Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест дыялёгу — маўклівае выслухоўваньне


Круглы стол “Форум грамадзянскай супольнасьці. Вынікі Форуму і далейшыя пэрспэктывы” прайшоў сёньня ў Менску. Форум грамадзянскай супольнасьці “Ўсходняга партнэрства” адбыўся ў Брусэлі 16—17 лістапада.

У часе форуму ў Брусэлі быў створаны каардынацыйны камітэт з 17 чалавек, у іх ліку два ад Беларусі — Сяргей Мацкевіч з Асамблеі няўрадавых арганізацыяў і Ўлад Вялічка, кіраўнік няўрадавай арганізацыі “Кансорцыюм “ЭўраБеларусь”. Мацкевіч як сьпікер прадставіць вынікі дыскусій у межах першай канфэрэнцыі на міжміністэрскім паседжаньні палітыкі “Ўсходняе партнэрства” 8 сьнежня ў Стакгольме. Каардынацыйны камітэт будзе весьці інфармацыйную і камунікацыйную працу, маніторынг разьвіцьця сытуацыі.

Сёньня, у часе круглага стала, абмяркоўваліся бліжэйшыя задачы і крокі ў беларускім кантэксьце. Для Беларусі вельмі важна знайсьці агульную мову паміж сэктарам няўрадавых і ўрадавых арганізацый, кажа Ўлад Вялічка:

Улад Вялічка
“Самай складанай па-ранейшаму застаецца ўсё тая ж задача разьвіцьця інстытуцыянальнага дыялёгу паміж грамадзянскай супольнасьцю і беларускімі ўладамі ў межах “Усходняга партнэрства”. На жаль, пакуль што такі дыялёг калі і вядзецца, то гэта не дыялёг, а маўклівае выслухоўваньне. Я думаю, у нас яшчэ вельмі доўгі шлях наперадзе нават па працэсе арганізацыі працэдурных пытаньняў гэтага дыялёгу. Ня кажучы ўжо пра ўзаемнае разуменьне і данясеньне тэзісаў кожнага з бакоў”.

На думку Сяргея Мацкевіча, узаемаразуменьню паміж дзяржаўным і недзяржаўным сэктарамі перашкаджае страх дзяржаўных чыноўнікаў перад любой ініцыятывай:

Сяргей Мацкевіч
“Пакуль атмасфэра варожая, казаць пра тое, што працэс пойдзе лёгка, не выпадае. Мы, Асамблея няўрадавых арганізацый, нашы партнэры, мы стараемся зьмяніць сытуацыю, зьмяніць атмасфэру з варожай на партнэрскую. На сёньня мы прапанавалі канцэпцыю грамадзкага разьвіцьця — то бок канцэпцыю дачыненьня ўладаў і грамадзкага разьвіцьця, уладаў і прадстаўнікоў грамадзкага сэктару”.

Вельмі важна не забывацца і на асьветніцкую, адукацыйную ролю грамадзянскай супольнасьці, кажа Ўлад Вялічка:

“Фактычна актыўная частка грамадзянскай супольнасьці ўключана ў працэсы гэтай камунікацыі. Але большая частка людзей, я думаю, па-ранейшаму вельмі цьмяна разумее, а што гэта такое — “Усходняе партнэрства”. І што яно можа прынесьці ім як грамадзянам Беларусі як частцы эўрапейскай прасторы; а зь іншага боку — што гэта вымагае ад іх у адказ. І гэта — задача, я думаю, нейкіх інфармацыйных кампаній, прамоцый, ідэяў. Эўрапеізацыя беларускай прасторы, беларускага грамадзкага жыцьця, эканамічнага жыцьця, палітычнага жыцьця — гэта павінна стаць лейтматывам нашай дзейнасьці, лейтматывам размовы зь беларускім грамадзянамі”.

Улад Вялічка (зьлева), Тацяна Пашавалава, Сяргей Мацкевіч.

На форуме прысутнічаў пасол Швэцыі Стэфан Эрыксан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG