Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах разьвітваюцца з загіблымі лётчыкамі


Генэрал ВПС Польшчы Томаш Драўняк, які кіраваў палётамі ў Радомскім авіясалёне, выступаючы з прамовай пад час жалобнага воінскага рытуалу, назваў беларускіх лётчыкаў героямі.


Разам зь целамі Аляксандра Марфіцкага і Аляксандра Жураўлевіча гэтым спэцрэйсам прыляцеў прадстаўнік ваенна-паветраных сілаў Польшчы і ганаровая варта. Ганаровая варта з Польшчы і прадстаўнік узброеных сілаў засталіся на авіябазе, і ўжо ў горад не патрапілі, а сюды ў горад прыехаў аўтобус, дзе на адмысловым катафалку прывезьлі целы Марфіцкага і Жураўлевіча.

Калі працэсія ехала праз горад, то шмат людзей стаялі літаральна на вуліцах і выказвалі свае спачуваньні. Таксама было безьліч людзей ў дварах перад пад'ездамі, дзе жылі Марфіцкі і Жураўлевіч. Бо іх усе добра ведалі. Фактычна, гэта вайсковыя гарадкі, і вакол жывуць афіцэры. Шмат якія суразмоўцы, з якімі гутарыў наш карэспандэнт, ня толькі добра ведалі пра гэтую падзею, але і асабіста былі знаёмыя з Марфіцкім і Жураўлевічам.

Таму гэтая бяда непасрэдна закранула шмат каго з жыхароў гораду. Зараз труны зь целамі пілётаў знаходзяцца ў іх кватэрах, дзе зь імі разьвітваюцца сваякі. А заўтра а палове 12-ай у гарнізонным клюбе ці, як яго яшчэ называць, Доме афіцэраў, труны будуць выстаўленыя для публічных разьвітаньняў. Пахаваньне пачнецца а 2-ой гадзіне на гарадзкіх могілках.

Разьвітацца зь лётчыкамі зьбіраюцца прыйсьці як дзейныя афіцэры, так і вэтэраны, нават тыя, хто асабіста ня ведаў Марфіцкага і Жураўлевіча. Вайсковая салідарнасьць працуе заўсёды. Адзін зь лётчыкаў, Уладзімер Трухан, які быў папярэднікам Жураўлевіча на пасадзе намесьніка камандзіра 61-ай авіябазы, распавядаў, што раз на 6-7 гадоў здараецца нешта надзвычайнае ў Баранавічах, таму на такое мерапрыемства звычайна ўсе прыходзяць. Бо ўсе лятаюць і ўсе рызыкуюць жыцьцём.

Дарэчы, цікава, што лётчыкі кажуць пра прычыны аварыі. Дапускаюць, што птушка магла патрапіць у рухавік, але большасьць кажа, што гэта ня можа быць асноўнай прычынай. Напрыклад Уладзімер Трухан, які глядзеў відэазапіс аварыі, не выключае, што лётчыкі трохі памыліліся ў ацэнцы сытуацыі, не ўлічылі моцны вецер, не дадалі фарсажу, і самалёту не хапіла моцы пры нізкім манэўры выляцець наверх. Пры гэтым усе адзначаюць, што пілёты былі вельмі прафэсійныя і шмат наляталі — больш за 4 тысячы гадзінаў, што па беларускіх рэаліях — добры паказчык.

Генэрал ВПС Польшчы Томаш Драўняк, які кіраваў палётамі ў Радомскім авіясалёне, выступаючы з прамовай пад час жалобнага воінскага рытуалу па загінулых сказаў: "Гэтыя людзі — героі. Яны ахвяравалі сваім жыцьцём каб выратаваць людзей, што знаходзіліся побач аэрадромам ў Радоме. Інакш як подзьвігам я гэта назваць не магу".

Абвешчана двухдзённая жалоба.

З 70-ых гадоў каля вайсковай часткі, дзе служыў Аляксандр Марфіцкі, стаіць помнік-самалёт загіблым лётчыкам.

Сустрэць труны з лётчыкамі сабраліся ветэраны

Уезд на лётнае поле 61-ай авіябазы, дзе служыў Аляксандр Жураўлевіч.

Катафалк з целамі лётчыкаў уязжае ў горад

Суседзі сабраліся разьвітацца з Жураўлевічам

Сваякі сустракаюць труну

Ганаровая варта

Салдаты нясуць труну з целам лётчыка Жураўлевіча

У двары дома

Варта на пляцоўцы каля кватэры лётчыка

Тут жыў Аляксандар Жураўлевіч

Куток лётчыка

Узнагароды Жураўлевіча

Палкоўнік Аляксандар Марфіцкі

Палкоўнік Аляксандар Марфіцкі ў лётнай форме

Куток памяці Аляксандра Марфіцкага


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG