Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт у ЭГУ: дэмакратыя альбо аўтарытарызм?


Уваход у ЭГУ
Уваход у ЭГУ
Маладыя выкладчыкі дэпартамэнту паліталягічных навук Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту папярэдзілі пра свой магчымы сыход, калі кіраўніцтва ўнівэрсытэту ня зьменіць палітыкі ў дачыненьні акадэмічных свабодаў. Іх не задаволіла тое, што кіраўнікі праграм не абіраюцца дэмакратычным шляхам, а прызначаюцца.

Кіраўнік дэпартамэнту паліталягічных навук Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сьвятлана Навумава патлумачыла, што гаворка ідзе пра кіраўніка бакаляўрскай праграмы. Гэту пасаду да нядаўняга часу займаў Андрэй Казакевіч, які ўвесну пасьпяхова абараніў у Літве дысэртацыю, ён цяпер доктар паліталягічных навук:

“Пасьля гэтага ён сам адмовіўся ад выкананьня абавязкаў кіраўніка бакаляўрскай праграмы, таму што гэта, як кажуць, „lower qualified“ — паніжэньне ягонага статусу. І паколькі гэта пасада ня выбарная, а на яе прызначаюць, кіраўніцтва дэпартамэнту і кіраўніцтва ўнівэрсытэту прызначыла іншага чалавека. Андрэй Казакевіч і ягоныя паплечнікі палічылі, што гэта парушэньне іх прафэсійных правоў. На мой вялікі жаль”.

Кіраўніком бакаляўрскай праграмы прызначаны Канстанцін Ткачоў, сёлетні выпускнік магістратуры ЭГУ. Паводле словаў кіраўніка дэпартамэнту паліталягічных навук Сьвятланы Навумавай, кіраўнік бакаляўрскай праграмы — гэта мэнэджэр сярэдняга зьвяна, які карэктуе расклад заняткаў, сочыць за прыездам выкладчыкаў.

Новасьпечаны доктар паліталёгіі
Атрымоўваецца, што аўтаноміі, рэальнага самакіраваньня, рэальнай дэмакратыі ў ЭГУ, напэўна, менш, чым у любой беларускай ВНУ.
Андрэй Казакевіч патлумачыў, што маладых выкладчыкаў не задавальняюць не асобныя кандыдатуры, а менавіта мэханізм прызначэньня на пасады, а не выбары. На пытаньне, чаго не хапае ў ЭГУ, Андрэй Казакевіч адказаў так:

“Дэмакратыі. Таму што мы патрабавалі гарантыі акадэмічнага самакіраваньня, то бок магчымасьці, прынамсі, выбіраць куратара нейкай праграмы, каб нашы меркаваньні, прынамсі, улічваліся. А атрымалася, што ўсё дастаткова аўтарытарна. Ну, проста, узялі і прызначылі чалавека. Хаця мне асабіста на пачатку гэтага года абяцалі, што пасьля рэформы ўнівэрсытэту пасады загадчыкаў катэдры, часам кіраўнікоў факультэтаў павінны выбірацца, а потым зацьвярджацца. Канечне, мы чакалі, што гэта ў ЭГУ можа быць. Атрымоўваецца, што аўтаноміі, рэальнага самакіраваньня, рэальнай дэмакратыі ў ЭГУ, напэўна, менш, чым у любой беларускай ВНУ. І вось гэта, канечне, нас вельмі засмучае”.

Сайт “Нашай Нівы” працытаваў сёньня словы выкладчыка дэпартамэнту паліталёгіі Дзяніса Мельянцова: “У ЭГУ маюць месцы праявы аўтарытарызму. Нам прапанавалі сысьці, калі нешта не падабаецца”.

У панядзелак перамовы паміж прыхільнікамі дэмакратычных мэтадаў кіраваньня Андрэем Казакевічам, Дзянісам Мельянцовым і кіраўніцтвам дэпартамэнту працягваліся. Кіраўнік дэпартамэнту паліталёгіі Сьвятлана Навумава выказала такое меркаваньне:

“Адзіны рацыянальны шлях, які я бачу — у нас ад маленькага дэпартамэнту абрана два чалавекі ў Сэнат унівэрсытэту (нас ўсяго восем чалавек). Прычым, маладая выкладчыца Тацяна Чуліцкая — намесьніца старшыні Сэнату, што, на маю думку, вяршыня дэмакратызму. І я кажу: вось празь іх і ўздымайце гэта пытаньне. А то што мы можам — на паседжаньні дэпартамэнту пабубнець і разысьціся? Давайце! Але яны вырашылі абраць нейкі іншы спосаб”.

Канчаткова канфлікт ня вычарпаны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG