Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гародня, вуліца Дамініканская, 1. Газэта “Пагоня”


Шыльда свабоды
Гародня, вуліца Дамініканская, 1.У гэтым доме з 1992 году працавала рэдакцыя газэты “Пагоня” — адной зь першых беларускіх незалежных газэт эпохі барацьбы за нацыянальную дзяржаву і дэмакратыю. У 2001 годзе за аб’ектыўнае асьвятленьне прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі яе забаранілі, а рэдактара Міколу Маркевіча і журналіста Паўла Мажэйку пазбавілі волі.
Існуе легенда, што на наступны дзень пасьля выступу дэпутата Сяргея Антончыка з антыкарупцыйным дакладам у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня ўсе газэты выйшлі зь белымі плямамі. І гэта няпраўда, бо гарадзенская незалежная газэта “Пагоня” выйшла з поўным тэкстам дакладу.

Пазьней у “Пагоні”, якую не дагнала цэнзура, было надрукавана скандальнае інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі нямецкай газэце “Гандэльсблат” з камплімэнтамі Адольфу Гітлеру.

Газэта, якая пачыналася як заходнебеларускі рэгіянальны агляд, хутка стала агульнанацыянальнай грамадзка-палітычнай газэтай з накладам да 17 тысяч.

Для таго каб выдаваць газэту, Мікола Маркевіч і Аляксей Карпюк у 1991 годзе заснавалі культурна-асьветніцкі фонд “Бацькаўшчына”. Фонд зьбіраў і зарабляў грошы на выданьне газэты, адмыслова для рэдакцыі ўтрымліваў памяшканьне ў цэнтры гораду. Там жа знайшлі прытулак Таварыства беларускай мовы, БНФ, іншыя свабодныя гарадзенскія ініцыятывы. Пробны нумар “Пагоні” выйшаў на Дзень Волі — 25 сакавіка 1992 году. Да лістапада 1993 году рэдактарам быў Сяргей Астраўцоў, а затым — Мікола Маркевіч. Ён і ўдакладняе адрас рэдакцыі:

“У свой час абсалютна сьвядома мы паставілі ў выхадных дадзеных газэты адрас Дамініканская, 1, а не Савецкая, 10. Рэдакцыя газэты месьцілася на рагу гэтых дзьвюх вуліц, і юрыдычны адрас быў — Савецкая, 10. Нам гэта падавалася абсалютна непрымальным, што газэта з такім зьместам, з такой пазыцыяй будзе мець такія выхадныя дадзеныя. “Пагоня” ў розны час месьцілася на розных адрасах. Быў і такі час, калі некалькі нумароў мы ўвогуле выпусьцілі, што называецца, на вуліцы, на каленях. “Пагоню” часта пазбаўлялі памяшканьня. Я думаю, што ў Гародні мы налічым ня меней як восем адрасоў, дзе рабілася “Пагоня”.

У 2001 годзе газэта шырока асьвятляла прэзыдэнцкую выбарчую кампанію, і зноў, як і ў 1994 годзе, была не на баку Лукашэнкі. Адбылася расправа. Спачатку быў арыштаваны ўвесь наклад нумару 37, затым — рахунак і маёмасьць рэдакцыі. А 12 лістапада Вышэйшы гаспадарчы суд зачыніў газэту. Яна пачала выходзіць у інтэрнэце. І ўсё ж пагоня ўладаў за свабоднымі журналістамі завяршылася пазбаўленьнем волі Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі “за паклёп на прэзыдэнта”.

У судзе ў заключным слове, якое сталася выдатным узорам публіцыстыкі, Мікола Маркевіч параўнаў рэжым Лукашэнкі з сталінскім 1937 годам і назваў прысуд “жудасным злачынствам супраць свабоды слова”.

Газэта “Пагоня” надалей жыве ў інтэрнэце.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG