Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Новая АЭС можа быць страшней за Чарнобыль"


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 20 жніўня, чацьвер.

Будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі — адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў “Свабоды”:

Спадар: “Пачуў пра пабудову станцыі атамнай, і будуць яе будаваць, вядома, расейцы. Паліва свайго ў нас няма. І дзе мы яго будзем браць, адкуль завозіць? І хто нам як яе пабудуе? Гэта можа быць страшней за Чарнобыль, дарагія мае. Хай Эўропа думае, пакуль ня позна. Гэта калі сантэхніку ня могуць адрамантаваць паўгода, пра якую станцыю мы можам думаць? Цывілізацыя тады добра, калі ў культурным узроўні, выхаваньні. А ён выхаваньне і культуру абрэзаў як мага, спусьціў яе на тармазы першых пяцігодак”.

Аварыя на Саяна-Шушанскай ГЭС у Расеі, якая сталася прычынай гібелі людзей — тэма наступнага тэлефанаваньня:

Спадарыня: “Лёс Саяна-Шушанскай ГЭС — гэта лёс Расеі. Не дарма кажуць: што пасееш, тое і пажнеш. Занадта шмат Пуцін, а за апошні год у тандэме зь Мядзьведзевым пасеялі зла, за якое будзе пакутаваць мірнае насельніцтва”.

Далей выказваньне на тэму становішча беларускай мовы ў Беларусі:

Спадарыня: “Хачу сказаць наконт таго, што абвінавачваюць нас, беларусаў, у тым, што мы ня ведаем сваёй беларускай мовы. Зразумейце адну простую рэч: гэта ня нашая віна. Проста рускую мову зь дзяцінства лепш ведаем. Таму што ніколі не было трэба пры саўковай ідэалёгіі размаўляць на сваёй мове, і не лічыўся ты неадукаваным і адсталым. І цяпер нам сорамна, што мы ня ведаем, але гэта плён саўковай псыхалёгіі і мэнталітэту савецкага, які нам убівалі”.

Працягваем праграму іншымі выказваньнямі:

Спадар Ільля Копыл: “19 жніўня Свабода правяла апытаньне: “Чым памятная гэтая дата?” Для мяне асабіста гэтая дата трагічная. 19 жніўня 1945 году ў далёкай Маньчжурыі ў вайне зь Японіяй загінуў мой тата. Яму было 50 гадоў”.

Спадар: “Маё такое меркаваньне: калі б па нашым тэлебачаньні давалі хаця б 2 гадзіны часу на суткі незалежным журналістам, то не было б такога бязладзьдзя, калі дзясяткі год прадпрыемствы працуюць на склад — і ніякай рэалізацыі, грошы выкідваюцца на вецер. І што пра гэта казаць? Дзяржаўныя журналісты толькі паказваюць добрае, а кепскага нічога ня здольныя паказаць. Наогул, нас заўсёды дураць, а толку ніякага. А потым спахопліваюцца — і пайшло-паехала, вінаваты стрэлачнікі, а не кіраўнікі дзяржавы”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG