Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перапракладка маршруту


Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
sergechaly


Гісторыя хваробы. “Анамнэз”


Беларуская эканоміка ў апошнія 10 гадоў сапраўды паказвала фэнамэнальныя тэмпы росту — у сярэднім 7,5% росту ВУП у год. Але якім коштам быў дасягнуты гэты рост? Фактычна можна сказаць, што гэта стала магчымым дзякуючы звышпасьпяховай звышспэцыялізацыі нашай эканомікі, ідэальна “заточанай” пад выкарыстаньне ўнікальных вонкавых умоў. Сярод іх і 1) высокі рост эканомік краін — спажыўцоў нашага экспарту, і 2) свабодны доступ да расейскага рынку, і 3) (last but not least) нізкі кошт імпартаваных энэрганосьбітаў. Прычым, як гэта ні здаецца парадаксальным на першы погляд, памер “субсыдыяваньня” нашай эканомікі праз цэны на расійскія энерганосьбіты рос разам з падвышэньнем гэтых цэнаў — справа ў тым, што сусьветныя цэны на іх (і асабліва на прадукты нафтаперапрацоўкі) расьлі яшчэ хутчэй. Так што памер “дэльты” толькі рос.

Мадэль экспартнага росту для Беларусі сапраўды выявілася вельмі спэцыфічнай — практычна ўсе хоць колькі-небудзь “высокатэхналягічныя” тавары ішлі на экспарт у Расею, а на Захад накіроўваліся струмені прыродных рэсурсаў, прадуктаў нізкага перадзелу і тавараў зь нізкай доляй кваліфікаванай працы. Такая мадэль, мабыць, была найлепшым спосабам эксплюатацыі спрыяльных вонкавых умоў. Але гэты шлях звышспэцыялізацыі, як нядаўна выявілася, тоіў у сабе і велізарную рызыку. Кажучы ў тэрмінах экалёгіі, біялягічны від, які прыстасаваўся і заняў сваю нішу, стаўся вельмі залежны ад найменшых зьменаў прыродных умоў. Як дыназаўры ў старажытнасьці апынуліся на мяжы выміраньня з прычыны зьмены кліматычных умоў, так і наша эканоміка апынулася пад пагрозай краху з-за сусьветнага эканамічнага крызісу.

Шлях спэцыялізацыі (а за апошнія 10 гадоў узровень дывэрсыфікаваньня эканомікі ўвесь час зьмяншаўся) відавочна прайграў шляху адаптацыі. На простае праверачнае пытаньне — “назавіце галоўныя экспартныя тавары” — для эканомікі Беларусі любы грамадзянін адкажа, што называецца, “з заплюшчанымі вачыма”. А вось адказ на тое жа пытаньне для эканомікі Польшчы не відавочны. У немалой ступені гэты факт тлумачыць тое, што эканоміка Польшчы ўмудрылася сёлета пазьбегнуць эканамічнага спаду (!).

З надыходам крызісу зьніклі ўсе вонкавыя фактары росту мінулых 10 гадоў. Па-першае, аднаўленьне сусьветнай эканомікі будзе ісьці значна павальнейшымі тэмпамі, чым раней. Калі, вядома, гэтае аднаўленьне сапраўды мае месца. З майго пункту гледжаньня, усе т.н. “зялёныя парасткі”, якія назіраюцца ў сусьветнай эканоміцы, абавязаныя сваім існаваньнем цалкам і толькі беспрэцэдэнтным захадам бюджэтнага стымуляваньня па ўсім сьвеце. Груба кажучы, стан “пацыента” (сусьветнай эканомікі) стабілізаваны з дапамогай апаратаў штучнага дыханьня і кровазвароту, але хвароба ня зьнішчана. Адключы іх цяпер (спыні стымуляваньне) — крызіс праявіцца зноў.

Па-другое, Расея відавочным чынам паварочваецца ў бок пратэкцыянізму (“малочная вайна” — найлепшы гэтаму прыклад), у сувязі з чым лёгкі доступ нашых тавараў на расейскі рынак ня будзе ўжо гарантаваным.

І, па-трэцяе, падвышэньне коштаў на энэрганосьбіты для Беларусі да сусьветных, якое мае адбыцца ў найбліжэйшыя пару гадоў, азначае канец беларускага “нафтавага афшора”.

Гісторыя хваробы. “Дыягназ”


Калі і можна штосьці сказаць з упэўненасьцю пра будучыню сусьветнай (і нашай у тым ліку) эканомікі, дык гэта тое, што сэнс і функцыя любога эканамічнага крызісу заўсёды палягае ва ўхіленьні дысбалянсаў, якія набраліся за гады буму, што папярэднічаў крызісу. І крызіс не сканчаецца датуль, пакуль гэтыя супярэчнасьці ня будуць ухілены. Такіх асноўных прычын крызісу ў нашай краіне ўсяго 4 (і толькі адна зь іх спэцыфічная для эканомікі Беларусі, астатнія тры характэрныя і для сусьветнай эканомікі):

1. Перавышэньне ўзроўню інвэстыцый над зьберажэньнямі, што ў перакладзе на “чалавечую мову” азначае жыцьцё не па сродках. Адмоўнае сальда бягучага рахунку плацёжнага балянсу (якое паўсюль называецца галоўнай праблемай нашай эканомікі) — толькі эпіфэномэн, наступства вышэйназванай прычыны. Краіна ў цэлым традыцыйна выдаткоўвала больш, чым зарабляла.

2. Танны капітал (у канцы буму крэдыт амаль заўсёды здаецца “бясплатным” і агульнадаступным) і дарагая (і непрадукцыйная) праца. Танны капітал у нашых умовах прымаў форму дзяржаўных субсыдый і датацый неэфэктыўным прадпрыемствам па заніжаных працэнтных стаўках, а да таго ж перадусім за кошт эмісійнага фінансаваньня. Гэта і ёсьць прычына высокай інфляцыі ў краіне, бо інфляцыя — гэта “фінансаваньне праектаў, якія не прынясуць прыбыткаў, грашыма, якія не існуюць” (маё ўлюбёнае вызначэньне інфляцыі). Дарагая непрадукцыйная праца азначала дэ-факта, што нашы “зарплаты” (пры ўсім іх невысокім узроўні) былі нічым іншым, як дапамогаю ў эканамічным сэнсе. Анэкдатычны прыклад-“доказ” апошняга сьцьвярджэньня — сьведчаньні пра тое, як у мінулым (яшчэ ўдалым!) годзе працоўных на некаторыя заводы пачалі наймаць па кантракце за хабар (!). У савецкі час толькі дзьве галіны набіралі пэрсанал за хабар — гэта гандаль і ДАІ. Тыя месцы, дзе была магчымасьць атрыманьня “непрацоўных” прыбыткаў.

3. Захапленьне пазычаным капіталам на шкоду акцыянэрнаму. На фоне 3/4 дзяржаўнай уласнасьці ў эканоміцы доля запазычанасьці недзяржаўнага сэктара ў сукупным вонкавым доўгу краіны складае тыя ж 3/4.

4. І, нарэшце, спэцыфічная для нас асаблівасьць — пераіндустрыялізацыя эканомікі Беларусі. Гэта, тое, што ў Савецкім Саюзе характарызавалася словамі “Беларусь — зборачны цэх краіны”. Адэкватная для вялікай краіны індустрыялізацыя эканомікі выявілася збыткоўнаю для нашай невялікай рэспублікі.

Гісторыя хваробы. “Прагноз”


Паўтаруся, у выніку гэтага крызісу вышэйзгаданыя дысбалянсы будуць абавязкова ўхілены, жадаем мы гэтага ці не жадаем, будзем мы спрыяць гэтаму працэсу ці яму перашкаджаць.

Але вось што прынцыпова важна. Ёсьць толькі два варыянты аднаўленьня раўнавагі эканамічнай сыстэмы:

1. Па-за нашай воляй, а значыць, некіравана і, такім чынам, катастрафічна. Умоўна гэты варыянт можна назваць “што будзе, калі нічога не рабіць”.

2. З вызначанымі мэтамі, кіравана, а значыць — з магчымасьцю мінімізацыі выдаткаў і нэгатыўных наступстваў гэтага працэсу. Ізноў жа ўмоўна гэты варыянт можна назваць, усьлед за кітайцамі, “асядлаць тыгра”, — гэтая мэтафара ўсходняй культуры дала штуршок зьяўленьню цэлай школы сучаснага крызіснага кіраваньня.

Фактычна гаворка ідзе пра тое, ці будзем мы бязьдзейнічаць, займацца імітацыяй дзейнасьці (або, што яшчэ горш, “мачыцца супраць ветру” — працівіцца тэндэнцыі), ці паспрабуем скарыстаць энэргію крызісу ва ўласных мэтах. Кажучы мовай фізыкі складаных сыстэм, стан раўнавагі будзе дасягнуты ў любым выпадку, пытаньне ж палягае ў тым, на якім энэргетычным узроўні гэтая раўнавага будзе дасягнута. Яшчэ раз падкрэсьлю (гэта надзвычай важная для мяне думка): у сучаснай эканоміцы раўнаважкія станы — множныя, не прадвызначаныя.

Гаворка ідзе пра тое, што якраз цяпер, у гэтыя найбліжэйшыя месяцы мы знаходзімся на ростанях. Карыстаючыся, зноў жа, тэрміналёгіяй тэорыі дынамічнага хаосу — мы знаходзімся ў пункце біфуркацыі. Фактычна ў гэтыя найбліжэйшыя месяцы вызначаецца траекторыя разьвіцьця краіны на шмат гадоў і, магчыма, дзесяцігодзьдзяў наперад. Прычым чым далей мы пачнем рух па адным з гэтых сцэнараў, тым складаней будзе зь цягам часу вярнуцца на іншую траекторыю.

Што будзе азначаць катастрафічнае ўхіленьне адзначаных чатырох дысбалянсаў у выніку варыянту “нічога не рабіць” і кіраванае іх ухіленьне ў варыянце “асядлаць тыгра”?

Нэгатыўны вынік — гэта рэзкае зьніжэньне рэальных прыбыткаў насельніцтва, сьціск унутранага спажываньня, продаж прадпрыемстваў за даўгі і дэіндустрыялізацыя эканомікі краіны. Гэта, адпаведна, двухзначнае (>10%) беспрацоўе, двухзначнае падзеньне вытворчасьці і ад’езд за мяжу значнай часткі працаздольнага насельніцтва ў якасьці “гастарбайтэраў”. Умоўна гэты вынік можна назваць сцэнарам “Вялікай Малдавіі”.

Кіраванае, з вызначанымі мэтамі разьвязаньне крызісных дысбалянсаў будзе азначаць рост прадукцыйнасьці эканомікі, прыцягненьне замест крэдытаў наўпроставых замежных інвэстыцый (і галоўнае — перадавых кіраўнічых практык і тэхналёгій) і постындустрыялізацыю эканомікі (у процівагу дэіндустрыялізацыі). Гэты вынік я ўмоўна заву сцэнарам “Вялікай Латвіі” (так, я ведаю, што цяпер у Латвіі крызіс ня меней востры — але маецца на ўвазе, што гэта краіна, якая пасьпяхова прайшла шлях постындустрыялізацыі, але пацярпела ад “лішку добрых фактараў” — занадта вялікага прытоку замежнага капіталу на фазе росту, якая папярэднічала крызісу).

Гісторыя хваробы. “Эпікрыз”


Чаму гаворка ідзе пра тое, што траекторыя нашага разьвіцьця на шматлікія гады наперад вызначаецца якраз цяпер? Справа менавіта ў прыродзе цяперашняга сусьветнага эканамічнага крызісу. Гэта сапраўды крызіс, параўнальны па сваёй велічыні, і галоўнае — па сваім значэньні зь Вялікай Дэпрэсіяй. Гэта сапраўдны кандрацьеўскі крызіс, у выніку якога цалкам зьменіцца характар сусьветнай эканомікі. Адбудзецца зьмена галін і сэктараў эканомікі, якія выступаюць “лякаматывамі росту”, зьмена краін-лідэраў сусьветнай эканомікі, распад старых і стварэньне новых геапалітычных альянсаў. У гэтым сэнсе цяперашні час — сапраўды ўнікальны шанец для прарыву.

Ніводзін прагназіст ня зможа цяпер прадказаць, якія менавіта гэта будуць новыя галіны і краіны-лідэры, але адно ўжо можна сказаць з пэўнасьцю (зыходзячы, зноў жа, з прыроды цяперашняга крызісу).

Гэта будуць тыя галіны і краіны, якія выйдуць з крызісу зь невялікай запазычанасьцю, незакрэдытаваныя, якія змогуць існаваць і разьвівацца ва ўмовах цяжкадаступнага і дарагога фінансаваньня, г.зн. тыя, якія маюць магчымасьць падвышэньня прадукцыйнасьці за кошт унутраных рэзэрваў.

Якія тут шанцы ў Беларусі? Як гэта ні парадаксальна, наша эканоміка адпавядае ўсім гэтым умовам. Сукупны вонкавы доўг краіны не перавышае цяпер траціны ВУП, дзяржаўны доўг зусім невялікі і мае вельмі спрыяльную часавую структуру (99% доўгу — даўжынёй у 5 гадоў і больш). Ну, а наша ўсё яшчэ не рэфармаваная з часоў 90-х гг. эканоміка прадугледжвае наяўнасьць вялікага рэзэрву для падвышэньня прадукцыйнасьці.

Застаецца апошняе пытаньне — якая для нас магчымасьць скарыстаць гэты гістарычны шанец? На жаль, адказ на яго запатрабуе яшчэ больш месца, чым ёсьць у рамках гэтай нататкі. Але абсалютна ясна цяпер адно — важыцца на выбар шляху разьвіцьця і рабіць намаганьні неабходна якраз цяпер, далей будзе ўсё складаней і складаней.

Уявіце сабе прыбор GPS у аўтамабілі. Ён падказвае вам, куды трэба павярнуць на найбліжэйшым скрыжаваньні, каб патрапіць у пункт прызначэньня. Варта нам праехаць міма патрэбнага кірунку, як на экране прыбора зьявіцца паведамленьне — “ідзе перапракладка маршруту”. Пасьля чаго высьвечваецца новая рэкамэндацыя на экране — павярніце ў патрэбны бок на наступным скрыжаваньні. Пры гэтым новы шлях будзе, вядома ж, даўжэйшы за самы першы. І варта нам прапусьціць некалькі патрэбных скрыжаваньняў, як на экране зьявіцца надпіс — “у гэтым кірунку патрапіць у патрэбны пункт прызначэньня немагчыма”. Пакуль мы знаходзімся на стадыі перапракладкі маршруту. І дапусьціць зьяўленьне паведамленьня на навігатары — “дасягненьне мэты немагчыма” — проста нельга.

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы


Фізык-тэарэтык паводле адукацыі.

У якасьці хобі цікавіўся выбарчымі тэхналёгіямі.

У 1994 году працаваў аналітыкам перадвыбарнага штабу кандыдата ў прэзыдэнты РБ А.Р.Лукашэнкі.

Пасьля працаваў у Аналітычным цэнтры адміністрацыі прэзыдэнта РБ, займаўся супрацоўніцтвам з сусьветнымі фінансавымі арганізацыямі і суправаджэньнем буйных інвэстыцыйных праектаў з замежным капіталам.

З 1998 па 2003 год працаваў упраўляючым актывамі ў інвэстыцыйнай кампаніі.

Цяпер — незалежны фінансавы аналітык.


Навошта я пішу блог?

Пісаць у блог пачаў толькі ўвосень 2008 году, калі, уласна, і здарыўся эканамічны крызіс, якога я чакаў, і здарыўся менавіта так, як я яго чакаў. Асноўная мэта — дапамагчы разабрацца ў тым, што дзеецца, і паспрабаваць акрэсьліць сцэнары магчымай будучыні. Хацелася папоўніць imho нястачу неангажаваных аналітыкаў, да чыёй думкі маглі б прыслухоўвацца прыхільнікі розных палітычных поглядаў. Гэта, здаецца, атрымалася — мяркуючы па тым, што я адзін зь невялікага ліку эканамічных “экспэртаў”, якіх інтэрвіююць як “чэсныя”, так і “нячэсныя” журналісты.

Галоўны дэвіз, якога я імкнуся прытрымлівацца, — гэта словы майго навуковага кіраўніка (цяпер нябожчыка): “не пісаць таго, што за цябе зробяць іншыя”.


Што больш за ўсё я люблю ў блогах?

Тое, што адзін чалавек з пазыцыяй і бачаньнем, дзякуючы новым мэдыям, здольны хай і трохі, але ўплываць на разьвіцьцё сытуацыі ў грамадзтве і эканоміцы. У наш час “вытворчасьць сэнсаў” ня меней, а можа, і болей важная, чым матэрыяльная вытворчасьць.

Тое, што дзякуючы блогам у пісьмовую гаворку на новым узроўні вяртаецца забытае мастацтва Арыстотэлевай рыторыкі — kairos, уменьне ацаніць сваю аўдыторыю і адаптоўваць у залежнасьці ад яе выклад свайго пункту гледжаньня.

Што не падабаецца ў блогах?

Апроч відавочных рэчаў — тупога флэйму і тролінгу, кароткіх пастоў “ні пра што” і да т.п. — ёсьць адна рэч, якая мяне ў цяперашняй блогасфэры засмучае. Усе больш таленавітых і цікавых людзей або зусім перастаюць пісаць у сваіх блогах (ці прынамсі задумваюцца над тым, каб перастаць весьці блог), або пачынаюць пісаць усякае глупства (як, напрыклад, адзін з найлепшых журналістаў краіны malishevsky :) )

Пяць блогаў, якія я раю наведаць:

http://kar_barabas.livejournal.com. Адзін з найлепшых расейскіх эканамістаў, якому больш даспадобы хаваць свой identity за псэўданімам. Вельмі шырокае кола разгляданых тэм, і галоўнае — надзвычай рэдкі для блогасфэры талент весьці дыскусію нязьменна паважліва і карэктна.

http://m-korchemkin.livejournal.com. Адзін з найлепшых аналітыкаў нафтагазавай галіны ва Ўсходняй Эўропе. Шмат пра Газпром. Вельмі актуальна для нашай краіны.

http://antiluka.livejournal.com. За такім незвычайным псэўданімам хаваецца малады беларускі філёзаф і арыгінальны публіцыст Ігар Драко, да таго ж яшчэ і мой сябар.

http://gaste11o.livejournal.com. Будучыня беларускай хімічнай навукі. Цяпер асьпірант у брытанскім унівэрсытэце ў Ворвіку. Захапляецца аматарскай авіяцыяй і фатаграфіяй — як заўсёды, прафэсійна.

http://darrius.livejournal.com. Гісторык беларускай (і ня толькі) архітэктуры.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG