Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гладыятары: Лукашэнка зь дзідай, Мядзьведзеў з шабляй


Агляд тэлефанаваньняў за сераду 25 лістапада. У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы разважаюць пра сустрэчу кіраўніка Расеі зь беларускімі журналістамі, выказваюцца наконт таго, якія якасьці найперш неабходныя палітычным лідэрам, згадваюць былое і параўноўваюць яго зь сёньняшнім днём.

Галоўнай тэмай сёньня — вашая рэакцыя, шаноўныя слухачы, на сустрэчы расейскага кіраўніка зь беларускімі журналістамі, уключна з прадстаўнікамі незалежных СМІ. Спадар Анішкевіч з Маладэчна:

“Мне вельмі спадабалася сумоўе, а інакш і не назавеш, Мядзьведзева зь беларускімі карэспандэнтамі. І адказ Лукашэнкі. Ну, недапушчальна, калі ў кожным інтэрвію СМІ Лукашэнка дапускае хамства на адрас кіраўніка Расеі, а таксама публічныя экзэкуцыі сваіх чыноўнікаў і членаў ураду. Гэта ганьбіць Рэспубліку Беларусь”.

Узьнятую тэму працягваюць і наступныя тэлефанаваньні.

Спадар: “Спадару Лукашэнку трэба пазычыць культуры і эрудыцыі ў таго ж Мядзьведзева. Ад Лукашэнкі толькі і чуваць абразьлівыя прыніжэньні: “бязьдзельнікі, вашывыя блохі, жульлё”. Сорамна і крыўдна гэта слухаць. Аракул”.

Спадар: “Наш беларускі пірат бескультурны: усіх абзывае, абражае — ня тое, што свой народ, але і чужых людзей. Хоць бы ўзяць Мядзьведзева, ён яму, бачыце, не спадабаўся. Ён адабраў ільготы ў народа, усіх падманвае”.

А спадар Курневіч з Барысаву зарыфмаваў сваё стаўленьне да размовы прэзыдэнта Расеі з журналістамі Беларусі.

“Мядзьведзеў казаў — Лукашэнка яго міністраў кепска абазваў.
Амаль дарма Расея прадае яму нетры,
А ён грошы не беражэ, пускае іх на паветра.
Нават у сябе пры высокім ураджаі
Бохан хлеба ў краме заўсёды значна даражае”.

Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — выдавец Анатоль Тарас.

Анатоль Тарас
“Вось кажуць: Лукашэнка грубы, а Мядзьведзеў далікатны… Толькі якое дачыненьне гэта мае да палітыкі? Тонкі палітык ці тоўсты, разумны ці дурны — усё тое другаснае. Галоўнае — рэалізаваная палітыка. Дарэчы, як палітык — Лукашэнка, мне здаецца, моцны. Ну, і Мядзьведзеў таксама… Два глядыятары: у аднаго дзіда, у другога шабля. Паглядзім, хто будзе наверсе, а хто ўнізе. Паглядзім…”

Ад слухачоў дастаецца ня толькі ўладзе, але й апазыцыі. Вось меркаваньне Віктара Буто зь Менску:

Спадар: “Падобна, што ў Беларусі адсутнічае апазыцыя, але затое маецца мноства маленькіх плямёнаў і правадыроў, якія прадстаўляюць партыі, прафсаюзы ці грамадзкія арганізацыі, і ў якіх ня чуюць і не разумеюць ня толькі іншых, але й сябе”.

А спадар Зіноўеў падае сваю вэрсію падзеяў, якія адбываліся ў 2006 годзе і атрымалі нечаканы працяг сёньня.

“У сакавіку 2006-га дэпутат Гіві Таргамадзэ крытыкаваў Мілінкевіча за тое, што ён не штурмаваў прэзыдэнтуру, а зараз Гіві Таргамадзэ ўцёк у Маскву ад абвінавачаньня ў працы на Лубянку, і тая правакацыя на Мілінкевіча стала зразумелая”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG