Кіраўнік рабочай групы Леў Марголін паведаміў, што само палажэньне плянуецца зацьвердзіць да 15 верасьня.
“Мы мяркуем, што кожная арганізацыя павінна разгледзець працэдуру і ўхваліць. Таму што ў рабочай групы няма інструмэнта, каб прымусіць нейкую арганізацыю ўдзельнічаць у гэтай справе, калі ёй не спадабаецца працэдура”, — паведаміў Марголін.
Паводле ягоных словаў, пазьней павінен адбыцца агульны сход, які канчаткова зацьвердзіць працэдуру і дасьць старт кампаніі.
Канчатковы тэкст дакумэнту пакуль даступны толькі для арганізацыяў-удзельніцаў рабочай групы, паведамляе прэсавая служба АДС.
Аднак, запэўнівае Марголін, крытэры для рэгістрацыі прэтэндэнтаў, сама працэдура выбараў і тэрміны кампаніі не зьмяніліся.
Да прэтэндэнта на ролю адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў выставяць наступныя патрабаваньні:
- каб валодаў абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі;
- каб зрабіў публічную заяву пра тое, чаму Лукашэнка ня можа быць прэзыдэнтам;
- каб унёс грашовае ахвяраваньне ў агульны фонд інфармацыйнай падтрымкі;
- каб у выпадку абраньня адзіным кандыдатам вёў працу да канца.
Пачатак кампаніі заплянаваны на 1 кастрычніка 2009 году.
Галасаваньне адбудзецца ў красавіку 2010 году.