Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут расейскай мовы супраць назвы “Беларусь”


У расейскай мове адносна суседняй краіны ёсьць адна норма – “Белоруссия”, якой і трэба прытрымлівацца. Гэта датычыцца як паўсядзённай мовы, так і сродкаў масавай інфармацыі, – мяркуе вучоны сакратар Інстытуту расейскай мовы РАН Уладзімір Пыхаў.

Так, паводле расейскага тэлеканалу “Вести”, навуковец пракамэнтаваў прапанову беларускага Мін’юсту “прызнаць адзіна правільнай формай назвы дзяржавы “Рэспубліка Беларусь” або “Беларусь”.

Напярэдадні з такой ініцыятывай да расейскага боку зьвярнулася намесьніца міністра юстыцыі Беларусі Ала Бадак. Менавіта норма “Беларусь”, на думку чыноўніцы, павінны выкарыстоўвацца ў нарматыўных актах на ўсёй тэрыторыі Саюзнай дзяржавы і ў сродках масавай інфармацыі.

Напярэдадні, падчас паседжаньня сумеснай калегіі міністэрства Юстыцыі Беларусі і Расеі, расейскі міністар юстыцыі Аляксандар Канавалаў заявіў, што: "пытаньне абсалютна не дыскусійнае" і паабяцаў выдаць распараджэньне аб тым, каб у афіцыйных дакумэнтах назва краіны пісалася менавіта як Беларусь, а не “Белоруссия”. Акрамя таго, Канавалаў мае напісаць ліст у Адміністрацыю прэзыдэнта Расеі з тлумачэньнем аб слушнасьці выкарыстаньні назвы Беларусі.

Аднак Інстытут расейскай мовы з гэтым ня згодны. “Нормы расейскай мовы такой назвы не прадугледжваюць”, – кажа вучоны сакратар Інстытуту расейскай мовы РАН Уладзімір Пыхаў. – Па-расейску павінна быць адназначна: Белоруссия. А як жа іначай? Гэтага патрабуе сама мова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG