1 верасьня ўдзельнікі Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс ускладаюць кветкі да магілаў польскіх жаўнераў. Робяць гэта яны разам з супрацоўнікамі генэральнага консульства Польшчы ў Горадні. Гаворыць кіраўнік Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі СПБ Мечыслаў Яскевіч:
“Нам заўжды ў савецкія часы гаварылі, што ІІ сусьветная вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 году. Але ў нас была не гісторыя, а прапаганда. А пачалася вайна насамрэч 1 верасьня 1939 году. Палякі ваявалі супраць фашысцкай Германіі. І ў тым ліку пачалася вайна і ў нашым горадзе, немцы бамбавалі ня толькі Горадню, а таксама Баранавічы, Ваўкавыск, Берасьце. Шмат людзей загінула. У памяць аб гэтых людзях мы ўскладаем кветкі, запальваем сьвечкі, каб такога больш ніколі не паўтарылася”.
У памяшканьні, дзе праводзіць свае мерапрыемствы Саюз палякаў, адкрылася выстава з нагоды ўгодкаў ІІ усясьветнай вайны. Заля гэтая знаходзіцца ў старым будынку былых тытунёвых складоў. Распавядае прэсавы сакратар гэтай арганізацыі Ігар Банцар:
“Досьвед папярэдніх такіх выставаў паказвае, што цяжка знайсьці ў горадзе месца, каб наладзіць іх, таму гэта робіцца ў нас. Што тычыцца самой даты, то 1939 год у Горадні памятаюць. У нас у Саюзе палякаў ёсьць людзі, якія памятаюць дакладна першыя дні верасьня, і для нас гэта важная дата.
Вось, бачыце, гэта адбіткі газэт зь першых дзён вайны”.
“Кур’ер Поранны”, “Вечур Варшаўскі”, “Ілюстрованы кур’ер цодзенны”. А ці ёсьць выданьні гарадзенскія, віленскія? Газэта “Малы дзеньнік” піша пра тое, што немцы бамбардуюць гарады, санаторыі, цягнікі з уцекачамі, цэльлю стала таксама цывільнае насельніцтва -- гэта паведамленьне штабу галоўнакамандуючага польскай арміі”.