Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маўчаньне Козіка


Тацяна Шапуцька
Тацяна Шапуцька

У абарону адлічанай з БДУ Тацяны Шапуцькі створаны аргкамітэт, у які ўвайшлі палітыкі, праваабаронцы, пісьменьнікі і вядомыя грамадзкія дзеячы. Яны заяўляюць пра палітычны перасьлед. Дзяўчыну адлічылі за ўдзел у паседжаньні Форуму грамадзянскай супольнасьці краінаў “Усходняга партнэрства”. Тацяна хоча атрымаць адукацыю ў Беларусі.

Тацяна Шапуцька паведаміла, што будзе падаваць скаргу ў Міністэрства адукацыі і спрабаваць аднавіцца на вучобе праз суд. Дзяўчына лічыць неабходным для сябе атрымліваць адукацыю ў Беларусі, хаця б на завочнай форме навучаньня:

“Я спадзяюся, што супольнымі высілкамі загад рэктара будзе адкліканы. Але ў любым выпадку я буду перастрахоўвацца і падаваць скаргу ў Міністэрства адукацыі і заяву ў суд.

Я ня маю ў плянах зьяжджаць за мяжу, таму што я на свае вочы ўбачыла, які вялікі досьвед дае навучаньне ў асяродку беларускіх студэнтаў. Нават адзінкавыя дэмакратычныя актывісты могуць іх актывізаваць. Гэта вельмі важна для таго, каб разьвіваць студэнцкую супольнасьць у Беларусі, а не за мяжой.

Мае аднагрупніцы ў публічных месцах размаўляюць са мной па-беларуску. Тое ж было і з Франкам Вячоркам, калі ён вучыўся на факультэце журналістыкі”.

Тацяна распавяла, што мае высокі бал пасьпяховасьці і амаль не прапускала заняткаў. Паводле фармулёўкі ў загадзе пра адлічэньне, яе звольнілі за парушэньне статутных правілаў унутранага распарадку. Тацяна была 16 і 17 лістапада ў Брусэлі. Фактычна яна прапусьціла толькі тры дні. Пра свой ад’езд загадзя папярэдзіла старасту групы.

Намесьнік дэкана па выхаваўчай працы юрфаку БДУ Андрэй Шыдлоўскі наконт прычынаў адлічэньня сваёй студэнткі паведаміў, што дэканат тут ні пры чым, і спаслаўся на сваю занятасьць.

“Усё толькі ў адпаведнасьці з правіламі, са статутам БДУ. Я што — прымаў нейкія рашэньні? Пры чым тут я, не разумею”.


СТУДЭНЦКАЯ САЛІдарнасьць


Студэнты юрыдычнага факультэту, дзе вучылася Тацяна, на знак салідарнасьці пачалі збор подпісаў у рэктарат БДУ. Сёньня створаны аргкамітэт у падтрымку Тацяны Шапуцькі, у які ўвайшлі вядомыя палітыкі і грамадзкія дзеячы.

Гаворыць лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч:

“Мы ў гэтай сытуацыі будзем прыкладаць усе высілкі, каб дамагчыся праўды, каб яе аднавілі на вучобе, празь міжнародныя кантакты, свае асабістыя. Будзем зьвяртацца да партый. Ад панядзелка “Малады фронт” сумесна зь іншымі моладзевымі арганізацыямі распачынае збор подпісаў каля БДУ ў падтрымку Тацяны.

Мы будзем выкарыстоўваць і дыпляматычныя каналы, міжнародныя, праваабарончыя і арганізацыйныя”.

Інфармацыя пра адлічэньне Тацяны Шапуцькі за яе ўдзел у паседжаньні Форуму грамадзянскай супольнасьці краінаў “Усходняга партнэрства” перададзена ў Брусэль у Эўрапейскую камісію. Праінфармаваныя таксама некаторыя дыпмісіі ў Беларусі.

Сяргей Мацкевіч паведаміў, што будзе 8 сьнежня ў Брусэлі на паседжаньні міністраў замежных спраў і там скажа пра палітычна матываваныя звальненьні ў Беларусі.

Тым часам маладафронтаўцы шукаюць старшыню Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай Леаніда Козіка, які ў Брусэлі на паседжаньні Форуму грамадзянскай супольнасьці краінаў “Усходняга партнэрства” казаў, што выйдзе на маніфэстацыю ў цэнтры Менску, калі Тацяну Шапуцьку адлічаць з БДУ.

У прыёмнай старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў сакратарка паведаміла, што Леаніда Козіка няма і што ён заняты. Яна запэўніла, што як толькі сп.Козік вызваліцца, то патэлефануе карэспандэнту “Свабоды”, каб даць камэнтар.

Прайшло больш за 10 гадзінаў, але галоўны прафсаюзны функцыянэр так і не патэлефанаваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG