Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, Кастрычніцкая плошча


Шыльда свабоды
Менск, Кастрычніцкая плошча
Тут з 20 да 24 сакавіка 2006 году на знак пратэсту супраць сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў быў усталяваны народны намётавы лягер, жорстка здушаны спэцсіламі. Сотні чалавек былі зьбітыя і кінутыя ў турмы.

На гэтай плошчы адбылося багата іншых акцыяў пратэсту супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
«Плошча Каліноўскага» ў найноўшай гісторыі змаганьня за свабоду была, відавочна, самым моцным адказам людзей на нахабную хлусьню ўладаў. Калі ў беларусаў скралі галасы на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году, яны ўсталявалі на цэнтральнай плошчы сталіцы намётавы лягер — сваю тэрыторыю свабоды. І назвалі гэтае месца плошчай Каліноўскага.

Некалькі сотняў адважных людзей правялі чатыры ночы і тры дні ў намётах пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. На зьледзянелым бруку, у атачэньні спэцназу, міліцыі і пад зьнявагамі адмыслова прывезеных гэтак званых вэтэранаў. Адзін з актыўных удзельнікаў акцыі Вячаслаў Сіўчык называе гэта нацыянальнай дзеяй:

«Гэта былі дзеяньні беларускай нацыі. Плошча патрэбна была Беларусі. Гэта паказчык таго, што беларуская нацыя ёсьць. І што, нягледзячы на жорсткі рэжым, нягледзячы на запалохваньне, беларусы жадаюць людзьмі звацца».

На выспачцы свабоды ішлі мітынгі, сьпяваліся беларускія песьні, вялася рэтрансьляцыя перадачаў Радыё Свабода, яе паказвалі праз СіЭнЭн па ўсім сьвеце. Міліцыя распачала блякаду лягеру: абшуквала кожнага, хто ішоў на плошчу, каб не праносілі ежу, коўдры, цёплае адзеньне. Канфіскоўвала «кантрабанду» і арыштоўвала «кантрабандыстаў». І тым ня меней людзі, пераважна старэйшага веку і дзеці, пад футрамі і ў кішэнях праносілі на плошчу ежу і перадавалі ў лягер.

Людзі не здаваліся. І тады ўлады пайшлі на штурм. Успамінае лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч:

«А трэцяй ночы, вывеўшы ўсіх журналістаў, нас атачылі спэцназам. Дагэтуль я такіх бачыў толькі ў дзіцячых мультфільмах — баевікі з налакотнікамі, накаленьнікамі, у шлемах, са шчытамі, у адмысловых пальчатках. Падагналі трактары, новыя аўтазакі і пачалі зачыстку. Усе, хто знаходзіўся ў намётавым мястэчку, селі на зямлю, узяліся за рукі. На жаль, некаторыя маладыя людзі, якія былі сярод нас, аказаліся супрацоўнікамі міліцыі, і яны ўставалі і цягнулі за сабой у бок спэцназу яшчэ кагосьці. Зачыстка адбылася вельмі хутка і брутальным чынам. Па некалькі спэцназаўцаў разам хапалі нас. Тых, хто супраціўляўся, білі. Дзяўчаты плакалі, крычалі».

Сотні чалавек былі кінутыя ў турмы, выключаныя з унівэрсытэтаў, звольненыя з працы.

Гэта была, бадай, самая гераічная акцыя пратэсту зь дзясяткаў, што адбываліся тут. Плошча памятае ланцугі салідарнасьці са зьніклымі апанэнтамі рэжыму, мітынгі і дэманстрацыі рабочых, прадпрымальнікаў, флэшмобы маладафронтаўцаў. Сюды прарываліся ўдзельнікі сьвяткаваньняў Дзён Волі, а на подступах да плошчы іх хапалі амонаўцы. Тут у адчаі апазыцыянэры прыкоўвалі сябе кайданкамі да слупоў.

Гэта месца славы прагных волі і месца ганьбы ахоўнікаў рэжыму.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG