Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не пасадзілі, але зьбілі і аштрафавалі


Суд Цэнтральнага раёну Менску кожнага з затрыманых удзельнікаў антырасейскай акцыі пакараў штрафамі.

Нагадаем: 9 верасьня спэцназаўцы жорстка разагналі жывы ланцуг пад лёзунгам: “Не — расейскай акупацыі! Жыве Беларусь!” 19 чалавек адвезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску, зь іх 17 трапілі ў турму на вуліцы Акрэсьціна. Некалькі чалавек зьбілі пасьля затрыманьня.

Некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі ў суд Цэнтральнага раёну Менску, каб падтрымаць удзельнікаў акцыі. Спэцназаўцы спачатку не пускалі людзей нават у калідор. Сытуацыя выправілася толькі пасьля таго, як патэлефанавалі ў Міністэрства юстыцыі, каб там патлумачылі, на якой падставе людзям не дазваляюць ня тое што прысутнічаць на адкрытым судовым паседжаньні, але нават знаходзіцца ў будынку суду.

Віктара Івашкевіча пакаралі штрафам у 350 000 рублёў. Падчас затрыманьня і потым у аўтобусе яго зьбівалі. На твары відавочныя сьляды зьбіцьця.

Віктар Івашкевіч у судовай залі
“Мяне неаднаразова затрымлівалі, але такі нематываваны садызм я бачу ўпершыню. Каб у аўтобусе пачалі зьбіваць?! За ўсе гады на мяне гэтыя маладыя людзі ні разу не падымалі руку. Але вось гэтыя “адмарозкі” зь Пецярбургаў ды зь вёсак паводзілі сябе як фашысты.

Яны самі пра сябе казалі: “Мы “караюшчый орган”“. Самі сябе называлі карнікамі. Потым у міліцыі выставілі тварам да сьцяны. І так мы стаялі больш за 4 гадзіны. Гэта немагчыма расцаніць інакш як катаваньне, бо былі пустыя пакоі, дзе мы маглі б сядзець”.

Рэзка гэта кантрастуе з тым, які асабовы склад быў два гады таму. Сышлі больш сталыя людзі. Панабіралі малалетак з калгасаў ды з Расеі з цалкам адмарожанымі галовамі”.

Аляксандра Атрошчанкава пакаралі штрафам у 15 базавых велічыняў. Спэцназаўцы 9 верасьня выносілі хлопца з Кастрычніцкай плошчы за рукі і за ногі. У судзе яны заявілі, што яму прапанавалі прайсьці ў машыну, і ён самастойна туды сеў.

“Даволі жорстка затрымлівалі. Адзін з афіцэраў сказаў: “Зь ім адпрацуйце жорстка!” Ну, і загад выканалі. Шмат каго зьбівалі ў міліцыі.

Ня памятаю такога брутальнага абыходжаньня. Магу толькі сказаць, што нашы праваахоўныя органы дэградуюць з кожным годам”.

Зьмітра Бандарэнку пакаралі штрафам на 15 базавых велічыняў.

Зьміцер Бандарэнка
“Зьбівалі ў аўтобусе вельмі агрэсіўна. Прычым не цырымоніліся — білі кулакамі па галаве, у твар, кагосьці нагамі. Дзяўчат таксама. Я ня быў ужо некалькі гадоў на Акрэсьціна і пры такіх затрыманьнях. Сыстэма вельмі моцна дэградуе, і спаўзаньне да поўнай фашызацыі могуць спыніць толькі вельмі жорсткія санкцыі”.

На Зьмітра Дашкевіча склалі два пратаколы — за дробнае хуліганства і за непадпарадкаваньне міліцыянтам.

“Такіх брутальных дзеяньняў я раней не сустракаў. Супрацоўнікі міліцыі мужчынскага полу абшуквалі дзяўчат. Калі тыя прасілі паклікаць жанчын, казалі: “Гы-гы-гы. Я не магу вызначыць твой пол”…

Калі афіцэр дазваляе сабе гаварыць: “Так, мы бандыты. Мы карнікі”, то гэта пра многае сьведчыць”.

Спэцназаўцы казалі, што Зьміцер Дашкевіч паводзіў сябе неадэкватна. Ішоў і гучна нецэнзурна лаяўся па вуліцы. Паводле адміністрацыйнага кодэксу яны мусілі паклікаць сьведак такога парушэньня і потым выклікаць іх у суд. Судзьдзя спытала, ці былі сьведкі грубых паводзінаў Дашкевіча, тыя сказалі, што шмат. Далей судзьдзя разьвіваць гэтую тэму ня стала.

Калі ў судовым калідоры сябры Зьмітра спыталі сьведку-спэцназаўца зь Пецярбургу Вадзіма Пічугіна, ці ня сорамна яму было хлусіць, той адказаў, што ўжо прызвычаіўся, маўляў, ня першы раз.

Большасьць пакараных судом удзельнікаў акцыі заявілі, што будуць абскарджваць судовае рашэньне. Праваабаронцы лічаць, што трэба зафіксаваць зьбіцьцё хаця б дзеля маніторынгу парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.


Суд Цэнтральнга раёну Менску пакараў штрафамі


  • Віктара Івашкевіча,
  • Зьмітра Бандарэнку,
  • Аляксандра Атрошчанкава,
  • Зьмітра Дашкевіча,
  • Сержука Карповіча,
  • Радзівона Піражкова,
  • Аліну Радачынскую,
  • Зьмітра Бародку,
  • Антона Койпіша,
  • Максіма Сергійца,
  • Мікіту Краснова,
  • Алесю Якубоўскую,
  • Ірыну Пятрову,
  • Канстанціна Іванова,
  • Уладзімера Лемеша,
  • Аляксея Сянчылу,
  • Андрэя Крэчку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG