Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку – апазыцыя, потым – Лукашэнка


Напярэдадні візыту кіраўніка Беларусі ў Літву прадстаўнікі літоўскага ўраду сустрэліся зь беларускімі апазыцыйнымі палітыкамі.

Анатоль Лябедзька, старшыня АГП, пасьля сустрэчы зь міністрам замежных спраў Літвы Вігаўдасам Ушацкасам у панядзелак раніцай сказаў, што беларускія апазыцыйныя палітыкі абмяркоўвалі заплянаваны на 16 верасьня візыт кіраўніка Беларусі ў Літву:

Анатоль Лябедзька

“Абсалютна няўдала падабраны дзень. Скраданьне і забойства Віктара Ганчара і сустрэча з Лукашэнкам — ніяк ня склейваюцца гэтыя дзьве падзеі.

Далей, зараз многае залежыць ад таго, які мэсыдж перадасьць прэзыдэнт Літвы для Аляксандра Лукашэнкі. Калі ўсё будзе паводле сцэнара сустрэчы Саляны з Лукашэнкам, калі ў выніку Саляна сказаў, што выяжджае зь Беларусі з аптымізмам, то гэта азначае, што ў Вільні згубіліся каштоўнасныя арыенціры.

Калі прэзыдэнт Літвы выразна скажа пра свабодныя выбары, пра зьніклых палітыкаў, пра палітычных вязьняў, пра тое, што літоўскім бізнэсоўцам патрэбныя ня акцыі, якія знаходзяцца недзе ў стале Лукашэнкі, а зразумелыя, празрыстыя правілы для бізнэсу, то гэта выправіць сытуацыю і можа быць нейкім апраўданьнем гэтай сустрэчы”.

У сустрэчах з прадстаўнікамі ўраду Літвы бралі ўдзел таксама Аляксандар Казулін і Павал Севярынец.

Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Павал Севярынец кажа, што не адчувае зьменаў у стаўленьні афіцыйнай Вільні да беларускай апазыцыі:

Павал Севярынец

“З тых размоў, якія мы мелі ў панядзелак, стала зразумела, што літоўцы, якія дасягнулі сваімі ахвярамі, сваёй крывёй, сваёй верай дэмакратыі і незалежнасьці, цудоўна разумеюць нас. Мы проста роднасныя душы ў гэтым сэнсе”.

Беларускія палітыкі таксама сустрэліся зь літоўскім прэм'ерам і ўзялі ўдзел у дыскусіі ў літоўскім Сойме, прымеркаванай да Міжнароднага дня дэмакратыі (які адзначаецца 15 верасьня).

Андрус Кубілюс, прэм'ер-міністар Літвы, на адкрыцьці дыскусіі ў парлямэнце сказаў:

“Напэўна, адзін з найбольшых выклікаў сучаснасьці — гэта тое, што недэмакратычныя краіны даволі пасьпяхова канкуруюць з дэмакратычнымі краінамі ў эканамічнай сфэры. А для разьвіцьця дэмакратыі вялікай праблемай ёсьць тое, што дэмакратычныя каштоўнасьці, правы чалавека — усё гэта сёньня ня можа быць адзіным прыярытэтам у дачыненьнях паміж краінамі”.

Паводле Аляксандра Казуліна, станоўчыя вынікі дыялёгу зь беларускай уладай для абедзьвюх краін могуць быць толькі ў тым выпадку, калі кіраўніцтва Літвы будзе размаўляць з калегамі зь Беларусі аб праблемах дэмакратыі.

Аляксандар Казулін

“Калі з боку ўраду Літвы і прэзыдэнта Літвы будуць зададзеныя пэўныя пытаньні беларускаму боку і на іх будуць адказы з боку Лукашэнкі, калі пытаньні палітвязьняў — вядома, што ў нас ёсьць палітвязьні, — пытаньні рэпрэсіўнага заканадаўства, выбарчага заканадаўства, пытаньні аб рэгістрацыі БХД, аб Асамблеі няўрадавых арганізацыяў, праваабарончай арганізацыі “Вясна” — будуць узьнятыя і на іх будуць дадзеныя адказы альбо будуць пэўныя зрухі і рашэньні — тады можна сказаць, што гэты візыт быў уплывовы і істотны.

А калі не, калі гэта будзе такім чынам: спадар Лукашэнка прыехаў у Вільню і гэта сталася пачаткам яго легітымізацыі ў будучыні ў Эўропе, у Эўразьвязе, і гэта пачнецца зь Вільні, — то гэта, вядома, будзе вельмі цікавае пытаньне ў будучыні для ўсіх нас”.

Кіраўнік камітэту “За дэмакратычную Беларусь” і віцэ-старшыня камітэту замежных спраў Сойму Літвы сацыял-дэмакрат Юстынас Каросас заўсёды выступаў за дыялёг з афіцыйнай Беларусьсю. Цяпер, калі Літва чакае кіраўніка Беларусі на гэтым тыдні, дэпутат мяркуе, што гэта значны крок наперад у дачыненьнях суседзкіх краін, які паспрыяе і эканоміцы, і дэмакратыі.

Юсьцінас Каросас

“Лічу, што нашыя кантакты з афіцыйнай уладай — і апазыцыяй, само сабой зразумела, — паспрыяюць дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй у самой Беларусі. Мы ў часе кантактаў зь беларускімі ўладамі будзем нагадваць аб праблемах, якія насамрэч у Беларусі існуюць, адносна правоў чалавека і гэтак далей. І гэта мае дапамагчы ўзаемнаму паразуменьню паміж апазыцыяй і ўладамі ў Беларусі”.

Юстынас Каросас таксама адзначыў, што яго вельмі цешыць, што суседзі ўрэшце пачынаюць кантактаваць па-суседзку, і нагадаў, што ў часе візыту А.Лукашэнкі ў Літву, апрача іншага, мае вырашыцца пытаньне адносна спрашчэньня візавага рэжыму ў памежнай зоне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG