Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяць і забыцьцё Курапатаў


Дваццаць гадоў таму, на Дзяды, 29 кастрычніка 1989 г., тысячы людзей, выцягнуўшыся ў ланцуг на некалькі кілямэтраў, ішлі да Курапатаў. Наперадзе калёны несьлі сямімэтровы крыж.

Мітынг-рэквіюм у Курапатах вёў Зянон Пазьняк, выступілі Уладзімер Арлоў, Янка Брыль, сябры Народнага Фронту і “Мартыралёгу Беларусі”. Крыж, які быў узьняты над урочышчам, асьвяцілі прадстаўнікі чатырох хрысьціянскіх канфэсіяў. Так пачалася народная мэмарыялізацыя Курапатаў.

З таго часу кожныя Дзяды адзначаліся шэсьцем у Курапаты, які праводзіў Народны Фронт. У першай палове 90-ых зьбіраліся ля будынку НКВД, на якім усталёўвалася часовая шыльда з напамінам, што менавіта адсюль пачынаўся шлях у Курапаты для тысячаў сыноў і дачок Беларусі. Сяргей Грахоўскі паказваў вокны камэры ў сутарэньні, дзе ён правёў некалькі месяцаў перад этапам у ГУЛАГ. На кожныя Дзяды сюды прыходзіў Васіль Быкаў і, калі добра сябе пачуваў, ішоў разам з усімі спачатку да Парку Чалюскінцаў (там таксама расстрэльвалі людзей), а потым да Курапатаў. Заўсёды ў калёне -- Рыгор Барадулін. Прыяжджаў з Масквы Алесь Адамовіч.

На Дзяды ў Курапаты прыходзіў і выступаў на мітынгу старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. Аднойчы ўскладаў кветкі і старшыня Саўміну Вячаслаў Кебіч. Прыязжаў у Курапаты мітрапаліт Філярэт. На тым самым першым шэсьці ў 89-ым, яшчэ ня ў якасьці архімандрыда, а простага сьвятара побач з Пазьняком ішоў на чале калёны Аляксій Шынкевіч (магчыма, цяпер, калі патрыярх Кірыла ўзгадаў пра Курапаты, гэта здыме пячатку маўчаньня з вуснаў іерархаў Беларускага Экзархату).

За дваццаць адзін год пасьля абнародаваньня праўды пра Курапаты ўрочышча наведалі прэзыдэнты, амбасадары, парлямэнцкія дэлегацыі, шмат замежных журналістаў. У студзені 1994 года каманда Кебіча рабіла ўсё, каб сарваць наведваньне Курапатаў прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам. Вычарпаўшы арсэнал інтрыгаў, скарысталі апошні аргумэнт: прымаючы бок не гарантуе высокаму госьцю бясьпеку. У такіх выпадках амэрыканская Сакрэтная служба, як правіла, забараняе прэзыдэнту наведваць “аб’ект”. Але Клінтан у Курапаты – паехаў.

Лукашэнка, як мне вядома, у Курапатах ня быў ніколі. Ні ў час дэпутацтва, і ў часы прэзыдэнцтва. Ні на Дзяды, ні ў нейкі іншы дзень.

У пачатку 90-ых неяк само сабой разумелася, што ў хуткім часе тут будзе ўзьведзены помнік, і ў грамадзтве дэбатавалася – якім быць мэмарыялу? Засядалі ўрадавая і грамадзкая камісіі. Сябра Камісіі па справах рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій пры Вярхоўным Савеце 12-скліканьня Аляксандар Лукашук прапанаваў, для пачатку, абнесьці Курапаты плотам. Архітэктурныя генэралы ўсьміхнуліся – замала (тут было дзе разгарнуцца і ў шырыню, і ў вышыню, а з улікам усясьветнай вядомасьці Курапатаў мэмарыял абяцаў абясьсмерціць імя аўтараў). Урадоўцы адказалі, што зашмат - - спатрэбіцца аж паўгоду…

Цяпер падаецца, што плот – гэта адзінае, што рэальна можна было зрабіць у той час, бо гэта хаця б засьцерагло Курапаты ад вандалізму. А можа, і не засьцерагло б, бо занадта ўжо пэрыядычна ды арганізавана рушаць крыжы ды раструшчваюць “лаву Клінтана”.

Гісторыя Курапатаў апошніх дваццаці гадоў – гэта гісторыя змаганьня супраць духоўнага і матэрыяльнага зьнішчэньня сьвятога месца. Яшчэ са савецкім часам камуністы пачалі ствараць бясконцыя “грамадзкія камісіі” з мэтай даказаць, што Курапаты – фікцыя, што расстрэльвалі не энкэвэдысты, а -- немцы ў часе вайны. У 2001 годзе пачалі пракладаць трасу, і моладзевыя актывісты наладзілі няспынную вату, паставілі намёты (пра гэта – кніга “Дарога праз Курапаты” у бібліятэцы Свабоды). Потым зьбіраліся пабудаваць ля магілаў “элітны” катэджны пасёлак – ізноў пратэставала грамадзтва…

Улады для Курапатаў ня робяць нічога. Народны Мэмарыял ствараюць актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, штотыдзень ладзяць талаку, усталёўваюць новыя крыжы і падпраўляюць раней пастаўленыя, прыбіраюць урочышча ад сьмецьця.

У чым прычыны выразнага ігнараваньня сёньняшнімі ўладамі Курапатаў?

Першая і відавочная палягае ў каньюнктуры палітычнай барацьбы. Гаворачы пра Курапаты, цяжка абысьці гісторыю іх адкрыцьця, а тады, адпаведна, трэба называць і прозьвішча першаадкрывальніка. Давядзецца пазначаць імя Пазьняка ў падручніках, пад час экскурсіяў адказваць на пытаньні, дзе ён цяпер і чаму ня можа вярнуцца. Тым часам, вось ужо шмат гадоў прозьвішча гэтае непажадана ўзгадваць зусім – ні ў станоўчым, ні ў нейкім іншым кантэксьце. Няма і не было, забудзьце. Ва ўсьведамленьні ролі і маштабу гэтай асобы Лукашэнка не арыгінальны – тое ж у свой час разумеў і Кебіч.

Аднак існуе і больш глыбокая падстава – гэта ідэйная, палітычная і нават, у пэўнай ступені, кадравая пераемнасьць сёньняшняй улады з бальшавіцкім рэжымам і яго рэпрэсіўнымі ворганамі. Помнікі Леніну, “Лінія Саліна”, музэй Дзяржынскага з традыцыйнай прысягай новых чэкістаў – элемэнты ідэалёгіі ўсхваленьня савецкага пэрыяду, “слаўнага мінулага”. І тут няма месца праўдзе пра расстрэлы нявінных ахвяраў.

Яшчэ і таму няма, што маштаб рэпрэсіяў -- уражвае.

На падставе навуковых падлікаў (навукова ж і не абвергнутых) Пазьняк называе колькасьць забітых у Курапатах -- да 250 тысяч чалавек. Выдадзены ў 1995 годзе даведнік “Беларусь” (Менск, “Беларуская энцыкляпэдыя”) падае -- “да 100 тысяч чалавек” (толькі уявіце сабе лічбу ў сто тысячаў не абстрактна. Гэта -- колькасьць жыхароў у Наваполацку, ці ў Лідзе, ці ў Маладзечне, ці ў Салігорску. У Полацку, Жлобіне, Светлагорску – меней).

Мой знаёмы швэйцарскі журналіст Ульрых Шмідт сказаў, што пры такіх лічбах гаворка павінна весьціся не пра рэпрэсіі ўжо, а – пра этнацыд.

І гэта – у адных толькі Курапатах. З такімі лічбамі цяжка казаць пра якія б ні было “перавагі ўсяго лепшага, што стварылі пакаленьні савецкіх людзей” – калі гэтых самых людзей пакаленьнямі і зьнішчалі.

Зразумела, не зацікаўленае у памяці пра Курапаты і ўстанова, якая называе сябе пераемніцай “лепшых традыцый” той самай арганізацыі, якая зьнішчала.

Да гэтага часу прозьвішчы курапацкіх катаў засакрэчаныя КДБ. Ды і да інфармацыі пра ахвяраў не дабрацца. Толькі на кароткі тэрмін, у самым пачатку 90-ых, былі прыадчыненыя для дасьледчыкаў архівы КДБ 1930-1950-ых гадоў (і тое ўдавалася прабрацца ў іх ня з першай спробы). Як патлумачыў мне тады старшыня КДБ генэрал Лавіцкі – “Справы ўтрымліваюць імёны ня толькі супрацоўнікаў, але і агентаў. А з моманту заснаваньня ўстановы (ВЧК-НКВД-МДБ-КДБ -- С.Н.) мы ня выдалі імя ніводнага агента. Бо калі б выдалі, з намі адмаўляліся б супрацоўнічаць”.

… Уявіце, што выведка сучаснай Нямеччыны трымае ў сакрэце архівы Гестапа, а канцлер нагадвае, што пры фашызьме “ня ўсё было дрэнна”.

Гл.таксама: Зянон Пазьняк: Я разумеў, што творыцца містэрыя
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG