Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: “Мытны саюз будзе суправаджацца шматлікімі скандаламі”


Дзьмітрый Мядзьведзеў, Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў.
Дзьмітрый Мядзьведзеў, Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў.
Ці можа стацца, што Мытны саюз, абвешчаны пакуль што толькі на паперы ды з высокіх трыбунаў, так і застанецца з шэрагу дэкляраваных намераў? Казахстанскі палітоляг Дасым Сатпаеў не выключае такога разьвіцьця падзеяў — маўляў, занадта шмат супярэчнасьцяў як на ўзроўні дзяржаваў, так і паміж кіраўнікамі Беларусі, Расеі і Казахстану:

“Канечне, можа цалкам так быць. Увогуле ўзьнікае ўражаньне, што ўсё пойдзе ня вельмі гладка, як заяўляецца. Шчыра кажучы, зьдзіўляе пазыцыя Расеі. З аднаго боку, засталося некалькі месяцаў да стварэньня Мытнага саюзу, а паміж Расеяй і Беларусьсю ўзмацняюцца трэньне і напружанасьць. Спачатку Лукашэнка зрабіў рэзкія выпады на адрас Расеі, на адрас ураду расейскага.

У адказ Мядзьведзеў на сустрэчы зь беларускімі журналістамі „ўкалоў“ Лукашэнку. То бок, неяк гэта ўсё не адпавядае таму фону, які мусіць быць для падпісаньня пагадненьня аб стварэньні саюзу. Нават калі гіпатэтычна ўявіць, што ў наступным годзе Мытны саюз фармальна будзе абвешчаны, то запатрабуецца нашмат больш часу, каб згладзіць усе гэтыя супярэчнасьці, падазрэньні, сумненьні. Каб не атрымалася так, што мэханізм на стварэньне Мытнага саюзу папросту ня будзе працаваць. А нават калі і будзе, то гэта будзе суправаджацца шматлікімі скандаламі”.

Карэспандэнт: “То бок, пакуль галоўнае — зрабіць добрую міну пры падпісаньні дакумэнтаў. А потым ужо будзе не да сьмеху…”

“Так, натуральна. Бо, як кажуць, д’ябал хаваецца ў дэталях. І менавіта з нагоды дэталяў асноўныя турботы. Многія наўпрост сьцьвярджаюць, што гэты праект больш палітычны, чым эканамічны. Прыкладам, Казахстан, з майго гледзішча, яшчэ не сасьпеў для Мытнага саюзу. На жаль, наша эканоміка пераважна сыравінная. Расейская, натуральна, таксама сыравінная, але, прабачце, там ёсьць пэўны патэнцыял — і перапрацоўчая прамысловасьць, і аўтамабільная. У Казахстане гэтага няма. То бок, у сэрыі менавіта гэтых сэгмэнтаў эканомікі Казахстан, канечне, у пройгрышнай сытуацыі ад самага пачатку знаходзіцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG