Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра галосныя і роўнасьць


Летась у лістападзе я гэтак выказаў сваю першую спантанную рэакцыю на абраньне Барака Абамы 44-тым прэзыдэнтам ЗША: “…Учорашні дзень стаў знамянальным у гісторыі краіны, якая дагэтуль толькі тэарэтычна хвалілася магчымасьцю дасягненьняў для ўсіх. Я кажу тэарэтычна, бо ўсё ж прэзыдэнтам дагэтуль ніколі не была жанчына, ніколі ня быў прадстаўнік нацыянальнай меншасьці, ніколі не была асоба, прозьвішча якой канчалася на галосную літару... “


Адзін уедлівы наведнік нашага сайту зрабіў мне заўвагу наконт апошняй выказанай мною думкі:

“Эх Данчык Данчык... А Кеннэдзі? А Манро? А МакКінлі? (Насамрэч гэта стары амерыканскі жарт што калі тваё прозвішча заканчываецца на галосную літару, шансу стаць прэзідэнтам у цябе няма. Але жарт такі даволі неправераны...)” “Хрун Маржоў”

Камэнтар Хруна прымусіў мяне зрабіць маленькае дасьледаваньне. Вось жа, ён мае рацыю, але толькі часткова.

У ангельскай мове літара "Y" успрымаецца як зычная, так што – прабачце, Kennedy і McKinley гэты тэст не праходзяць.

Хруну, мабыць, варта было згадаць трох іншых прэзыдэнтаў, пра якіх я забыўся, у якіх прозьвішчы канчаюцца на галосную літару "E", хоць яна там і не вымаўляецца: Fillmore, Pierce and Coolidge.

Але з Monroe Хрун, вядома ж, трапляе ў дзясятку, і я здымаю перад ім капялюш: у прозьвішчы 5-га прэзыдэнта ЗША галосныя і апошняя літара "E" і апошні гук – "O".

Але, падумалася мне: гэта ж давялося чакаць амаль дзьвесьце гадоў, каб прозьвішча прэзыдэнта ЗША канчалася на галосны (Манро быў абраны ў 1817.)

Ну вядома, летась у лістападзе мне трэба было сказаць, што Абама – першы прэзыдэнт ЗША, чыё прозьвішча і канчаецца І ПАЧЫНАЕЦЦА галосным.

Але і гэтае ўдакладненьне ня зьменіць маёй галоўнай думкі: З абраньнем прэзыдэнтам першага ў гісторыі ЗША афраамэрыканца Злучаныя Штаты нарэшце паступілі ў адпаведнасьці з абвешчаным імі прынцыпам – “у гэтай краіне ўсе людзі – роўныя”, а паходжаньне ня можа быць перашкодай да посьпеху. На жаль, яшчэ даводзіцца чакаць, калі роўнасьць пашырыцца на іншыя катэгорыі падзелаў паміж людзьмі...
XS
SM
MD
LG