрам.
Навагоднія сьвяты сустрэў у Бабруйскай калёніі прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка. Між тым два тыдні таму прысуд Першамайскага суду адносна Бандарэнкі быў адменены менскім гарадзкім судом і прадпрымальніка, зноў у якасьць падсьледнага, мусілі прывезьці ў Менск для новага разьбіральніцтва ягонай справы. Чаму гэтага не адбылося?

Адвакат Зьміцер Лаеўскі кажа, што ў Першамайскім судзе яму заяўляюць, нібыта справу Бандарэнкі там з гарадзкога суду не атрымалі, а ў гарадзкім судзе запэўніваюць, што адаслалі справу ужо тыдзень таму.

“Калі шчыра, сытуацыя і для мяне ня вельмі зразумелая. Бо ў любым выпадку мне павінны выдаць пастанову гарадзкога суду, мяне павінны праінфармаваць, калі будзе перагляд і Падабароннага майго таксама павінны пра гэта праінфармаваць. Бязглузьдзіца нейкая атрымліваецца”.

Карэспандэнт: “А для Бандарэнкі гэта азначае, што ён працягвае знаходзіцца ў Бабруйскай калёніі. Так?”

“Так. Адзінае, што ўсё ж такі не ў карцэры, а ў звычайнай зоне. Не магу сказаць дакладна, калі ён выйшаў з карцэру, але апошнія некалькі дзён выйшаў і па маіх зьвестках адчувае сябе нармальна. Наколькі можна пачувацца нармальна пасьля ўсяго, што яму давялося пазнаць”.

Паводле адваката Лаеўскага, ён двойчы зьвяртаўся з калёнію адносна вяртаньня ў Менск Бандарэнкі, але яму ніводнага разу нават не адказалі. Зьміцер Лаеўскі спадзяецца, што пасьля навагодніх сьвятаў сытуацыя выправіцца, інакш ён мусіць паскардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі.

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і ягоны знаёмы, былы вайсковец Уладзімер Асіпенка таксама сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага.
Адвакат Павал Сапелка накіраваў у міліцыю хадайніцтва з просьбай прычыніць справу супроць Мікалая Аўтуховіча, паколькі лічыць ягоную віну сьледчымі не даказанай. Адказу на хадайніцтва пакуль няма, кажа Павал Сапелка.

Нагадаю, азнаямленьне са справай было завершанае 25 сьнежня. Падобная сытуацыя і ўва Уладзімера Асіпенкі, які праходзіць па той жа справе аб падрыхтоўцы да тэракту. Зараз матэрыялы справы Аўтуховіча-Асіпенкі знахолзяцца ў генэральнага пракурора, мяркуе праваабаронца Алег Воўчак.

“Зараз фактычна ў яго ўлада над справай: ці адправіць яе на новае расьсьледаваньне, ці закрыць ці ў суд перадаць. Уся адказнасьць на ім. Гэта сьледчыя могуць памыляцца, будаваць свае вэрсіі, а пракурор ня можа памыляцца, бо ён папісвае”.

Паводле Алега Воўчака справу Аўтуховіча трэба закрыць з-за недаказанасьці віны. “Мы чакаем, што Васілевіч вызваліць нашых сяброў і завядзе справу супроць тых, хто займаўся фальсыфікацыяй. Ды прыцягне да адказнасьці тых, хто гэта ўсё арганізаваў, гэтыя сьледчыя экспэрымэнты”.

Актывіст “Маладога фронту” Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага трымаюць ў Магілёўскай калёніі.
Маці актывіста Маладога фронту Арцёма Дубскага Алена паведаміла Свабодзе, што напярэдадні Новага году сын званіў ёй з калёніі, віншаваў са сьвятамі і прасіў перадаць падзяку ўсім сябрам і аднадумцам, якія дасылаюць яму лісты і паштоўкі з віншаваньнямі. Гэта яго вельмі падтрымлівае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG