Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зрэагуе ўлада на словы Кірыла пра Хатынь і Курапаты?


Меркаваньні дасьледчыкаў гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі Ігара Кузьняцова і Леаніда Маракова.




Патрыярх Маскоўскі і Ўсяе Русі Кірыл 25 верасьня ва ўрачыстай прамове ў Палацы рэспублікі назваў вёску Хатынь і ўрочышча Курапаты сымбалем пакутаў Беларусі.

З нагоды выказваньня патрыярха, дасьледчык гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі Ігар Кузьняцоў сказаў наступнае:

Ігар Кузьняцоў
“Гэтае выказваньне ня новае ў тым пляне, што Кірыл падчас сваіх паездак гэтую тэму закранаў. І ён заўсёды казаў пра тое, што ахвяры нацызму і сталінізму — гэта нашы людзі і ніякай розьніцы паміж імі няма. Акрамя таго, ён сам з сям’і рэпрэсаваных. Таму гэтая тэма для яго знаёмая і прайшла праз ягоную душу.

Але тое, што ён сказаў гэта на нашай тэрыторыі, гэта можна разглядаць як знакавую падзею. Але я штосьці сумняваюся, што наш прэзыдэнт зрэагуе на гэта і бліжэйшым часам наведае Курапаты. Калі тое, што гэта было сказана з вуснаў патрыярха, на нашай тэрыторыі і нашая ўлада на гэта не адрэагуе, то ў гэтым выявяцца яе адносіны і да царквы, і ўвогуле да тых запаведзяў, на якія яна гэтак часта спасылаецца”.

Леанід Маракоў
З нагоды выказваньня патрыярха Кірыла адносна Курапатаў, аўтар кніг па гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі Леанід Маракоў выказаўся гэтак:

“Я яшчэ год дзесяць таму слухаў ягоныя перадачы і ўжо тады ён адрозьніваўся ад людзей, якія былі зь ім у сынодзе і гэтак далей. Ён вельмі адукаваны чалавек і мне падаецца, што ён вельмі правільна сказаў, што Курапаты — гэта сымбаль трагедыі беларускага народа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG