Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-амэрыканскія адносіны: ці ёсьць выйсьце з тупіку?


Памочнік дзяржсакратара ЗША Філіп Гордан заявіў, што толькі пасьля дэмакратычных зьменаў у Беларусі магчыма размарожваньне двухбаковых адносін. У чым прычына такой жорсткай пазыцыі? Якое месца займае беларускае пытаньне ў замежнай палітыцы адміністрацыі прэзыдэнта Абамы? Чаму адбыўся разрыў у палітыцы ЗША і Эўразьвязу адносна Беларусі?


Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і міжнародны аглядальнік газэты “Наша ніва” Сяргей Богдан.

Андрэй Фёдараў
Сяргей Богдан
Валер Карбалевіч

Жорсткая пазыцыя абодвух бакоў


Карбалевіч: “Памочнік дзяржсакратара ЗША Філіп Гордан паўтарыў пазыцыю Злучаных Штатаў адносна Беларусі, якую прадстаўнікі амэрыканскай адміністрацыі агучвалі ня раз. Толькі пасьля сур’ёзных крокаў кіраўніцтва Беларусі па шляху дэмакратызацыі магчыма размарожваньне двухбаковых дачыненьняў, адмена эканамічных санкцыяў.

Раней ЗША агучылі пазыцыю, згодна зь якой нават вяртаньне амэрыканскіх дыпляматаў у Беларусь на чале з амбасадарам не палепшыць стасункаў, калі ня будзе тут дэмакратычных зьменаў. А Лукашэнка падчас сустрэчы з амэрыканскімі сэнатарамі і кангрэсмэнамі ўлетку заявіў, што дыпляматы могуць вярнуцца толькі пасьля адмены санкцый і скасаваньня Акту аб дэмакратыі ў Беларусі.

Такія жорсткія пазыцыі з абодвух бакоў азначаюць, што дачыненьні знаходзяцца ў тупіку і, здаецца, выйсьця не відаць. У чым прычына такой сытуацыі?”

Андрэй Фёдараў: “Мне падаецца, што Гордан казаў ня столькі пра сёньняшні стан рэчаў, колькі пра свой летні візыт у Менск. На гэтым тыдні часовы павераны ЗША ў Беларусі Скэнлан у інтэрвію “Народнай волі” сказаў, што калі Беларусь зьменіць выбарчае заканадаўства, то Злучаныя Штаты могуць адмяніць цалкам ці часткова санкцыі супраць “Белнафтахіму”. Гэта ўжо элемэнт пакрокавай стратэгіі”.

Тупік ці не?


Фёдараў: “Дарэчы, беларускія ўлады зьбіраюцца мяняць выбарчае заканадаўства. Да таго ж ЗША ў МВФ не выступаюць супраць выдзяленьня Беларусі крэдытаў. Злучаныя Штаты ня надта зацікаўленыя ў Беларусі, таму ім няма асаблівых прычынаў ісьці насустрач”.

Сяргей Богдан:
Тактыка грубага торгу, якую выбраў Менск, толькі падмацоўвае прынцыповую лінію ЗША.
“Называць двухбаковыя адносіны тупіком ня варта. Бо, сапраўды, паляпшэньне дачыненьняў Беларусі зь міжнароднымі фінансавымі інстытутамі было б немагчымае без маўклівай падтрымкі ЗША.

Іншая справа, што ў тупіку знаходзіцца лінія, абраная Менскам датычна ЗША. Вашынгтон можа дазволіць сабе прынцыповасьць у дачыненьні да Беларусі. Бо Беларусь не закранае ніякіх жыцьцёва важных інтарэсаў ЗША, яна не валодае стратэгічнымі рэсурсамі, не стварае пагрозы для Злучаных Штатаў. Таму на такіх краінах можна выяўляць ідэйную прынцыповасьць.

Зь іншага боку, тактыка грубага торгу, якую выбраў Менск, толькі падмацоўвае прынцыповую лінію ЗША. Хоць беларускае кіраўніцтва выпусьціла з турмы амэрыканскага грамадзяніна Зэльцэра, але яно працягвае сяброўства з Уга Чавэсам”.

Ці зьмянілася палітыка ЗША адносна Беларусі пры адміністрацыі Абамы?


Карбалевіч: “Абодва мае суразмоўцы адзначылі, што адна з прычынаў такой сытуацыі ў дачыненьнях паміж Менскам і Вашынгтонам — тая, што беларускае пытаньне займае значна меншае месца ў вонкавай палітыцы адміністрацыі прэзыдэнта Абамы ў параўнаньні з адміністрацыяй прэзыдэнта Буша. Чаму так?”

Фёдараў: “Безумоўна, зьмены відавочныя. Пры адміністрацыі Буша заявы пра Беларусь з самага высокага ўзроўню гучалі 2—3 разы на год. За дзевяць месяцаў прэзыдэнцтва Абамы пра Беларусь узгадала дзяржсакратар ЗША Клінтан падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў Славеніі (Славенія ў той час старшынявала ў Радзе Эўропы). Другі раз віцэ-прэзыдэнт ЗША Байдэн падчас сустрэчы з польскім прэм’ерам Тускам сказаў неяк неканкрэтна, што і Беларусь трэба мець на ўвазе.

Існуе некалькі прычынаў такой малой увагі новай адміністрацыі ЗША да Беларусі. Гэта і эканамічны крызіс, які адцягвае ўвагу амэрыканскага кіраўніцтва, і новыя падыходы да замежнай палітыкі. Абама казаў, што дэмакратыю нельга звонку навязваць сілай. Апошні раз былы прэзыдэнт Буш узгадаў Беларусь 9 сьнежня мінулага году, у Сусьветны дзень правоў чалавека. Пачакаем месяц — можа, цяпер у гэты дзень Абама ўзгадае пра Беларусь”.

Богдан: “ЗША патрэбныя Беларусі больш, чым Беларусь патрэбная ЗША. Хоць у палітыцы новай адміністрацыі ЗША захоўваецца інэрцыя, але ўсё ж яна займае трохі іншую пазыцыю.

Яшчэ адзін чыньнік. Цяпер мы назіраем пэўнае збліжэньне ЗША і Расеі. А ў такім выпадку цікавасьць Вашынгтону да краінаў-суседзяў РФ зьмяншаецца”.

Палітыка ЗША і Эўразьвязу адносна Беларусі


Карбалевіч: “Калі раней палітыка ЗША і ЭЗ у дачыненьні да Беларусі альбо супадала, альбо была вельмі блізкай, то цяпер, наадварот, разрыў паміж лініямі Вашынгтону і Брусэлю ў гэтым пытаньні павялічваецца. Каму гэта на карысьць? Дзейнаму беларускаму рэжыму, дэмакратычным сілам ці каму? Хто ад гэтага выйграе?”

Фёдараў: “Беларусь не настолькі важная краіна для ЗША, як для ЭЗ. Эўропа залежыць ад транзыту празь Беларусь расейскіх энэрганосьбітаў, а ЗША — не. Эўропу хвалююць праблемы мігрантаў, магчымых сацыяльных выбухаў у Беларусі, а Злучаныя Штаты далёка.

Зразумела, калі б ЗША і ЭЗ вялі адзіную палітыку адносна Беларусі, яна была б больш эфэктыўнай. Але праблема ў тым, якой павінна быць гэтая палітыка. Шмат гадоў такая палітыка ЗША і ЭЗ была блізкай і жорсткай у дачыненьні да Беларусі, але вялікіх дасягненьняў не было”.

Богдан: “Справа ў тым, што пасьля пашырэньня ЭЗ Беларусь пачала межаваць з Эўразьвязам. І Эўропе трэба зважаць на свае жыцьцёвыя інтарэсы. Таму пазыцыі ЭЗ і ЗША ў гэтым пытаньні разышліся. Я лічу, што розныя падыходы ідуць на карысьць усім. Бо сапраўды невядома, якая палітыка будзе больш плённай. У гэтым пляне такая альтэрнатыўнасьць ня горшая за адзіны падыход ЗША і ЭЗ да Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG