Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальнікам БХД пагражаюць звальненьнем і высяленьнем


Заснавальнікі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі адчуваюць на сабе ціск з боку ўладаў. Пра гэта паведамілі “Свабодзе” сябры аргкамітэту дзеля стварэньня БХД. Гэта другая хваля ціску на людзей, якія паставілі свае подпісы ў дакумэнтах на рэгістрацыю партыі. Людзям, каб прымусіць іх адмовіцца ад подпісу, пагражаюць звальненьнем і нават высяленьнем з жытла.

Сустаршыні аргкамітэту дзеля стварэньня БХД заяўляюць пра ціск на заснавальнікаў партыі.

Гаворыць сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі:

“Калі параўнаць сытуацыю пасьля першага зьезду і цяперашнюю, то гэтым разам улады дзейнічаюць больш арганізавана. Задзейнічаныя амаль усе выканкамы, задзейнічаныя, я думаю, усе спэцслужбы, таму што масава выклікаюць людзей на працы. Іх непасрэднае начальства прымушае іх адмовіцца ад подпісу заснавальніка партыі.

Магу канстатаваць мужнасьць і гераізм гэтых людзей. Мы маем толькі адну адмову ад подпісу. Гэта наша сяброўка з Гародні. Мы вельмі добра разумеем гэтую жанчыну. Ёй пагражалі звальненьнем і нават больш страшнымі рэчамі. Для яе праца ёсьць вельмі важнай. Ціск адбываецца па ўсёй краіне. У адным з аграгарадкоў Менскага раёну заснавальніцы партыі пагражаюць высяленьнем з дому, які выдалі ўсёй сям’і”.
Магу канстатаваць мужнасьць і гераізм гэтых людзей. Мы маем толькі адну адмову ад подпісу.

Нагадаем: 28 лютага адбыўся першы ўстаноўчы зьезд БХД. Праз два тыдні пасьля таго, як дакумэнты трапілі ў Мін’юст, заснавальнікаў партыі пачалі выклікаць на размовы і прымушаць адклікаць свой подпіс. У траўні заснавальнікам адмовілі ў рэгістрацыі партыі, спаслаўшыся на тое, што ў сьпісе заснавальнікаў адбыліся зьмены.

31 кастрычніка адбыўся другі ўстаноўчы зьезд БХД. Тыдзень таму сустаршыні аргкамітэту перадалі дакумэнты ў Мін’юст. Пры гэтым яны падалі заяву ў пракуратуру пра тое, што заснавальнікі партыі ўжо адчулі ціск з боку ўладаў.

Юрыст арганізацыі Мікола Арцюхоў паведаміў “Свабодзе”:

“Вось сёньняшні прыклад. Надзя Батура зьвярнулася да мяне, каб я папрысутнічаў на размове. Яе выклікаў да сябе начальнік наконт яе подпісу ў сьпісе заснавальнікаў. Начальнік спачатку пытаўся, на якой падставе будзе яе прадстаўнік, але дазволіў мне прысутнічаць.
Як звычайна ставіцца выбар? Ці праца, ці заснавальніцтва.

Я папярэдзіў, што буду карыстацца дыктафонам. Начальнік спытаў Надзею, ці сьвядома яна ставіла свой подпіс і ці разумее яна сутнасьць палітыкі партыі і накірунак яе дзейнасьці. Я папрасіў не задаваць ёй пытаньні наконт асабістага жыцьця і не перавышаць службовыя паўнамоцтвы. Начальнік сказаў на разьвітаньне, што пакуль ня ставіць пытаньне наконт далейшай працы Надзеі”.

Мікола Арцюхоў размаўляў з заснавальнікамі партыі. Ён называе тыповую схему, калі кіраўнік сам-насам з падначаленым вядзе гутарку.

“Як звычайна ставіцца выбар? Ці праца, ці заснавальніцтва. Ты адклікаеш подпіс — і мы да цябе нічога ня маем, альбо мы створым для цябе такія ўмовы, што ты ці сама звольнісься, ці мы цябе звольнім пры першай жа магчымасьці. Натуральна, што ў чалавека стрэс і, можа, нават паніка”.

Пакуль афіцыйнага адказу з боку праваахоўных органаў на заяву сустаршыняў БХД не было. Пракуратура пераслала заяву ў Мін’юст. Паводле закону аб зваротах грамадзян, адказ павінен быць не пазьней як празь месяц ад моманту атрыманьня заявы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG