Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казус Фухіморы: І прэзыдэнты расплачваюцца


Альбэрта Фухіморы, які два тэрміны быў прэзыдэнтам Пэру (1990-2000), 30 верасьня можа атрымаць восем з паловай гадоў турмы паводле абвінавачаньня ў карупцыі і падслухоўваньні палітычных апанэнтаў, журналістаў і бізнэсоўцаў. Ён прызнаўся ў гэтым.


Атрымаў ужо 40 гадоў


Фухіморы, якому цяпер 71 год, ужо адседжвае сукупнае пакараньне амаль 40 гадамі турмы, якое ён атрымаў у трох іншых працэсах.

У сьнежні 2007 яго прысудзілі да шасьці гадоў турмы за злоўжываньне ўладай на прэзыдэнцкай пасадзе. У красавіку 2009 ён атрымаў 25 гадоў зьняволеньня за датычнасьць да дзейнасьці эскадрону сьмерці, які забіў 15 чалавек і займаўся выкраданьнем людзей. У ліпені 2009 яму дадалі сем з паловай гадоў за прысваеньне грошай незаконным шляхам, калі ён прызнаўся, што заплаціў шэфу спэцыяльных службаў 15 мільёнаў даляраў.

Палітычная кар’ера Фухіморы сапраўды незвычайная. І яна, для чалавека абазнанага зь беларускай палітычнай сытуацыяй, выклікае шмат, так бы мовіць, непазьбежных і натуральных асацыяцый.

Фухіморы нарадзіўся ў 1938 годзе (паводле афіцыйнай вэрсіі — у Ліме; паводле аднае пэруанскае газэты — насамрэч у Японіі, а потым зьмяніў свой акт нараджэньня, каб магчы балятавацца на прэзыдэнцкую пасаду ў Пэру). Ягоныя бацькі былі японскімі эмігрантамі, якія перабраліся ў Пэру ў 1934 годзе. Фухіморы закончыў у Ліме сельскагаспадарчы ўнівэрсытэт, атрымаўшы дыплём агранома.

Перамог сусьветна вядомага пісьменьніка...


У 1990 годзе Фухіморы, на вялікі зьдзіў цэлага сьвету, быў выбраны прэзыдэнтам Пэру, перамогшы на выбарах на абы-каго, а сусьветна вядомага пісьменьніка Мырыё Варгаса Льёсу, якога ўжо колькі гадоў лічаць адным з наймацнейшых кандыдатаў на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі. Фухіморы на тых выбарах пазыцыянаваў сябе як абаронцу найбяднейшых пластоў насельніцтва ды страшыў народ лібэральнай эканамічнай праграмай Льёсы і сувязямі пісьменьніка са стаўленікамі папярэдняга прэзыдэнта, якога людзі моцна неўзьлюбілі.

Прыйшоўшы да ўлады, Фухіморы прыняў такія лібэральныя эканамічныя захады, якія Льёсу нават у самых сьмелых снах ня сьніліся (ня кажучы пра сны народу). Але Фухіморы ўдалося вярнуць эканамічную стабільнасьць у краіне, якая раней пакутавала ад гіпэрінфляцыі.

Падчас свайго першага тэрміну Фухіморы правёў, так бы мовіць, захоп улады ў самога сябе — пры дапамозе арміі ён разагнаў парлямэнт, прыпыніў дзеяньне канстытуцыі і зрабіў чыстку сярод судзьдзяў. Усё гэта адбылося пры вялікай народнай падтрымцы. Народ ухваліў гэты пераварот і новую канстытуцыю на рэфэрэндуме. У 1995 годзе Фухіморы, на хвалі народнай любові, быў перавыбраны прэзыдэнтам. Тады да голасу дайшлі яшчэ мацнейшыя аўтарытарныя тэндэнцыі ў ягоным кіраваньні.

Дэпутаты ў кішэнным парлямэнце ўхвалілі закон аб „дадатковай інтэрпрэтацыі” канстытуцыі, паводле якой Фухіморы можна было балятавацца трэці раз. У 2000 годзе яго нават пераабралі на трэці тэрмін, але тады народ пачаў ужо пратэставаць, асабліва пасьля таго, як пачалі выходзіць на дзённае сьвятло розныя карупцыйныя і палітычныя скандалы, у якіх адну з галоўных роляў іграў „пэруанскі Шэйман” — шэф нацыянальнай выведкі Ўладзімера Мантэсінас.

...але апёкся на хабарах і эскадроне сьмерці

У лістападзе 2000 Фухіморы выехаў на міжнародную канфэрэнцыю і з-за мяжы падаў у адстаўку. Пяць наступных гадоў ён жыў у Японіі, якая адмаўлялася выдаць яго пэруанскім уладам.

Абвінавачаньні ў датычнасьці да забойства людзей прэзыдэнцкім эскадронам сьмерці зьявіліся ў сувязі са змаганьнем ураду з тэрарыстычнымі групоўкамі „Сьвятлісты шлях” і „Тупак Амару”, якія кантралявалі і тэрарызавалі ня менш за чацьвертую частку краіны. Каб разьбіць гэтыя групоўкі, Фухіморы прыняў вельмі жорсткія захады, уключна зь ліквідацыяй падазроных без суду. Ацэнка гэтай дзейнасьці Фухіморы дзеліць пэруанскае грамадзтва — адны хваляць яго за зьнішчэньне тэрарыстаў, іншыя даводзяць, што разам з тэрарыстамі прэзыдэнцкі эскадрон сьмерці зьнішчыў шмат нявінных людзей.

У 2005 годзе, Фухіморы, супраць якога ў Пэру пракуроры адкрылі некалькі крымінальных справаў па фактах карупцыі і парушэньня правоў чалавека, быў затрыманы ў Чылі. Пэру папрасіла ягонай экстрадыцыі, якая, пасьля працяглай судовай працэдуры, наступіла ў верасьні 2007.

Зь цягам часу пэруанцы самі вырашаць, як ім ставіцца да дзесяцігодзьдзя прэзыдэнцтва Альбэрта Фухіморы. Але трэба прызнаць адну несумненную гістарычную заслугу для гэтага народу. Казус Фухіморы — першы ў сусьветнай гісторыі выпадак, калі дэмакратычна выбраны галава дзяржавы быў асуджаны ва ўласнай краіне за парушэньні правоў чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG