Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пеладзі ў шакалядзе


— А, гэта вы? Хадзіце сюды! Я хачу замовіць вам што-небудзь гэткае чульлівае для каляднага нумара. Згодны, дружа?

Джэром К. Джэром «Чульлівая гісторыя»

Санта-Клаўс, алені, ёлка, камін, шкарпэткі, індычка — вось неабходныя інгрэдыенты для стварэньня сапраўднай каляднай казкі. Але я хачу распавесьці вам іншую, падзеі якой таксама адбываюцца напярэдадні Каляд. Гэтая гісторыя — пра тое, як два бамжы з Вугоршчыны атрымалі ў спадчыну 4,5 мільярда эўра.

Перад тым як я працягну распавядаць далей, перачытайце, калі ласка, яшчэ раз: два бамжы атрымалі ў спадчыну 4 500 000 000 (чатыры з паловай мільярды) эўра. Вось так вось, менавіта.


Вы ўжо маглі здагадацца, што яны былі сваякамі, а дакладней — братамі. Аднаго клікалі Жольт, другога — Геза, а прозьвішча іх — Пеладзі. Менавіта Жольт і Геза Пеладзі будуць сёньня нашымі казачнымі пэрсанажамі.


Браты пражывалі ў нейкай пячоры, напэўна вельмі бруднай і смуроднай. Зьбіралі піўныя бутэлькі, макулятуру, тым і карміліся. Магчыма, нават зайздросьцілі людзям, якія пілі гэтае піва, чыталі эканамічныя газэты і сачылі за адсоткавымі стаўкамі на іпатэку ва ўмовах крызісу. Дзяўчаты братоў не любілі, таму гаспадыні з клапатлівай жаночай рукой у іх пячоры зроду не бывала — адна разруха ды крызіс сярэдняга ўзросту.


І тут чатыры з паловай мільярды эўра ад бабулі зь Нямеччыны.


— Ушчыпні мяне, Жольт.


— Укусі мяне, Геза.


І неяк адразу карціна сьвету куляецца з ног на галаву. Людзі, якія выкідаюць піўныя бутэлькі, аказваюцца проста студэнтамі, а тыя, што купляюць жыльлё ў крэдыт, — бяздарным офісным плянктонам, ні на што іншае ў жыцьці няздатным. А браты Пеладзі могуць дазволіць сабе прыдбаць піўны заводзік, футбольны клюб «Чэлсі», а разам з тым абваліць пару індэксаў на фондавай біржы.


Па ўсёй Вугоршчыне, а пасьля і сьвеце ляцяць навінавыя загалоўкі: «Бамжы атрымалі ў спадчыну 4,5 мільярда эўра». І нейкімі дзіўнымі выглядаюць гэтыя загалоўкі. Калі столькі грошай, то чаму бамжы? А калі ўсё ж такі бамжы, то чаму столькі грошай? А калі кінуць іх на шалі, то больш правільна будзе сказаць, што ў бамжоў зьявілася 4,5 мільярда эўра ці што ў 4,5 мільярда эўра завяліся бамжы? І тут мы падыходзім да філязофскай маралі нашай казкі. Асоба чалавека і грошы, якія ён мае, — сымбіятычная пара, якая разьвіваецца на працягу гадоў. Браты Пеладзі і мільярды эўра — вынік штучнай трансплянтацыі. Ці будуць яны здольныя суіснаваць адны з аднымі, пакажа час.


Але вернемся да жыцьця нашых казачных герояў. «Паводле слоў шчасьлівых валацугаў, атрымаўшы спадчыну, яны спадзяюцца знайсьці сваё каханьне, бо да гэтага часу жанчыны «не зьвярталі на іх увагі».


Калі гэта паказвалі па тэлевізары, то мне адразу ўяўляецца рэакцыя эўрапейскага гледача. Гэта пануры грузны мужчына сярэдніх гадоў з чырвоным тварам, бацька некалькіх дзяцей ды муж іх маці. Ён сядзіць за келіхам піва пасьля вячэры, калупаецца запалкай у зубах. І тут ён чуе, як разбагацелыя браты мараць услых пра жанчын.


— Ужо будзьце ўпэўненыя, Жольт і Геза, — чамусьці злуецца мужчына, — гэтых сучак у вас зараз навалам будзе. Яшчэ ня будзеце ведаць, як пазбавіцца.


І вось на гэтай шчасьлівай ноце я сканчаю сваю казку і зычу Жольту і Гезу пасьпець да Каляд аформіць дакумэнты на спадчыну.


А вам, мае чытачы, я распавяду, што некаторыя крыніцы паведамляюць, нібыта братам Пеладзі дасталіся не 4,5 мільярда, а ўсяго толькі 111 мільёнаў эўра. Але ім мы верыць ня будзем, інакш у чым жа тут казка.


Крыніцы: першая, другая, трэцяя

kirillka

Нарадзіўся ў 1983 годзе. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт, працую па спэцыяльнасьці. Пішу мастацкую прозу. Фіналіст конкурсу маладых літаратараў да стагодзьдзя газэты «Наша ніва», які ладзіўся беларускім ПЭН-цэнтрам; конкурсу маладых літаратараў «Слова.doc». У блогах з 2003 году. Першапачаткова меў старонку на liveinternet.ru, у 2006 годзе пераехаў на livejournal.com. Працую ў жанры дробнабытавога лытдыбру.


1. Навошта я пішу блог


Мяне вабіць жанр паста — кароткі фармат, які ні да чога не абавязвае. Можна ўзгадаць забаўны выпадак, распавесьці гісторыю, падзяліцца думкамі, нешта спытаць. Да таго ж блог — зручнае месца, каб паказаць чытачам свае сьвежыя аповеды і атрымаць першыя водгукі.


2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах


Акрамя ўсяго іншага, блогі — вельмі добрая пляцоўка для падтрыманьня зносінаў зь людзьмі, як знаёмымі ў жыцьці, так і незнаёмымі. Таксама вельмі прываблівае хуткасьць распаўсюджваньня інфармацыі ў блогасфэры, дзякуючы чаму можна заўсёды быць у курсе падзей.


3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах


Калі блогеры пішуць невыразна і няўцямна, не клапоцячыся пра фрэндаў, злоўжываючы ўвагай людзей, якія добраахвотна пагадзіліся іх чытаць.


4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць


annahonda.livejournal.com


lionellia.livejournal.com


n_mancewich.livejournal.com


nomad-3px.livejournal.com


paulantipov.livejournal.com

XS
SM
MD
LG