Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пушкін: “Мы захопім сельсавет і ўзьнімем бел-чырвона-белы сьцяг”


Алесь Пушкін
Алесь Пушкін

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 15 лістапада

З 29 кастрычніка па 5 лістапада ў сталіцы Нарвэгіі Осла праходзіла выстава мастакоў-нонканфармістаў пад назвай “Мастацтва супраць дыктатуры”. На ёй былі прэзэнтаваныя 32 працы адзінаццаці беларускіх творцаў, якія жывуць у Беларусі і ЗША. Свае творы на паказ у Осла вывозіў і сёньняшні госьць “Вольнай студыі” мастак Алесь Пушкін.

Міхась Скобла: “Алесь, неаднойчы на беларускіх мытнях сканфіскоўвалася літаратура – часопісы, кнігі, газэты, якія аніяк не пагражалі дзяржаўнаму ладу ў Беларусі. А тут – карціны, на якіх маніфэстацыі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, “амонаўцы” са шчытамі і г.д. І куды іх везьлі? На выставу “Мастацтва супраць дыктатуры”. Як мастакам удалося вывезьці гэткія свае творы за мяжу?”

Алесь Пушкін: “Вельмі проста. 28 кастрычніка а 6-ай гадзіне раніцы ў нашым нацыянальным аэрапорце “Менск-2” я праходзіў мытню па “чырвоным” калідоры са сваімі карцінамі. І маё першае патрабаваньне да мытніцы было вельмі простае – я папрасіў дэклярацыю на беларускай мове. Яна разгубілася і сказала, што дэклярацый няма, пабегла шукаць і, не знайшоўшы, вярнулася. Я прыгразіў ёй, нагадаўшы канфлікт у Гомелі, калі за адсутнасьць беларускамоўных дэклярацыі прабачаўся начальнік Мытнага камітэту. Я прызнаўся, што вязу карціны на выставу ў Осла, прапанаваў праверыць іх уважліва… Але папярэдзіў, што ад яе паводзінаў будзе залежаць яе лёс, і запісаў яе нумар”.

Алесь Пушкін. Чырвоны замок


Скобла: “Запатрабаваўшы дэклярацыю па-беларуску, ты зьменшыў пільнасьць мытніцы?”

Пушкін: “Не, хутчэй за ўсё, я паставіў яе ў падначаленае становішча адносна мяне. Мытніца вельмі добрасумленна праверыла ўсе карціны, зьверыла іх з фатаздымкамі, і ёй нічога не заставалася рабіць, як прапусьціць мяне. Калі б яна гэтага не зрабіла, я б тады напісаў скаргу, што на мытні дыскрымінуюць беларускамоўнага чалавека, пазбаўляюць яго канстытуцыйнага права… Таму мытніцы нічога не заставалася рабіць, як зьмірыцца з маімі карцінамі”.

Скобла: “Хто займаўся арганізацыяй выставы “Мастацтва супраць дыктатуры”, і ці ўразілі беларускія мастакі нарвэскую публіку?”

Пушкін: “Арганізацыяй выставы займаўся Павал Марозаў – каардынатар новай беларускай эміграцыі. Ён з Таліну, быў асуджаны па артыкуле “абраза прэзыдэнта”, эміграваў. Яму ў Нарвэгіі далі палітычны прытулак. Марозаў і Алесь Вінакураў – дырэктар Беларускага музэю ў Нью-Ёрку – прыдумалі праект: вазіць гэтую выставу па сьвеце, каб паказаць, як беларускія мастакі змагаюцца супраць дыктатуры. Выставу пакажуць яшчэ ў Кангрэсе ЗША, у фондзе Маршала, у Беларускім музэі ў Нью-Ёрку. Марозаву і Вінакураву паспрыялі ў Осла маладыя лібэралы Нарвэгіі – партыя “Венстры”. Што да ўражаньняў, то гэта было, хутчэй, палітычнае мерапрыемства. Сама выстава адбывалася не ў Арт-хол, а ў гарадзкой ратушы. Дзе, дарэчы, неўзабаве будзе ўручацца Нобэлеўская прэмія міру Бараку Абаме. На выставу прыйшлі і нарвэскія палітыкі: міністар фінансаў Нарвэгіі П’ер Крысьціян Фос, адзін з кіраўнікоў партыі “Венстры” Ола Элвіт Туэ і лідэр маладых лібэралаў Інгеборг К’ёс – вось гэтыя тры асобы і адкрывалі нашую выставу, гаварылі прамовы. Потым далі слова і нам. Народу на адкрыцьці было каля 200 чалавек. Выстава доўжылася 7 дзён, прыходзіла вельмі шмат людзей”.

Алесь Пушкін. Сякера ў руках

Скобла: “Калі беларус глядзіць на карціну Аляксея Марачкіна “Шчытаносцы”, – ён усё разумее. Калі ён бачыць намётавы лягер на Кастрычніцкай плошчы, – яму таксама нічога ня трэба тлумачыць. А пра што падобныя творы маглі сказаць нарвэжцам? Відаць, вам даводзілася даваць падрабязныя камэнтары?”

Пушкін: “Так. І добра, што ў выставе брала ўдзел мастачка з Нью-Ёрку Алена Тылькіна, яна родам з Воршы, але ўжо дваццаць гадоў жыве ў ЗША і цудоўна ведае ангельскую мову. Таксама з намі быў студэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (факультэт міжнародных зносінаў) Руслан Акуленка, які выдатна ведае ангельскую і швэдзкую мовы. Мы з Алесем Шатэрнікам стараліся заўсёды прысутнічаць на выставе, расказвалі нарвэжцам пра свае творы. Больш за ўсё ім спадабаліся пэйзажы Ягора Батальёнка з туманнымі беларускімі краявідамі, дзе пасьвяцца статкі коней. Нарвэжцам гэта было вельмі блізка, яны адразу ўсьміхаліся і казалі, што гэтыя пэйзажы ім нагадваюць Нарвэгію. А вось “Шчытаносцы” і “Сьцяна” Марачкіна, мае “Сякера ў руках” і “Чырвоны замок”, якія характарызуюць беларускі таталітарызм, – гэта нарвэжцам было незразумела, а калі мы трохі тлумачылі, яны таксама пачыналі ўсьміхацца. Дарэчы, адзін наведнік выставы з Галяндыі вельмі вітаў нашу арт-правакацыю. Ён казаў, што кожны дзень людзі бачаць у навінах то тэракты ў Пешавары, то захоп якога-небудзь снайпэра ў Амэрыцы, які проста расстрэльваў людзей… А тут – змаганьне з дыктатурай сродкамі мастацтва, і гэта найбольш ім цікава”.

Скобла: “На выставе “Мастацтва супраць дыктатуры” выступаў гурт “Акана-НХС”, які грае этна-джаз. Як вядома, джаз узьнік на базе фальклёру цёмнаскурых амэрыканцаў. А як слухаўся ў Нарвэгіі джаз зь беларускай фальклёрнай падкладкай?”

Пушкін: “Яшчэ ў самалёце на Осла я пазнаёміся з салісткай гэтага гурта Русяй Шукюравай. Яна мне вельмі спадабалася – прыгожая, з дрэдамі, у чорнай стылёвай сукенцы. І калі адкрывалася выстава, то ў першым аддзяленьні яны якраз і сьпявалі менавіта наш беларускі джаз-фальклёр. А ў другім адзьдзяленьні яны выйшлі з акарынай, пераапрануўшыся ў ільняныя беларускія строі, і сьпявалі песьні, набліжаныя да нашага беларускага этна-фольку. Гэта было забаўна, адзін нарвэжац доўга вывучаў акарыну і нават прымушаў Ірэну Катвіцкую вучыць яго граць… Адзінае маленькае засмучэньне: усе інтэрвію дзяўчаты давалі па-расейску. Ды і паміж сабой яны размаўлялі таксама на расейскай мове”.

Выступае гурт “Акана-НХС”


Скобла: “У нядаўнім інтэрвію “Нашай ніве” Ўладзімер Някляеў сказаў, што час удзелу інтэлігенцыі ў палітычнай барацьбе прайшоў. Бо палітыка – сыстэмная праца, якую трэба рабіць штодня. Як ты лічыш, ці сапраўды палітыка ў Беларусі зрабілася заняткам прафэсіяналаў?”
захопім сельсавет, узьнімем над ім бел-чырвона-белы сьцяг, будзем таптаць партрэт “вусатага” і такім чынам прымусім загаварыць пра Бобр усе СМІ ...

Пушкін: “Не зусім. У вялікіх гарадах – так, я з гэтым згодны. Што ў Менску рабіць мастаку на мітынгу? А ў правінцыі, наадварот, мастак выступае такім правакатарам. Патлумачу на сваім прыкладзе. Набліжаецца 500-годзьдзе Бабра. Мясцовай уладзе гэтая дата не падабаецца, ніхто ня хоча яе ўспамінаць. Я адзін шантажую мясцовых кіраўнікоў і кажу, што калі да 500-годзьдзя мястэчка яны не заасфальтуюць вуліцы, не правядуць у мястэчка газ, ня зробяць вадаправод, то мы, мастакі, зладзім пэрформанс: захопім сельсавет, узьнімем над ім бел-чырвона-белы сьцяг, будзем таптаць партрэт “вусатага” і такім чынам прымусім загаварыць пра Бобр усе СМІ. Маўляў, мы да гэтага рыхтуемся... І гэта вельмі дзейнічае. Паўтаруся, тут вельмі сур’ёзна ўспрымаецца мастак, адзіны вольны чалавек, які нідзе не працуе і які можа выкінуць такую штуку”.

Скобла: “Дык ці будзе адзначацца 500-годзьдзе Бабра? Ці спалохаліся ўлады твайго магчымага пэрформансу?”

Пушкін: “Яны ўжо сёе-тое зрабілі: праклалі дзьве новыя вуліцы, пазасыпалі лужыны. 500-годзьдзе будзе толькі ў 2016 годзе, але я ўжо загадзя, цяпер, калі прыяжджае які-небудзь дэпутат з “палаткі” ці мясцовы вэртыкальшчык, іду на сустрэчу, цягну руку, прадстаўляюся і кажу, што калі да юбілею мястэчка ў нас ня будзе добрай інфраструктуры, то тады іх чакае палітычны пэрформанс... У сельскай мясцовасьці, дзе ўвогуле няма свабодных людзей, усе – пад страхам, усе дзесьці служаць, ходзяць утуліўшы галаву ў плечы, мастак ці любы творчы чалавек – адзіны свабодны грамадзянін, які можа думаць пра такія абстрагаваныя палітычныя рэчы. Я цяпер штогод, на 25 Сакавіка, буду рабіць выставы на цэнтральнай плошчы Бабра”.

Скобла: “Да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі яшчэ даволі шмат часу, але ўжо гучаць заявы некаторых палітыкаў аб іхным удзеле ў гэтай кампаніі. Хто, на тваю думку, заслугоўвае быць кандыдатам ад, будзем спадзявацца, аб’яднанай апазыцыі?”

Пушкін: “Будучы кандыдат павінен ня горш за Лукашэнку прабягаць два з паловай кіляметры пад сьпякотным сонцам, а потым цэлы дзень хадзіць па трыбунах. Ён мусіць валодаць асноўнымі эўрапейскімі мовамі, мець вышэйшую юрыдычную адукацыю. Ён павінен размаўляць на беларускай мове і лічыць, што Беларусь ужо немагчыма павярнуць са шляху сувэрэнітэту, што ня трэба нам гнуцца ні пад крыло Крамля, ні пад крыло Эўразьвязу. Пакуль што такога чалавека я ня бачу. Мілінкевіч жа не прабяжыць два з паловай кіляметры пад сьпякотным сонцам”.

Скобла: “Мілінкевіч працаваў у Афрыцы, яму сьпёка – звыклая справа”.

Пушкін: “Давайце ўявім: бягуць Лукашэнка і Мілінкевіч на лыжаролерах. Хто каго пераможа?”

Скобла: “Няблага было б падобныя спаборніцтвы ўвесьці ў перадвыбарную прэзыдэнцкую гонку”.

Пушкін: “Абавязкова! Што зробіш, у нашага народу такая мэнтальнасьць. Ён ніколі не прамяняе дужага, харызматычнага палітыка на якога-небудзь маларослага ці слабога фізычна чалавечка. Уся намэнклятура скажа: не для таго мы трымаем уладу, каб аддаць яе нейкаму шчыглу”.

Скобла: “Ты ўдзельнічаеш у палітыцы на мясцовым узроўні. А ў цябе самога ніколі не было палітычных амбіцый? Мне здаецца, што ў Беларусі кандыдат з прозьвішчам Пушкін на любых выбарах меў бы пэўныя шанцы”.

Пушкін: “Згодзен з табою. Але я больш за ўсё на сьвеце люблю маляваць. Каб меў сьветлую прасторную майстэрню, многа фарбаў і палатна, – я б толькі пісаў і прымаў гасьцей, я люблю прымаць гасьцей і ладзіць сьвяты. А яшчэ я шаную ўласную свабоду. Думаеш, у Бабры мала стукачоў, якія сочаць за мною і дакладваюць куды трэба? Але звыкліся і са мною, і зь бел-чырвона-белым сьцягам над маёю хатай. Так, я змагаюся зь мясцовай уладай, але людзі ведаюць – мне самому ўлада не патрэбная, у дэпутаты ці прэзыдэнты я не зьбіраюся”.

Скобла: “На БТ навіны пайшлі па-беларуску. Зноў жа, кіраўнік дзяржавы падчас перапісу прызнаўся, што адна з родных моваў у яго – беларуская. Ты верыш у тое, што гэтая ўлада захоча і зможа павярнуцца тварам да нацыянальнай культуры, да роднай мовы? Ці ўсё гэта – палітычная гульня?”
Атрымаецца, што ні Баршчэўскі, ні Мілінкевіч не патрэбныя, калі ў краіне пры ўладзе гэткі беларускі туркмэнбашы...

Пушкін: “Мне думаецца, што Лукашэнка пакідае за сабою поле для манэўраў. Вось пабачыце, на пачатку 2011 году, калі абвесьцяць выбары, ён раптам пачне размаўляць па-беларуску. Дарэчы, у верасьні 2010 году прымаецца закон аб адзіным правапісе беларускай мовы, што таксама будзе выкарыстана ў палітычных мэтах. Лукашэнка апране кашулю-вышыванку, загаворыць па-беларуску – і што атрымаецца? Атрымаецца, што ні Баршчэўскі, ні Мілінкевіч не патрэбныя, калі ў краіне пры ўладзе гэткі беларускі туркмэнбашы. Адзінае, што грэх клятваадступніцтва і забойства на ім будзе заўсёды. А так, заўважце, пэўную эвалюцыю ён прайшоў. Лукашэнка – палітык цынічны і прагматычны, і ён будзе гэта рабіць. Вось такі мой прагноз, які можа спраўдзіцца адсоткаў на 80”.

На здымках нарвэскага тэлебачаньня ў порце Осла


  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG