Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. Ганчарэнка: “Ніякага інтарэсу да БАТЭ ў Эўропе няма”


Віктар Ганчарэнка
Віктар Ганчарэнка

Напярэдадні хатняй сустрэчы зь лівэрпульскім “Эвэртанам” у першым сэзоне Лігі Эўропы галоўны трэнэр барысаўскага БАТЭ Віктар Ганчарэнка расказаў пра месца каманды ў эўрапейскай футбольнай гіерархіі, пра недахоп увагі з боку журналістаў, а таксама аб праблемах заўзятараў у часе выязных сустрэчаў.

Летась футбалісты БАТЭ ўчынілі сэнсацыю, стаўшы ў адзін шэраг з мацнейшымі клюбамі Эўропы. Праўда, далей за групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў ім крочыць не ўдалося. Настаўнік барысаўцаў Віктар Ганчарэнка наракаў тады, што беларуская прэса часта ставілася да супернікаў лепей, чым да БАТЭ. Ці зьмянілася што цягам году? Ці сталі пра БАТЭ больш гаварыць у Эўропе?

“Давайце па парадку: як не было да нас ніякага інтарэсу ў Эўропе, так і няма. Магу яшчэ раз пацьвердзіць: на мой погляд, вельмі шмат увагі прэса надае нашым супернікам, і ў меншай ступені — БАТЭ. Але ў той жа час разумею і журналістаў: напэўна, яшчэ ня ўсе гульцы і трэнэрскі штаб гатовыя бясконца даваць інтэрвію. Мы ўсе разам павінны рабіць больш папулярным наш футбол. Зразумела, калі існуе нейкая ніша, то ўрэшце гэта запаўняецца замежнымі камандамі. А хочацца, каб усе больш ведалі пра наш беларускі футбол, пра беларускіх футбалістаў — такіх, як прыкладам, Крывец. На мой погляд, ён куды больш цікавы, чым легіянэр “Эвэртана” Белелятдзінаў”.

Згаданы трэнэрам Сяргей Крывец — адзін з мацнейшых на сёньня гульцоў БАТЭ — кажа, што каманда леташняга і сёлетняга ўзору мае шэраг істотных адрозьненьняў. Прынамсі, няма ранейшага хваляваньня перад аўтарытэтамі:

Сяргей Крывец
“У мінулым годзе для нас гэта ўсё было ў першы раз. Прычым, адразу — Ліга чэмпіёнаў, надзвычай высокі ўзровень, усе звышмоцныя каманды. Зараз жа, спадзяюся, наша каманда ўжо атрымала пэўны міжнародны досьвед, я нават сказаў бы — досыць багаты досьвед. Таму гэтым разам усё ўспрымаецца больш спакойна, а з такім багажом мы можам паводзіць сябе больш разважліва. Прынамсі, да гульні можам рыхтавацца куды больш спакойна, чым летась”.

На сустрэчу БАТЭ з “Эвэртанам” плянуецца прыезд некалькіх сотняў лівэрпульскіх заўзятараў. Візыту папярэднічаў скандал, растыражаваны беларускімі аматарамі футболу, якія не атрымалі брытанскіх візаў на матч нацыянальных зборных Англіі і Беларусі 14 кастрычніка. “Забракаваныя” фанаты лічаць, што ў сьнежні ня ўдасца выехаць і ў Лівэрпуль, таму зьвярнуліся ў беларускую амбасаду ў Лёндане, каб там ужылі адпаведныя контрзахады да брытанскіх заўзятараў. Як ставіцца да візавых складанасьцяў, Віктар Ганчарэнка?
Якіхсьці штучных перашкодаў брытанскім заўзятарам рабіць ня варта ...

“Складана рабіць высновы, але, канечне ж, калі ёсьць нейкая магчымасьць зрабіць паслабленьні зь візамі, то хацелася б, каб як брытанская, так і беларуская амбасада гэтым скарысталіся. Якіхсьці штучных перашкодаў брытанскім заўзятарам, лічу, рабіць ня варта. Як, зрэшты, і нашым. Бо калі ёсьць два лягеры, кожны зь якіх падтрымлівае сваю каманду, то гэта дадае шарму гульні. Таму спадзяюся, што ўсё ўрэшце вырашыцца і беларускія заўзятары атрымаюць магчымасьць паглядзець матчы ў Брытаніі на жывую”.

Непазьбежная праблема кожнага клюбу, які засьвеціцца на міжнароднай арэне, — страта вядучых гульцоў, да якіх выяўляюць увагу багатыя каманды. Некалькі клясных футбалістаў БАТЭ страціў пасьля ўдзелу у Лізе чэмпіёнаў. Ці гатовы трэнэрскі штаб да таго, каб адпусьціць чарговую партыю гульцоў?
абедзьвюма рукамі, каб нашы футбалісты гулялі ў больш моцных чэмпіянатах ...

“Клюб вядучых футбалістаў адпускае ахвотна, а вось трэнэрскі штаб — бяз усялякай ахвоты. Але мы з разуменьнем да гэтага ставімся. І калі будзе добрая прапанова, то будзем абедзьвюма рукамі, каб нашы футбалісты гулялі ў больш моцных чэмпіянатах. Бо ўрэшце гэта пойдзе на карысьць зборнай Беларусі. А што тычыцца нейкіх стратаў, то, лічу, мы заўсёды іх удала кампэнсавалі — у нас заўсёды маюцца на прыкмеце гульцы, якія прыйдуць да нас у наступным сэзоне. Прынамсі, хацелася б, каб яны прыйшлі”.

Удзел у Лізе Эўропы нясе ня толькі маральнае задавальненьне ад магчымасьці праверыць здольнасьці ў гульнях з эўрапейскімі грандамі, але і матэрыяльныя дывідэнды. Канечне, яны больш сьціплыя за ганарары Лігі чэмпіёнаў, але не параўнальныя з фінансаваньнем у беларускім чэмпіянаце.


Выплаты ў Лізе Эўропы, эўра

1—ы кваліфікацыйны раўнд — 90.000

2—і кваліфікацыйны раўнд — 90.000

3—і кваліфікацыйны раўнд — 90.000

раўнд плэй-офф — 90.000

выхад у групавую стадыю — 1.000.000

перамога ў групе — 140.000

нічыя ў групе — 70.000.

1/16 фіналу — 200.000

1/8 фіналу — 300.000

1/4 фіналу — 400.000

1/2фіналу — 700.000

фіналіст — 2.000.000

пераможца — 3.000.000.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG