Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вы за каго: за Горад або за Вёску?



Калі зыходзіць з статыстычных зьвестак паводле ААН, няма роўна ніякіх падставаў лічыць Беларусь асаблівай "сялянскай краінай". Судзіце самі: сярэдняя колькасьць гарадзкога насельніцтва ў "больш разьвітых рэгіёнах сьвету" складае 74,4 %. У Беларусі ж, паводле дадзеных за 2007 год, гарадзкое насельніцтва складала 73%. Гэта найвышэйшы паказчык ва Ўсходняй Эўропе! Параўнайма з нашымі бліжэйшымі суседзямі: Украіна - 67,9%, Польшча - 61,3%, Латвія - 68,0%, Літва - 66,8%, Расея - 72,8%. Між іншым, у такой перадавой краіне Эўразьвязу, як Нямеччына, адсотак гарадзкога насельніцтва толькі крыху большы, чым у Беларусі - 73,5%. Ну і хто тут пасьля гэтага "дзярэўня"?

Аднак значнай часткай найбольш "прасунутых" беларускіх грамадзянаў зь ліку блогераў Беларусь балюча перажываецца менавіта як сялянская краіна. Яны скрушліва бядуюць з гэтай нагоды або зьедліва кпяць зь сялянскасьці беларусаў. Нягледзячы на тое, што фармальна для гэтага няма прычынаў. Але сухія лічбы статыстыкі ААН, вядома, не адлюстроўваюць усёй карціны. Бо нічога не гавораць пра наяўнасьць трывалага гарадзкога асяродзьдзя, ня ўлічваюць адсотак гараджанаў у першым пакаленьні, ступень захаваньня сувязі гараджанаў зь сялянскім або квазі-сялянскім (лецішчы) сьветам, а галоўнае - абмінаюць характар улады і дамінуючай культуры ў краіне.

Калісьці, разважаючы пра прычыны закрыцьця ЭГУ, філёзаф і культуроляг Андрэй Горных паставіў беларускаму палітыка-сацыяльнаму ладу варты асэнсаваньня дыягназ, назваўшы яго "ў найвышэйшай ступені дзіўнай спробай антымадэрнісцкага рэваншу вёскі, жакерыяй (сялянскае паўстаньне) XXI-га стагодзьдзя, якая разгарнулася супраць сусьветнага Гораду". Вытлумачваючы сваю думку, спадар Горных піша:

"Стрыжнем гэтак званай "беларускай ідэалёгіі" зьяўляецца ня столькі якая-небудзь плоская варыяцыя левай ідэі, сколькі адкрыта дэкляраваная неабходнасьць узнавіць у правах каштоўнасьці вёскі, растаптаныя двухаблічным і карысьлівым горадам. Марксызм жа - як неад'емны крытычны складнік мадэрнісцкага праекту - вуснамі сваіх клясыкаў вельмі непахвальна адгукаўся пра гэтыя каштоўнасьці, угледжваючы станоўчую гістарычную ролю буржуазіі ў тым, што яна "падпарадкавала вёску панаваньню горада. Яна стварыла вялізныя гарады, у высокай ступені павялічыла колькасьць гарадзкога насельніцтва ў параўнаньні зь сялянскім і вырвала такім чынам значную частку насельніцтва з ідыятызму сельскага жыцьця" (Маніфэст камуністычнай партыі, разьдзел 1). "Ідыятызмам" з пункту гледжаньня гараджаніна выглядае сялянскі спосаб існаваньня, гэтае "ўменьне сялянаў, якое прыводзіць у адчай, дзе б яны ні знаходзіліся, адмаўляцца ад любых новаўвядзеньняў, а таксама непараўнальная ўпартасьць пры ўзнаўленьні раўнавагі ў жыцьці, якое нязьменна перажывае зьмены" (Ф. Брадэль, Матэрыяльная цывілізацыя, эканоміка, капіталізм XV–XVIII стагодзьдзяў).

Натуральна, з пазыцыяў сялянскага "рэнэсансу" ўдары будуць наносіцца найперш па тым, у чым клясавы нюх распазнае сутнасьць супрацьлежнага яму Гораду. У прыватнасьці, па самых розных праявах індывідуальнага Стылю, па зачаткавых элемэнтах гарадзкіх элітаў. Людзі мастацтва, правыя і левыя інтэлектуалы, капіталісты і ўнівэрсытэцкія філёзафы, дзейныя, незалежныя, адукаваныя людзі, якія маюць уласнае аблічча - уся гэтая разнамасная кампанія стрыжэцца пад адзін капыл суворым цырульнікам".

Гэтым тыднем супрацьстаяньне Гораду і Вёскі актуалізавалася ў беларускай блогасфэры.


ВАНДЭЯ ПА-БЕЛАРУСКУ


"Большасьць нашага соцыюму", - сьцьвярджае abrykos у допісе пад назвай "Каўбаса і нацыянальная ідэя" - "складаюць людзі зь сялянскай псыхалёгіяй, бо альбо непасрэдна зь вёскі паходзяць, альбо перанялі яе ад бацькоў, якія ў свой час пераехалі ў горад... Чалавек мэгаполісу можа сабе дазволіць уступіць у канфлікт зь мясцовай уладай, бо ягоны дабрабыт ад улады не залежыць. А селянін залежыць ад усіх і ўсяго: і ад надвор'я і ад начальнікаў. Селянін ня можа так вось усё кінуць, і пераехаць у іншае месца. Таму і канфліктным селянін ня можа быць... Селянін чалавек прыземлены, за ідэю рызыкаваць ня будзе, ён жыве сёньняшнім днём, сініцай у руках... У сучасных умовах селянін на суткі за свабоду асобы і правы чалавека ня пойдзе. Гарадзкі можа сабе дазволіць пасядзець на сутках, ведаючы, што ў выпадку перамогі, у яго зьявіцца значна больш шанцаў для самарэалізацыі".

Незалежна ад яго istoriograf апублікаваў допіс, азагалоўлены "Чарка і шкварка". Нешта пацягнула беларускіх блогераў на гастранамію. Таксама пра сялянаў, якім чужыя высакародныя ідэйныя памкненьні, у тым ліку нацыяльныя. Блогер піша пра аднаго з герояў літаратурных успамінаў Я. Брыля "Ніжнія Байдуны" - Сідара Асмалоўскага па мянушцы "Сідар-гоп". Які празь зьбег акалічнасьцяў трапіў падчас вайны ў штрафбат, а пазьней і ў лягер, пасьля чаго вярнуўся ў родную вёску, дзе быў прыстаўлены да абсемяненьня кароваў. Брыль згадвае, як Сідар па вяртаньні ўзьняў падчас застольля тост: "За савецкую, хлопцы, турму! Бо гэта, я вам скажу, не турма, а сплашная прывілегія. З дурня зрабілі зь мяне чалавека. Зноў я нашы кароўкі лячу, зноў нашым людзям дабра хачу, п'ю нашу родную чарку, ем нашу родную скварку, няхай жыве наша рабоча-сялянская ўлада і - нічога нам болей не нада!.." Такі вось элемэнтарны кансэрватызм.

Трэба адзначыць, што ў гэтым няма нічога спэцыфічна беларускага. Сяляне ўсяго сьвету зьяўляюцца або лічацца носьбітамі кансэрватыўнага сьветапогляду. Гэтак, часьцяком прыхільнікі дэмакратаў у ЗША зьняважліва называюць электарат рэспубліканцаў "рэднэкамі" - "чырвонашыімі". То бок, па-наску кажучы, "дзярэўняй", "калгасьнікамі". Жыхары Баварыі - у нядаўнім мінулым пераважна аграрнага рэгіёну - у вачах астатніх немцаў выглядаюць цьвердалобымі, абмежаванымі, прыземленымі і да т.п. Дарэчы, менавіта ў Баварыі калісьці высьпела і падужала НСДАП. Сусьветнавядомы прыклад упартага, ваяўнічага сялянскага кансэрватызму - французская Вандэя. Якая пазьней зрабілася сымбалем кансэрватыўнага супраціву нізоў радыкальным зьменам. Памятаеце, як падчас першага масавага шэсьця ад Усходніх могілак да Курапатаў мітынгоўцы, у адказ на дзеяньні міліцыянтаў, скандавалі: "Вандэя! Вандэя! Вандэя!".

Парадокс беларускай сытуацыі: па сутнасьці, тут сутыкнуліся ілбамі два розныя тыпы кансэрватызму - рэвалюцыйны і рэакцыйны. Што цікава, кожны зь іх розным чынам даводзіў сваю прагрэсіўнасьць.

На сьвітанку нацыятворчага працэсу, у пачатку дваццатага стагодзьдзя, паўсталая беларуская інтэлігенцыя апэлявала найперш да сялянскага сьвету. Севярын Квяткоўскі такім чынам выказаўся пра Янку Купалу: "Сядзеў чалавек у нятаннай кавярні, з дарагім каньяком. З дарагой кавай, з дарагой цыгарай, і пісаў: "Я мужык беларус / Пан сахі і касы". Некаторыя чытачы паставілі пад сумнеў гістарычную дакладнасьць адарванасьці Купалы ды іншых адраджэнцаў ад народу. Прыкладам, antanian, чый дзед, паводле ягоных словаў, "пьянага Купалу на руках насіў", напісаў, што і ў выпадку Купалы, і ў выпадку "пана сахі і касы" гаворка ішла "пра якіх 20-50 рублёў у месяц".

Зрэшты, гістарычная дакладнасьць тут неістотная. Галоўнае, што частка сёньняшняй нацыяльна-арыентаванай грамады ўжо не жадае ні ў якім разе асацыяваць сябе з сялянствам, а хоча мець у сваіх духоўных бацьках "сталічных паноў".

Аб чым недвухсэнсоўна заявіў Алесь Чайчыц, абвясьціўшы вайну культу бульбы (т.б. "дэбульбізацыю") і звароту "спадар". Бульбе - за тое, што яна "сымбаль цёмнага XIX-га стагодзьдзя", што было "ледзь не адзіным стагодзьдзем, якое для Беларусі цалкам прайшло пад панаваньнем вонкавай сілы без намёку на сувэрэнітэт і самакіраваньне". Зварот "спадар" трапіў у няміласьць з тае прычыны, што нацыяльны рух нашаніўскага пэрыяду, які ўвёў яго ва ўжытак замест "пана", меў выразную сацыялістычную афарбоўку, а "шляхце і гарадзкой спадчыне было адведзенае толькі другаснае месца".

"Для слабога чалавека заўсёды крыўдным ёсць тое, што ён хоча бачыць крыўдным. Да моцнага гэткае не прыліпае. Мне даспадобы, што большасьць беларусаў падобныя рэчы ніколькі не хвалююць. Яны мацнейшыя за дробныя показкі. А панам ёсць значны чыноўнік ці магнат, а звычайны беларус - спадар". - запярэчыў яму zavalnja.

Занадта аптымістычна. Я б сказаў, "з аптымістычнасьцю Алега Трусава". Большасьць беларусаў не хвалююць "падобныя рэчы" зусім не з прычыны духоўнай моцы. А проста таму, што не хвалююць, і ўсё. Як не хвалюе праблема filioque або пытаньне падзелу ўладаў - празь іх далёкасьць ад праблемаў штодзённага жыцьця.

"Вось і мацуецца ў сьвядомасьці, што беларус ня можа быць значным чыноўнікам ці магнатам, і што магнаты былі нейкімі замежнікамі (што зь нейкага пункту гледжаньня так і было - магнатам не было месца ў беларускім нацыянальным праекце). Галоўнае, ня блытаць моцнасьць і цярпільства. І ці ня можа ілюзорная моцнасьць якраз быць максымальнай ступеньню цярпільства, эвалюцыянаваным цярпільствам? "Зямелька наша гаротная", "беларус-мужык з каўтуном у валасах", "Мы беларусы, мірныя людзі", "А можа так і трэба" --> "а ня так ужо нам і крыўдна за "бульбаша", - адгукнуўся гаспадар блогу.

ПРАЦЭС ПАЙШОЎ


Больш за ўсё шуму ў блогасфэры нарабіў "Адкрыты ліст супраць хомопропаганды", падпісаны Аляксандрам Стральцовым-Карвацкім, да беларускіх праваабаронцаў. "Ягамосьць спадар маршалак Манархічнае Лігі ВКЛ" Стральцоў-Карвацкі заклікаў Рабочую групу Асамблеі НДА, ПЦ "Вясна" і Беларускі Хэльсінскі Камітэт спыніць супрацоўніцтва з грамадзкай ініцыятывай "ГейБеларусь" - "пакуль наш родны Менск, не паўтарыў лёс Садому і Гаморы". Чым зрабіў вялікую паслугу прыхільнікам адстойваньня правоў сэксуальных мяньшыняў.

Да зьяўленьня гэтага ліста рэдкі блогер зь ліку гетэрасэксуальнай большасьці закідваў слоўца ў абарону геяў. Гамафобія панавала непадзельна і геі атрымлівалі кухталі з усіх бакоў. Аднак калі паўстала пытаньне выбару паміж геямі і ультра-кансэрватарамі нават многія зацятыя гамафобы пачалі ўскосна абараняць гомасэксуалістаў. Таму што, падобна, успрынялі ініцыятыву Стральцова-Карвацкага як замах Вёскі на Горад. Невыпадкова l_u_f_t, парадыруючы згаданы ліст, замест "традыцыйных каштоўнасьцяў" уставіў "паўкабана ў халадзільніке, і штоб не была вайны". Зьдзекліва абазначыўшы сялянскасьць падпісантаў ліста. Зрэшты, падпісанты не пакрыўдзіліся. Наадварот, ахвотна згадзіліся з такім азначэньнем.

Такім чынам, у беларускай блогасфэры, дасюль даволі расплывістай, слаба дыфэрэнцыяванай паводле палітычных перакананьняў, зьявіліся дзьве больш меньш акрэсьленыя групы: партыя Гораду і партыя Вёскі. Прастора выбару пашырылася: калі раней пазыцыяў было ўсяго тры - за Лукашэнку, супраць Лукашэнкі, супраць усіх - цяпер можна далучыцца да "гараджанаў" або "сялянаў". Працэс пайшоў, як той казаў.

Вы за каго: за Горад або за Вёску?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG