Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт Мартынава не прадугледжвае падпісаньня дамоваў у Брусэлі


Сяргей Мартынаў
Сяргей Мартынаў

Зь візытам у Брусэлі знаходзіцца міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў. Ён правядзе перамовы з намесьнікам старшыні Эўрапейскай камісіі, эўракамісарам па свабодзе, бясьпецы і правасудзьдзі Жакам Баро і эўракамісарам па фінансавых і эканамічных пытаньнях Хаакінам Альмунія. Сярод пытаньняў, якія будуць абмеркаваныя, — пэрспэктывы спрашчэньня візавага рэжыму Эўразьвязу для грамадзянаў Беларусі і актывізацыя крэдытна-інвэстыцыйнага ўзаемадзеяньня.


Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў адзначыў, што гэты візыт, які працягнецца да 23 кастрычніка, працоўны і ня мае на мэце падпісаньня нейкіх дакумэнтаў. Ён скіраваны на прафэсійны абмен думкамі, на тое, каб “больш глыбока былі пачуты прапановы беларускага боку”. Адносна візавага рэжыму спадар Папоў патлумачыў пазыцыю беларускага боку так:

“Мы лічым, што сытуацыя ў тым выглядзе, якая яна ёсьць зараз, непрымальная з пункту гледжаньня правоў беларускіх грамадзянаў, якія відавочна дыскрымінуюцца і па кошце шэнгенскіх візаў, і па вельмі працяглай працэдуры іх афармленьня. Мы ўжо неаднаразова гэту нашу пазыцыю да эўрапейскіх партнэраў даводзілі. Працягваем працаваць. Менавіта адной з мэтаў гэтага візыту — яшчэ раз давесьці нашу пазыцыю да адпаведных структураў Эўразьвязу. Мы ўсё ж зыходзім з таго, што беларусы ня ёсьць людзьмі другога гатунку, і настойваем, каб нашы партнэры ў ЭЗ паважалі інтарэсы нашых грамадзянаў. Таму ўсё мы будзем рабіць на парытэтнай аснове”.

Спадар Папоў адзначыў, што ў эўрапейскіх партнэраў ёсьць пэўныя свае меркаваньні. І беларускі бок намагаецца як мага хутчэй выйсьці на нейкія кампрамісныя рашэньні, бо “гэта будзе найперш на карысьць грамадзянаў Беларусі, і гэта адпавядае мэтам, задэкляраваным Эўразьвязам у сваім намеры неяк пашырыць узаемадзеяньне менавіта з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі”.

“Што тычыцца нашых рухаў насустрач менавіта ў візавым пытаньні, то вы ведаеце пра тыя канкрэтныя крокі, якія мы ў гэты бок зрабілі. Гэта і адсутнасьць неабходнасьці запрашэньняў пры афармленьні візаў, калі гэта не перавышае пэўны тэрмін знаходжаньня тут эўрапейскага грамадзяніна. Мы шмат прасунуліся ў візавых пытаньнях і што тычыцца руху ў памежнай зоне зь Літвой, Латвіяй і Польшчай, і шмат яшчэ ў чым. Таму, што тычыцца менавіта візавых стасункаў, то мы шмат крокаў у гэтым накірунку зрабілі. Мы шмат палёгкаў зрабілі для нашых эўрапейскіх партнэраў з пункту гледжаньня інтарэсаў шараговых эўрапейцаў”.

Спадар Папоў заяўляе пра гатоўнасьць беларускага боку да працы, патрэбнай, каб вырашыць візавае пытаньне для беларускіх грамадзянаў.

“Усё залежыць ад таго, як бакі будуць хутка прасоўвацца, як бакі будуць гатовыя да таго, каб прыслухоўвацца адзін да аднаго, бо гэта далікатнае пытаньне. Усё будзе залежаць ад таго, як якасна будзем праводзіць сумесную працу. Мы да гэтай працы гатовыя. Мы сваімі канкрэтнымі крокамі, і вы бачыце візыт міністра, скіраваны на вырашэньне гэтага пытаньня. Мы да такога шчыльнага дыялёгу з нашымі партнэрамі гатовыя, як і раней. Працягнем працу”.

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што праблема спрашчэньня візавага рэжыму шмат у чым тэхнічная, але і палітычная таксама:

“Ёсьць абумоўленасьць. Беларусь павінна ўваходзіць у эўрапейскую палітыку суседзтва. Тады яна можа падпісаць дамову пра спрашчэньне візавых працэдур, і тады аўтаматычна віза будзе каштаваць 35 эўра, як, напрыклад, ва Ўкраіне. І будзе запушчаны працэс спрашчэньня візавай працэдуры. Пакуль Беларусь не ўваходзіць у гэтую палітыку, і таму тармозіцца працэс з гэтымі візамі. Хаця нібыта палітычнае рашэньне ў ЭЗ, у некаторых краінах ёсьць. Шмат яшчэ што ўпіраецца ў тое, што Беларусь ня выканала палітычныя патрабаваньні, якія выстаўляе ЭЗ. У ЭЗ дагэтуль ёсьць візавыя санкцыі дачынна Беларусі. Гэта ўсё перашкаджае таму, каб у нас былі нармальныя двухбаковыя палітычныя дачыненьні, якія зьяўляюцца неабходнымі для спрашчэньня візавай працэдуры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG