Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэры: большасьці яшчэ не дапякло


Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер 4 верасьняю.


Сталы слухач “Свабоды” Мікалай Петрушэнка з Талачына незвычайным фактам працягвае тэму пачатку навучальнага году.

Мікалай Петрушэнка: “У нас чарговы, чацьверты на сёлета, дзіцячы суіцыд. Напярэдадні 1 верасьня хлопчык, які павінен быў пайсьці вучыцца, накрыў галаву цэляфанавым пакетам і, надыхаўшыся ацэтону, загінуў. А па статыстыцы не праходзіць ніводнага суіцыду! Фактам фальсыфікацыі суіцыдаў займаецца пракуратура, тэлефануйце 29803 або 6657010 (МТС)”.

Усё больш прыцягваюць увагу слухачоў прэзыдэнцкія выбары, якія мяркуецца правесьці ў 2012 годзе.

Спадарыня: “У адстаўку ўсіх лукашыстаў! Абабралі народ! Хопіць! Дванаццатага году ня будзе!”

Валер Курневіч з Барысава лічыць: людзі незадаволеныя ня толькі пагаршэньнем умоваў жыцьця, але й перасьледам палітычных апанэнтаў рэжыму.

“Ідзе, час, ідзе,
а зьніклых палітыкаў улада аніяк не знайдзе.
Тады пытаньне стаіць:
Як далей быць?
Колькі часу яшчэ пройдзе,
Покуль да беларуса праўда дойдзе?
Думай, беларус,
Пачашы свой вус!”

Не ў адным тэлефанаваньні згадваецца: на выбарах рэжым па традыцыі найперш разьлічвае на пэнсіянэраў. Ці паўторыцца сытуацыя неўзабаве? Меркаваньні разыходзяцца.

Ганна, Ворша: “Лукашэнка казаў, што ў 2012 годзе будзем жыць, як эўрапейцы. Гэта ўжо пачалася перадвыбарная лухта. Перад апошнімі выбарамі пэнсіі павялічваліся за год 3—4 разы. Памятаюць гэта пэнсіянэры, а як яны цяпер жывуць? Ці будуць зноў чакаць 2012 году і зноў верыць у байкі?”

Cпадарыня: “Уключыла вашу “Свабоду” і пачула прамову нейкай Галіны Аляксандраўны з Магілёва, якая сьцьвярджала, што час Лукашэнкі падыходзіць да канца, таму што частка пэнсіянэраў памерлі. Ворагі Лукашэнкі, ня цешце сябе ілюзіямі!”

Прапаную пракамэнтаваць гэтыя выказваньні грамадзкаму рэдактару тыдня, актывісту зь Ліды Станіславу Судніку.

Станіслаў Суднік: “Ува ўсіх іх, цяперашніх пэнсіянэраў, калі ўзяць вёску, то маленства прайшло ў калгасах, дзе заробак зусім не выплочвалі, пэнсію ўвялі дзесьці ў 1960-х, мізэрную — па-мойму, у памеры сямі рублёў… А гарадзкія памятаюць хрушчоўскую кукурузу, чэргі… Гэтыя людзі памятаюць, як яно было, таму хоць ім і можа шмат што не падабацца — кожны хоча, каб было больш, аднак пры цяперашняй адноснай стабільнасьці будуць цярпець. Большасьці зь іх — не дапякло”.

Нашая радыёаўдыторыя ня толькі дзеліцца сваімі меркаваньнямі наконт актуалій краіны, але й просіць дапамогі ў ацэнцы пэўных сытуацый.

Cпадар: “Пытаньне “Свабодзе”: зь якой мэтай і з чыёй падказкі МЗС, то бок сп.Мартынаў, абвяшчала параду браць візы ў Грузіі, каб патрапіць у Абхазію і Паўднёвую Асэтыю? Такія дыпляматы прыносяць толькі шкоду рэспубліцы!”

Адказвае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

“Парада беларускага МЗС якраз сьведчыць пра тое, што міністэрства клапоціцца пра беларускіх грамадзянаў, якія нейкім чынам могуць апынуцца ў Грузіі. Калі тое адбудзецца (а прэцэдэнты ўжо ёсьць) праз два расейскія пратэктараты, якімі ёсьць Абхазія і Паўднёвая Асэтыя, то яны ўмомант трапяць за краты. Таму шлях у Грузію — выключна праз грузінскіх, а ніяк не расейскіх памежнікаў”.


Нагадваем: тэлефон “Свабоды” у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG