Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фядута пра Праляскоўскага: Былых кэдэбістаў не бывае


Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута
Цыганкоў: Кожная зьмена на высокіх паверхах улады звычайна азначае, што новыя людзі павінны вырашаць нейкія новыя задачы? Да якіх задачаў пакліканыя тыя людзі, якія сёньня былі прызначаныя?

Фядута: Я б зьвярнуў увагу найперш на ракіроўку Мальцава і Жадобіна. Вядома, што Жадобін вельмі няўтульна адчуваў сябе ў якасьці спачатку старшыні КДБ, потым —Дзяржсакратара Рады бясьпекі. Усё ж такі ён вайсковец, і зараз вяртаецца ў тое ведамства, якое для яго арганічнае і роднае.

Зразумела, чаму ён вяртаецца. Леанід Мальцаў быў, на мой погляд, чалавекам зламаным. Яго спачатку моцна пакрыўдзілі, публічна абвінаваціўшы ў п’янстве, а потым вярнулі на пасаду Міністра абароны. І гэты разумны і адукаваны вайсковец сышоў, каб вызваліць месца для, магчыма, менш адукаванага, але больш ляяльнага Жадобіна. Гэта азначае, што ўлада вельмі сур’ёзна рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў. Яшчэ і таму, што Мальцаў быў ляяльны да Лукашэнкі-старэйшага, а Жадобін будзе ляяльны і да Віктара Лукашэнкі.

Цыганкоў: Аляксандр, вы сказалі, што Мальцаў — чалавек зламаны. Але хіба не давядзецца яму праяўляць моцныя якасьці на гэтай пасадзе, калі прыйдзецца, напрыклад, рэгуляваць канфлікты паміж рознымі сілавымі групоўкамі?

Фядута: Ведаеце, калісьці я пісаў, што цэнтар улады залежыць не ад таго, якую пасаду займае Віктар Шэйман, а ад таго, ці слухае Шэймана Аляксандар Лукашэнка. Гэта тое, што адбываецца зараз з Мальцавым. Пасада, магчыма, і лічыцца больш значнай. Але, зразумела, што свабоды дзеяньняў у Мальцава на гэтай пасадзе будзе значна менш, чым было у Жадобіна і менш чым было у самога Мальцава на пасадзе міністра.

Цыганкоў: Калі звольнілі Праляскоўскага, журналісты пісалі, што гэта знакавае адхіленьне, што дзьмуць пэўныя новыя ветры, і вось зараз гэты ж самы Праляскоўскі зноў прызначаецца на даволі істотную ідэалягічную пасаду міністра інфармацыі. Што гэта азначае?

Фядута: Насамрэч яго нікуды не адхілялі, ён быў кіраўніком аналітычнага Цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта, і вядома, што ён уваходзіў у абойму тых, каго прылічвалі да групы вакол Віктара Лукашэнкі. І тое, што яго адсунулі з адміністрацыі, сьведчыла, што ў апаратнай барацьбе паміж ім і Пяткевіч перамагла Натальля Пяткевіч. Тое, што яго прызначылі зараз міністрам — гэта азначае, што ў мэдыйнай сфэры атрымліваецца пэўнае двоеўладзьдзе, якое нічога добрага не нясе незалежнаму друку. Ня толькі мэдыям, але і друку наогул, таму што зараз кожны з людзей, які па пасадзе сваёй павінен уплываць на інфармацыйную і кніжную сфэры, будзе даказваць прэзыдэнту, што ён зьяўляецца больш эфэктыўным, а гэта заўжды за наш кошт.

Цыганкоў: Аляксандар, ці не дапускаеце вы, што людзі могуць мяняцца і выконваць новыя задачы, якія ставіць разьвіцьцё падзеяў? І Алег Праляскоўскі, які выконваў у свой час пэўныя задачы па ўцісканьні прэсы, можа зараз цалкам адпавядаць курсу на большую лібэралізацыю?

Фядута: Ён можа адпавядаць курсу на большую лібэралізацыю, але пакуль што няма падставаў, каб рабіць пэўную выснову, што ёсьць загад на курс на лібэралізацыю. Таму спадар Праляскоўскі, мажліва, і зьмяніўся, хаця наконт былых кэдэбістаў некалі Барадулін добра сказаў, што не бывае былых кэдэбістаў. Але, апроч гэтага, можна сказаць, што няма загаду і няма заказу зьверху на новую інфармацыйную і культурна-моўную палітыку.

Цалкам меркаваньне Аляксандра Фядуты і Аляксандра Класкоўскага чытайце ў перадачы “Экспэртыза Свабоды”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG