Сябра Партыі камуністаў Беларускай Мікалай Петрушэнка на момант падзеньня Бэрлінскага муру быў дэпутатам Вярхоўнага савету СССР. Пра тую падзею сёньня ён узгадвае гэтак:
“У той час я і мой сябра Віктар Алкснікс, былі народнымі дэпутатамі СССР, марылі пра тое, што вось пройдзе 10-15 год і людзі – гісторыкі, журналісты – будуць цікавіцца аб сапраўднай сутнасьці лёзунгу “Дзякуй, Горбі”. Так тады нямецкае насельніцтва сустрэла тады падзеньне Бэрлінскага муру. На вялікі жаль, прайшло ўжо 20 год, але ж мала каго цікавіць, што Тэтчар у свой час вельмі не хацела аб’яднаньня Нямеччыны. У размове з Гарбачовым гэтую пэрспэктыву вельмі асьцярожна разглядаў Коль. Мала каго цікавіць галоўнае: як Гарбачоў супольна з КДБ адлучалі Хонэкера ад улады. Мала хто ведае, што за два-тры месяцы да падзеньня Бэрлінскай сьцяны, адной з рэспублік Савецкага саюзу было дадзенае права самафінансаваньня і самакіраваньня. Ведаеце якая гэта рэспубліка была? Гэта была БССР. Гэта азначае тое, што калі нам, у БССР, звалілася такое шчасьце быць самастойнымі, то Савецкі Саюз на той момант насамрэч ўжо ня быў тым гігантам, які мог вызначаць усясьветную палітыку”.
Адзін зь лідэраў руху “За Свабоду” Віктар Карняенка ў 1989 годзе таксама быў дэпутатам Вярхоўнага савету СССР. Падзеньне Бэрлінскага муру дало шматлікія адкрыцьці і чаканьні, кажа ён:
“Працэс аб’яднаньня абсалютна натуральная рэч. Калі мы зразумелі волю нямецкага народа, калі мы даведаліся праўду пра Бэрлінскі мур, колькі людзей там загінула – мы ж ня ведалі гэтага ўсяго – стала зразумела, што гэтага спыніць нельга, гэта абавязкова адбудзецца. Былі такія адчуваньні, што ніякіх перашкод больш ня будзе, што ўсё здарылася ўсур’ёз і назаўсёды, што адкрывалася шырокая і прыгожая пэрспэктыва. Гэта, канечне, ня спраўдзілася: ёсьць перашкоды, ёсьць праблемы, якія нечакана паўстаюць. Тут, што называецца, не хапала досьведу. Але па вялікаму рахунку, усё ж такі большасьць спадзяваньняў спраўдзілася. Таксама і звароту назад няма: ёсьць нейкія спробы павярнуць назад гісторыю, але гэтыя спробы іншым разам дзіўныя, а іншым разам сьмешныя. Па вялікаму рахунку, спыніць прагрэс нікому не ўдаецца і ня ўдасца. І тое, што пачалося тады, дасьць добры плён у пэрспэктыве. Для Беларусі гэтая пэрспэктыва пакуль не наступіла”.
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Дабравольскі ў 1989 годзе быў адным з наймаладзейшых дэпутатаў Вярхоўнага савету СССР ад Беларусі. Пра падзеньне Бэрлінскага муру ўзгадвае, як маласпадзяваную і вельмі аптымістычную падзею:
“Ніхто не чакаў, што так хутка гэта здарыцца. Але гэта выклікала вялікія спадзяваньні ў тых людзей, якія хацелі пераменаў да дэмакратыі ў Савецкім саюзе. І гэта было вельмі моцным фактарам, калі вось гэтая ўся імпэрыя і сацыялістычны лягер адпусьцілі ад сябе тых, хто ў гэтым лягеры знаходзіўся, ў прыватнасьці, Усходнюю Нямеччыну. Гэта была вельмі важная падзея, хоць і ня так хутка чаканай. Гэтая падзея паўплывала на ўсе астатнія падзеі. І, фактычна, тое, што пасьля адбылося з Савецкім саюзам, было лягічным працягам таго, што людзі ў розных краінах хацелі на свабоду. Шмат чаго спраўдзілася, шмат чаго з тых чаканьняў ня спраўдзілася. Аднак тыя людзі, тыя краіны, якія выбралі свабоду, паказалі лепшыя вынікі ня толькі ў справе абароны правоў чалавека, але і паводле ўзроўню жыцьця. На жаль, у Беларусі мы гэтага пакуль не дасягнулі, але тэндэнцыя такая, што ўсё роўна гэты праект, які рэалізоўваўся ў Беларусі па прадухіленьні будучыні, паказаў сваю не дзеяздольнасьць. І такія праекты ніколі ня маюць пэрспэктывы”.