Зь лістапада штомесячная і аднаразовая дзяржаўная дапамога на дзяцей павялічыцца на 0,3 працэнта. Гэта зьвязана з падвышэньнем бюджэту пражытковага мінімуму. Чарговы рост дапамогі чакаецца ў пачатку 2010 году, аднак наколькі ён будзе сутнасным, чыноўнікі пакуль сказаць ня могуць. Штомесячная дапамога па доглядзе за дзіцём складзе 200.060 рублёў, за старэйшымі за тры гады – 75.020 рублей.
Цягам гэтага году сумы дапамогі павялічваліся ужо 4 разы – кожны раз пры зацьвярджэньні новага бюджэту пражытковага мінімуму. Аднак тая ж дапамога на дзіця, старэйшае за тры гады, вырасла ўсяго толькі на 7 610 рублёў.
Віды дапамогі | з 01.11.08 па 31.01.09 | з 01.02.09 па 30.04.09 | з 01.05.09 па 31.07.09 | з 01.08.09 па 31.10.09 | з 01.11.09 |
Дапамога па доглядзе за дзіцём ва ўзросьце да 3 гадоў (штомесячная) | 179760 | 187500 | 194860 | 199530 | 200060 |
Дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады (штомесячная) | 67410 | 70310 | 73070 | 74820 | 75020 |
За 9 месяцаў сёлета ў краіне нарадзілася на 2,6% дзяцей болей, чым за аналягічны пэрыяд летась. У 2008 годзе ў Беларусі нарадзілася болей за 900 двайнят і 17 трайнят.
Зь лістапада аднаразовая дапамога пры нараджэньні першага дзіця складзе 1.250.350 рублёў, другога і наступнага дзяцей – 1.750.490 рублёў. Міністэрства працы і сацабароны спрабуе стымуляваць нараджэньне ў сям’і менавіта другога дзіця. Таму павялічваюцца выплаты на другога і наступных дзяцей, плянуецца ўвесьці льготы ў падатковым і жыльлёвым заканадаўстве для такіх сямей.
Чакаецца, што на пачатку 2010 году памер дзіцячай дапамогі павялічыцца. Адпаведны праект указа прэзыдэнта ўжо падрыхтаваны, аднак пакуль знаходзіцца на разглядзе урада. На колькі і якія віды дапамогі павялічацца — у Міністэрстве працы і сацабароны не камэнтуюць.
Леанід Заіка, кіраўнік АЦ «Стратэгія»:
— У дзяржаве павінна працаваць сыстэма сацыяльнай дапамогі, разьлічаная на тое, каб патрымліваць дарослых людзей. У Беларусі можна было б прызначыць сацдапамогу на чалавека 100 даляраў і на дзіця 60 даляраў. Калі б маці і дзіця атрымлівалі б 160 даляраў, гэта можна было б лічыць здавальняльнай сытуацыяй. А ў Беларусі дапамога па беспрацоўі – каля 14 даляраў. Падвышаць сацыяльныя выплаты трэба ў 7-8 разоў.