Некалькі апошніх дзён рэдакцыйная аўдыёпошта перапоўненая віншаваньнямі нашых слухачоў. Нават вершаванымі, як у Валера Курневіча з Барысава. Прычым з дозай крытыкі.
Спадар Курневіч, Барысаў: “Рэдакцыя “Свабоды”, на ёй віншаваньні да Новага году. А вы каб заўсёды здаровымі былі, каб хвалі “Свабоды” да слухачоў добра плылі. Наконт гэтых хваляў. Каб не было зьявы: хоць сьмейся, хоць плач, бо кепска прымае прымач. Трэба, каб лавіў ня толькі нямецкі, але і беларускі, савецкі”.
У наступным званку — асэнсаваньне пачутага ў эфіры, у тым ліку й перадачы “Званкі на свабоду”. Хто ўважліва слухае яе, зразумее, што й каго меў на ўвазе аўтар.
Іван Леўшанка, Крычаў: “Дзень добры, шаноўная рэдакцыя. Віншую вас з Новым годам, жадаю вам здароўя, шчасьця, посьпехаў. Дзякуй за тое, што вы ёсьць. Не хварэйце, беражыце сябе. З вамі лёгка і проста, бяз вас будзе цяжка. Не зьвяртайце ўвагі на тое, што нехта ня вывучыўся на прэзыдэнта, які хоча вас загнаць у Сібір. Сыбір ад нас далёка, і вы робіце ўсё, каб ніхто з нас больш не патрапіў туды. Дзякуй за тое, што вы ёсьць, тысячу разоў і болей. Вы даяце магчымасьць усім беларусам слухаць беларускую мову, нават тым манкуртам, якія ня вывучыліся на прэзыдэнтаў”.
У наступнага спадара, апроч віншаваньня — працяг тэмы, узьнятай у папярэднім тэлефанаваньні.
Спадар: “Вам тэлефануе Аляксандар Цішкевіч з Салігорску. Я зь беларускай апазыцыяй размаўляю на расейскай мове. Бо на беларускай гэта ж трэба яшчэ падумаць. А гаварыць — гэта размаўляць ці гутарыць? Я чаму падняў пытаньне пра перавод усіх школ, вучылішчаў, тэхнікумаў, унівэрсытэтаў — усіх навучальных установаў Беларусі на беларускую мову. Каб людзі вучыліся і размаўлялі паміж сабой, каб усе прадметы былі па-беларуску. А расейскую мову і літаратуру вывучалі як замежную. Вось так я хацеў. А тут навучылі зь дзяцінства размаўляць на расейскай мове, і я ўжо прывык... Працуйце па маіх тэлефонных званках — там я ўжо ўсё тлумачыў. Будзеце ведаць, што і як рабіць. Дзейнічайце”.
Чарговыя званкі:
Аляксандар Лапіцкі: “Шчыра віншую супрацоўнікаў Радыё Свабода з Новым годам! Жадаю вам, дарагія сябры, і надалей плённай працы на карысьць беларускага народу па ўсталяваньні ў краіне дэмакратыі. Жадаю вам моцнага здароўя і дабрабыту”.
Спадар: “Мы, беларусы, напрыканцы ХХ стагодзьдзя займелі небеларускага краснабая. Вось і многія гады радуемся са сьлязамі на вачах. З Новым годам і Калядамі, дарагія суайчыньнікі! Жыве Беларусь!”
Традыцыйна ў нашай пошце і меркаваньні пра маючыя адбыцца выбары.
Ігар Сьцябуля: “Наконт выбараў і так званых выбараў прэзыдэнта. Абяцанкі-цацанкі, а дурню радасьць. Дзякуй”.
І напрыканцы — чарговае вершаванае віншаваньне.
Спадар Яцкевіч:
“Разважаньні на галоўнай Ёлцы.
Прыйшоў у залю Дзед Мароз, чорны вус і востры нос.
І чаму без барады — ні туды і ні сюды?
Чаму з лысай галавой? Ці наогул гэта той?
Як пачаў нас віншаваць, быццам нечага сказаць.
Пачынае словы путаць, не было чаго і слухаць.
Падаруначкі нам даў — ну, а колькі ў нас адняў?
Кожны год тут перамены, вельмі хутка растуць цэны.
У дзяцей забраў праезд, можа, выказаць пратэст?
Як уцяміць тую зьяву?
Не, браточкі, ён ня той.
Прыйдзе час даўгі аддаць, дык пачне нас прадаваць
Не, ня наш гэта Мароз — чорны вус і востры нос”.
Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.