Што для вас свабода?
Гэта мажлівасьць выхоўваць сына і бавіцца зь ім; пісаць мастацкія творы; сустракацца зь сябрамі, не зьвяртаючы ўвагі на гадзіньнік, піць добрае чырвонае віно, віскі, каньяк; парыцца ва ўласнай лазьні; гатаваць розныя стравы.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Страх; наяўнасьць цела зь яго патрэбамі есьці і піць, займацца сэксам і спаць; боль; сацыяльныя абавязкі; няведаньне моваў.
Што для вас шчасьце?
- Калі маленькі сын чытае па-беларуску без акцэнту, а ў лесе знаходзіць грыбы часьцей за мяне і марыць сустрэць дзіка; калі сьмела заходзіць у тэрарыюм;
- калі ўдаецца напісаць тэкст, які прыводзіць у захапленьне чытачоў, і яны кажуць: “Чытаем і бачым кіно”, “чытаем і забываем пра сон”;
- калі бачыш шчасьлівы твар, вочы каханай жанчыны і чуеш у яе голасе клопат пра цябе;
- калі сябры хваляць прыгатаваныя табою стравы.
Трапіць на той сьвет і даведацца, што там няма каханьня; што там, нават у пекле, няма лазьні; што там не сустрэну сяброў і ня зладжу чаркаваньне.
А ў гэтым сьвеце баюся дажыць да сьмерці сваіх дзетак. Памерці, не дапісаўшы раман. Страціць прагу пісаць і кахаць. Страціць мажлівасьць зьдзіўляцца. Баюся стаць занадта сьціплым ці занадта нахабным.
Які талент вы хацелі б мець?
Таленты кухара і паліглёта.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Васілём Сёмухам.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Пісаць. А перад гэтым – ляжаць у цёплым ложку і ня мець аніякіх думак і пачуцьцяў. Забіваць прыгожыя галы і даваць выніковыя пасы.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Усё.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
У маладосьці настаўнік параіў мне прафэсійна вывучаць псыхалёгію і філязофію.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Каб удалося!
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У той, дзе не адчуваеш аніякай сыстэмы.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Дзе мог бы атрымаць неабходную мэдычную дапамогу. А калі яшчэ больш сур’ёзна – у той, дзе сам быў бы прэзыдэнтам.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У эпоху пераменаў, але каб людзей не забівалі ў патыліцу.
Калі б вы сталі кіраўнікoм Беларусі, што б зрабілі найперш?
Зьвярнуўся б да народу і паведаміў, што беларусы – на мяжы зьнікненьня. Праз 100 гадоў у Беларусі можа застацца ўсяго 1 мільён чалавек. Таму ўсіх дзетак з чарнобыльскай зоны трэба вывезьці ў цывілізаваныя краіны на лекаваньне і чыстае харчаваньне. Пачаць адсяленьне людзей у чыстыя вёскі і за мяжу. Прыпыніць вытворчасьць усіх прадуктаў харчаваньня на забруджаных землях. Зрабіць для грамадзянаў бязьвізавы рэжым для ўсіх краінаў, акрамя Расеі.
Паставіў бы мэмарыялы ва ўсіх беларускіх Курапатах і параіў бы туды вадзіць экскурсіі. Каля помнікаў Леніну зладзіў бы мэмарыялы, дзе напісаў бы ягоныя цытаты аб неабходнасьці забіваць сьвятароў, прастытутак ды іншых. Гэтыя помнікі маглі б выхоўваць лепей, чым зьнесеныя.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Увайсьці ў Эўразьвяз.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Стандартныя міжнародныя стасункі з паўнавартаснай мяжой і візамі.
Некаторыя думаюць: "Хай дыктатура, абы свая". А вы?
Гэта пытаньне мае сэнс для прыхільнікаў віртуальнай палітыкі. Я яго проста не разумею.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Калі беларусы будуць сьмяяцца зь ідала. Сьмех пазбаўляе страху. Нас выратуе сьмехавая рэвалюцыя і “Куля для прэзыдэнта”!
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Ніколі. Яны хутчэй вывучаць эўрапейскія мовы. Бо нармальныя беларусы – прагматыкі.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Зьнікнуць.